Марціновіч: 5 правілаў анлайн-адукацыі, якія давядзецца засвоіць Мінаду
01.05.2020

Марціновіч: 5 правілаў анлайн-адукацыі, якія давядзецца засвоіць Мінаду

Віктар Марціновіч з пазіцый выкладчыка дзеліцца ўласным досведам дыстанцыйнага навучання, якое ўжо даўно практыкуецца ў ЕГУ.

Хацеў бы падкрэсліць: я таксама Zoom-песіміст.

Я таксама лічу, што няма нічога каштоўнейшага за жывы кантакт паміж выкладчыкам і студэнтам. Калі няма сітуацыі «вочы ў вочы», адукацыя мае ўсе шансы ператварыцца ў імітацыю і падман.

Але вось і Насім Талеб (які сам па сабе не вялікі аўтарытэт, але ён з тых нешматлікіх, што 5 гадоў таму прадбачылі найвялікшым выклікам для эканомікі менавіта эпідэмію) кажа, што традыцыйнай адукацыі пасля пандэміі можа проста не застацца. Што найвялікшай зменай, якую прыносіць каронавірус, ёсць адмова ад любых фізічных кантактаў у школе і ўніверсітэце.

ЕГУ засвоіў Moodle, Zoom і BlueJeans, калі ніхто пра гэтыя праграмы асабліва не ведаў.

Мы былі піянерамі.

Сітуацыя адарванасці выкладчыкаў і студэнтаў ад сталага месца жыхарства змусіла абжываць будучыню, калі пра контуры той будучыні ніхто і не задумваўся. Цяпер прыемна атрымліваць падзякі ад калегаў самай прэстыжнай у свеце ўстановы liberal arts education, амерыканскага Bard College, у партнёрстве з якім наш універсітэт вядзе некалькі сумесных курсаў (на пазамінулым тыдні ў маіх студэнтаў былі цікавыя жывыя дэбаты па курсе Nations and Nationalism з Bard Berlin і AUCA).

Цяпер, калі парады Сусветнай арганізацыі аховы здароўя адносна неадкладнага пераходу на дыстанс у Беларусі зрабіліся больш настойлівымі, калі да іх далучылася і прадстаўніцтва ААН, прытрымлівацца ранейшай пазіцыі і не перасварыцца з усім светам (у тым ліку з патэнцыйнымі крэдыторамі) Беларусі ўжо немагчыма.

Мама выпускницы – министру образования: Вы ставите нас перед выбором: здоровье ребенка или оценки

То вось некалькі парадаў.

1.«Праверка ведаў» больш немагчымая. Дыстанс — гэта фармат, калі перад вачыма студэнтаў і школьніка — экран, а пад рукой — клава. Пракантраляваць, ці не лезе ён у Google шукаць адказ на пытанне, у якім годзе нарадзіўся Янка Купала, тэхналагічна немагчыма. А сучасная моладзь — вельмі спецыфічныя людзі. Ніхто дагэтуль не меў такіх магчымасцяў ведаць усё і не ведаў пры гэтым анічога! То замест «праверкі ведаў» дзейнасць выкладчыка і настаўніка мусіць сканцэнтравацца на прапанове іх інтэрпрэтацыі. З Google лёгка даведацца, хто ўдзельнічаў у бітве пад Оршай, але немагчыма хутка даведацца, як бы прайшла тая бітва, калі б ВКЛ узначальваў Міндоўг.

Беларускі дыстант: нараджэньне ў пакутах

2. «Прысутнасць» вучняў вымяраецца ў сеціве зусім інакш: мікрафоны ў Zoom і Bluejeans даводзіцца адключаць, бо яны даюць вялікія шумы, уключаныя камеры вядуць да лагаў. То выкладчыку даводзіцца камунікаваць з чорнымі прастакутнікамі, якія ажываюць толькі пасля простых і адрасных пытанняў. Гэта вядзе да таго, што большасць часу ты быццам размаўляеш сам з сабой, бачыш на экране толькі свой твар. Чым займаюцца слухачы, ці не гуляюцца яны там у Dota 2 — вялікае пытанне. Адсюль несувымерная колькасць высілкаў, патрэбных для таго, каб «заставацца цікавым».

