Малдова абагнала Беларусь па заробках
16.03.2021
Фото: Белгазета

Малдова абагнала Беларусь па заробках

На якія грошы рэальна жывуць беларусы.

Падлічыла Радыё Свабода.

45,5% беларусаў жывуць менш як на 193 даляры ў месяц. Гэта лічбы афіцыйнай статыстыкі.

1290 рублёў — такі сярэдні заробак дае афіцыйная статыстыка па Беларусі ў студзені. Гэта намінальны налічаны сярэдні заробак, то бок бяз выплаты ўнёскаў і падаткаў, так званае брута. Па сярэднім курсе за студзень — гэта 503 даляры.

Сярэдні заробак па краіне ўлічвае і самыя вялікія, і самыя нізкія заробкі, у выніку дае сярэднюю велічыню. Але ў рэальнасьці асноўная маса беларусаў жыве на нашмат меншыя грошы.

Толькі 8,7% маюць на месяц 411 даляраў і больш

Белстат апублікаваў статыстыку па сярэднедушавых рэсурсах беларусаў на месяц. Гэта выбарачнае дасьледаваньне хатніх гаспадарак, якое ўключае ў сябе людзей усіх узростаў (тых, хто не працуе — таксама).

Паводле гэтага дасьледаваньня, 45,5% беларусаў маюць на месяц менш, чым 500 рублёў, або 193 даляры. Гэта 4,2 мільёна чалавек.

1,5% беларусаў маюць даход меншы, чым 200 рублёў на месяц, 2,6% — меншы, чым 300 рублёў. І толькі 8,7% маюць даход, большы за 1000 рублёў або 411 даляраў.

Іншае афіцыйнае дасьледаваньне кажа пра сумы, на якія жыве сям’я ў месяц. Паводле яго, у сярэднім адна хатняя гаспадарка (сям’я) мае 1458,9 рубля на месяц. У сям’і можа быць і адзін чалавек, але часьцей больш. Найменшы даход сем’і маюць у сельскай мясцовасьці — 1207,7 рубля на месяц.

Сярэдні расход на месяц на адну гаспадарку — 1391,2 рубля, найбольш з гэтага (73,9%) людзі трацяць на спажывецкія расходы: харчаваньне, вопратка, аплата паслуг.

Для параўнаньня, сярэдні даход сям’і ў Нямеччыне (дасьледаваньне 2018 году, робіцца раз на 5 гадоў) — 3726 эўра на месяц, сярэднія траты — 2704 эўра. На чацьвёртым месцы па тратах, пасьля аплаты жыльля, транспарту і харчаваньня, — забавы і адпачынак.

Доўгі час афіцыйныя ўлады Беларусі ганарыліся сярэднім заробкам 500 даляраў, які намінальна «па сярэдняму» ўсё ж выходзіць паводле афіцыйнай статыстыкі. І ў параўнаньні з такімі краінамі, як Малдова і Ўкраіна, гэта глядзелася няблага.

Напрыклад, у 2018 годзе сярэдні заробак у Беларусі быў 420 даляраў, у Малдове — 245, ва Ўкраіне — 180.

Але цяпер Малдова перагнала Беларусь па сярэднім заробку: 520 даляраў у рэальным сэктары напрыканцы 2020 году (у Беларусі — 503 даляры). Ва Ўкраіне сярэдні заробак набліжаецца да 500 даляраў (444 даляры ў студзені).

Последнее в рубрике