Міхаіл Волчак: Беларусы пазнаюцца ў чарзе
29.06.2020

Міхаіл Волчак: Беларусы пазнаюцца ў чарзе

Сацыятэхнік, грамадскі актывіст, пчаляр Міхаіл Волчак напісаў дасціпны тэкст пра метафізіку беларускай чаргі.

Чарга — спосаб дайсці да мэты. Паслядоўна. Нехта павінен быць наперадзе і атрымаць сваё перад табой. Пасля і вы атрымліваеце сваё і такім чынам вызваляецеся ад ношы — быць у чарзе.

У чарзе вы вучыцеся сачыць за іншымі. У чарзе з’яўляецца час падумаць, паслухаць адно аднаго. Чарга вучыць слухаць, глядзець, назіраць.

Чарга — настаўнік, прыклад. Нехта павінен зрабіць дзеянне перад вамі. Атрымаць бутэльку вады, паставіць подпіс, набыць прыемны сувенір ці вопратку ці дастаяцца да чаканай дапамогі ў паліклініцы. Бывае чарга па кватэру.

Хаця вы не першы, вы верыце, што атрымаеце жаданае, нешта зменіце ў сваім жыцці. Палепшыце. Таму чарга можа паляпшаць і даваць надзею.

Чарга — этас. Яна мае свае паводзіны. Структуру. Трэба запытаць, хто апошні, калі далучаешся, і адказаць наступнаму, што вы апошні. Трэба прыняць да ўвагі, калі нехта адлучаецца ад чаргі.

Калі нехта адыходзіць перад вамі, вам важна ўхапіцца за наступнае звяно, каб не згубіць ніць, якая вядзе да мэты. Калі нехта пасля вас адыходзіць на час, важна сказаць, што вы прызналі чалавека, калі ён зноў вернецца. Таму чарга трэніруе памяць і прызнанне сярод свайго пакалення.

Беларусы пазнаюцца ў чарзе.

Прызнанне сябе апошнім у чарзе выпрабоўвае псіхіку людзей, якія хочуць быць першымі. Таму ў чарзе няма лідара, які вядзе. Ён знішчаецца прызнаннем чакання свайго за іншым. У чарзе ёсць звязнасць і ўраўноўванне. Чарга можа быць салідарная, але чарга пасіўная. Чарга мае памяць, але фальклор.

Памяць чаргі заканчваецца разам з чаргой.

Хаця вы нахіляеце галаву над сваім гаджэтам ці пагружаецеся ў думкі, падказваючы, што вы не тут, або часова... урэшце вы прымаеце правілы гульні.

У чарзе атрымліваеце адчуванне бяспекі.

Калі спрабуеце пераскокнуць чаргу, вас будуць ганьбіць ці, як мінімум, адгукнуцца негатыўна. Калі нехта просіць прапусціць у чарзе, вы абураецеся. Рэдка згаджаецеся, але тады іншыя абавязкова абураюцца. Часта моўчкі.

Чарга — гэта выпрабаванне. Яна гартуе павагу і цярпенне. Чарга раскрывае слабасць або нахабства. А нахабства не паважаюць беларусы. Калі змог адстаяць у чарзе — значыць, свой, значыць, умееш трываць і боль і трымаць свае жаданні, значыць, не выдзяляешся, такі, як усе. Супольнасць прымае праз чаргу.

Так, беларусы пазнаюцца ў чарзе.

Чарга бывае крутая або прамая. Сціснутая або расцягнутая як ланцуг. Кароткая або доўгая, ледзь не бясконцая. Але чарга заўсёды мае пачатак і канец.

Чарга ставіць кожнага перад этычным выбарам: быць ці мець. Спалучае жаданне быць супольнасцю і атрымаць сваё. Нават калі гэта не прагаворанае, чарга робіць справу. Яднае ў патрэбе. Мець. Але як толькі трапляеш у чаргу, «быць» становіцца галоўным. Бо ў чарзе кожнаму патрэбнае прызнанне.

Чарга мае мэту. Мэта чаргі — задаволіць усіх, але паслядоўна.

Нават жаданне свабоды беларусы рэалізуюць праз чаргу.

Чарга вельмі павольная, яна не спяшаецца, яна расцягваецца, і ў чаканні можна пракруціць сотні думак, перажыць сотні эмоцый, роляў у галаве.

Чарга забірае час, жыццё. Вы проста стаіце. Адзін глядзіць у спіну іншаму, бачыць толькі тых, хто наперадзе. Вядома, часам можна азірнуцца і паглядзець, ці не апошні вы ў чарзе. Гэта жаданая палёгка — ведаць, што нехта за табой, значыць, ты не апошні і, значыць, больш надзеі, што спраўдзіцца мара дастаяць, выстаяць, атрымаць свой кавалак. Бо тыя, хто за табой, маюць не менш імпэту атрымаць жаданае, але правіла чаргі прытрымліваюцца. На гэтым трымаецца вера, што магчыма здабыць кавалачак шчасця. Толькі трэба пачакаць. У чарзе. З іншымі, за іншымі.

Чым бліжэй вы да пачатку чаргі, да мэты, тым бліжэй чарга да завяршэння свайго жыцця, памяці і гісторыі. Таму чарга мусіць быць доўгай, каб падаўжаць сваё жыццё і выконваць свае функцыі.

У часы сацыяльных узрушэнняў чарга дае шанец той самай камунікацыі пра набалелае. Выпусціць пар. Камунікацыя, якая раней адбывалася на кухні, цяпер выйшла на вуліцы. Таму чарга ў беларускім сэнсе — з’ява палітычная. Яна стварае камунікацыю і еднасць. Паказвае: «нас шмат».

Чарга — гэта палітычнае. Яна канцэнтруе пастаўленыя пытанні ў масах. Чарга — як фаланга.

Чарга — гэта антытэза партызанскаму мысленню. Яна агаляе, робіць ледзь не бездапаможным кожнага паасобку, але разам чарга — устойлівая з’ява. Чарга можа аб’ядноўваць у жаданні роўнасці. Але чарга таксама можа паказваць безнадзейнасць і нейкую наканаванасць, прадвызначанасць. Няма інакш, ёсць толькі так.

Прыбраць чаргу ў сучаснага беларуса — страціць калектыўны розум. Павялічыць дыстанцыю. Зменшыць сацыяльную інтэграцыю і спыніць ход часу. Бо ў чарзе людзі як бы падганяюць адно аднаго, прымушаюць рухацца наперад. Не даюць магчымасці спыніцца, адысці ўбок — проста таму, што згубіцца ланцуг, згубіцца сувязь. Настане хаос. А людзі баяцца хаосу. Таму трэба трымацца сваёй чаргі. Усім. Тады будзе і грамадства, і супольнасць, будзе згода.

Беларусы пазнаюцца ў чарзе.

Последнее в рубрике