3. Рыхтуйцеся да тэкставай навалы. Наогул, у сеціве працуеш значна больш. Колькасць гадзін, якія даводзіцца прысвячаць рабоце па-за працоўным графікам, павялічваецца як колькасць хворых на каранавірус у Беларусі вось проста цяпер. Калі ўсе заданні інтэрпрэтацыйныя, іх трэба ўважліва чытаць. Даючы пры гэтым разгорнутыя пісаныя каменты. Як і прадказваў Умбэрта Эка ў часы, калі ўсім навакол падавалася, што будучыня інтэрнэту — за відосамі, інтэрнэт застаецца тэкставай з’явай.

4. Бясплатная версія Zoom — гэта пекла. У мяне асабіста сарваліся чатыры пары праз карыстанне гэтай штучкай. Раней, калі Zoom быў нікому не цікавы, адзіным непрынцыповым абмежаваннем trial-версіі было тое, што праз кожныя 40 хвілін трэба было адключацца і падключацца наноў. Пасля таго як да Zoom падлучылася ўся планета, праграма пачала змушаць карыстальнікаў набываць платныя акаўнты. З «прыколаў» Zoom часоў апакаліпсісу — неабходнасць загадзя рэгістраваць запланаваныя заняткі. І калі лекцыя ўжо ўнесеная ў каляндар, Zoom вырашае сінхранізавацца з часам у Лос-Анжэлесе ці Берліне (ці іншым горадзе, з якога ты заходзіў у свой акаўнт Google) і ў выніку, калі трэба пачынаць заняткі, сістэма гасцінна кажа, што яны ці то яшчэ не пачаліся, ці то ўжо скончыліся. З працаздольных бясплатных замяняльнікаў Zoom магу параіць Jitsi Meet: там толькі трэба мець Chrome у якасці браўзера.

5. Канчатковая эрозія ролі настаўніка. Гэта пачалося, калі прафесура страціла манаполію на веды, але цяпер пагоршылася праз фармат анлайн-платформаў. Дызайн Zoom, BlueJeans і Jitsi зроблены такім чынам, што аніякіх іерархій у ім не застаецца, усе роўныя, чутно і бачна таго, хто гаворыць. Наступствам тут ёсць адчувальнае выпячванне пасрэднасці, несучы бздуру, студэнт ці вучань страчвае «адчуванне класа», не бачыць мікрарэакцый і мімікі астатніх. Як ні дзіўна, але гэта не вядзе да скасавання патрэбы ў ведах: Google — месца, дзе можна знайсці любыя адказы на любыя пытанні, у тым ліку адказы памылковыя. Чалавек, які сапраўды нешта ведае, робіцца яшчэ больш важным. Але толькі для той часткі класа, якая імкнецца да ведаў. У астатніх застаюцца індывідуальныя чаты, у якіх можна паралельна паджартоўваць над «Мар’яй Іванаўнай», будучы ўпэўненымі ў тым, што яна гэтых пісулек не пабачыць.

Беларуская сістэма адметная тым, што з усіх сіл намагаецца жыць «як было да». Раньш яна трымалася рытуалаў савецкай набрыдзі, цяпер чапляецца за тую «нармальнасць», да якой прызвычаілася падчас дарагой нафты. Калі б сітуацыя ў свеце (і ўнутры Беларусі!) была больш бяспечнай, сюды можна было б вазіць экскурсіі тых, хто настальгуе па свеце «да каранавіруса». Але былой «нормы» не будзе. Будучыня ўжо тут. Чым хутчэй Мінад пачне адаптавацца, тым менш абітурыентаў будзе збягаць за мяжу, хапаючыся за Вільню, Прагу ці Берлін як за апошні квіток на Ноеў каўчэг.

Дистанционка для школ за 1,5 млн провалилась. Преподаватель объясняет почему

Последнее в рубрике