Людзі ў Беларусі прывучаныя да крызісаў і не бягуць праз кожную драбязу спусташаць крамы — экспэрт
16.03.2020
Юры Дракахруст, Радыё Свабода

Людзі ў Беларусі прывучаныя да крызісаў і не бягуць праз кожную драбязу спусташаць крамы — экспэрт

Ці слушна робіць улада, што не сьпяшаецца ўводзіць жорсткія абмежаваньні ў сувязі з пандэміяй? Як на гэта рэагуе грамадзтва? Ці ўмацоўвае каранавірус аўтарытарызм? Якія асаблівасьці беларускай рэакцыі на пандэмію? Ці назіраецца ў сувязі з выклікам каранавірусу самаарганізацыя грамадзтва?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць аглядальнікі Свабоды Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Дзеяньні ўладаў — як пасьля Чарнобылю

Дракахруст: Гэты выклік — ня толькі вельмі небясьпечны, але і нязвыклы. Дэвальвацыі, гандлёвыя войны, эканамічныя абвалы — гэта было і нядаўна і не адзін раз. Больш-менш зразумела, як рэагаваць, прынамсі, ёсьць досьвед. А тут сытуацыя ў нечым параўнальная з Чарнобылем.

Алексіевіч у «Чарнобыльскай малітве» зьвяртала ўвагу на гэтую неадпаведнасьць рэакцыяў — вайна не вайна, сьмяротная небясьпека ад звыклых рэчаў — паветра, глебы, лесу. Тое самае ў пэўным сэнсе і цяпер.

Падабенства з Чарнобылем — і ў рэакцыі беларускіх уладаў. Карантынныя захады шмат у якіх краінах, у тым ліку і ў суседзяў Беларусі — больш жорсткія, больш рашучыя. А ў Беларусі — як у 1986 годзе: галоўнае, каб не было панікі, няма чаго разьдзімаць пагрозу, важна не перарэагаваць.

У нядзелю Міністэрства аховы здароўя выступіла зь вельмі эмацыйнай, некаторыя кажуць — гістэрычнай, заявай наконт таго, чаму ня трэба ўводзіць абмежаваньні, чаму ня трэба закрываць мяжу, чаму ня трэба школьнікаў і студэнтаў адпраўляць дадому са школаў і ВНУ.

Але, можа, у дадзенай сытуацыі такая рэакцыя і слушная? Гучаць галасы, што пагроза разьдзмутая, маўляў, ад звычайнага грыпу памірае больш людзей, навошта ж усю краіну ператвараць у карантынны бокс?

Маё пытаньне — пра рэакцыю беларускага грамадзтва. Як яно ўспрымае тое, што ў краіне ня ўводзіцца надзвычайнае становішча, павальны карантын, не зачыняюць школы і ўнівэрсытэты?

Карбалевіч: Думаю, ацаніць правільнасьць ці няправільнасьць дзеяньняў улады можна будзе толькі постфактум, пасьля таго, як гэтыя драматычныя падзеі стануць фактам гісторыі.

Спачатку пра рэакцыю ўлады. Яна выцякае з той філязофіі, якую вызнае дзейны рэжым. Галоўнае ў краіне — не асобны чалавек, а дзяржава. А ў дзяржаве павінен быць парадак. Паніка і парадак — рэчы несумяшчальныя.

Другі момант. Перавага Беларусі, з гледзішча ўладаў, палягае ў тым, што тут дзяржава кантралюе ўсё. Таму ўлады лёгка і хутка здольныя ўзяць любую сытуацыю пад кантроль. І з гэтага гледзішча няма неабходнасьці забягаць наперад.

І яшчэ. Лукашэнка ў стаўленьні да значных сусьветных падзей кіруецца кансьпіралягічнай лёгікай. Калі здараюцца нейкія забурэньні сусьветнага маштабу, то, як ён лічыць, за гэтым стаіць, яго арганізавала нейкая закуліса. Хто прычыніўся да распаду СССР, «каляровых рэвалюцый»? Ну вядома ж Захад. Хто арганізаваў фінансавы крызіс 2008-2009 гадоў — пэўныя фінансавыя колы. Калі дзясятак гадоў таму па сьвеце пашыраўся птушыны грып, Лукашэнка камэнтаваў гэта такім чынам, што, маўляў, фармацэўтычныя кампаніі штучна разьдзімаюць ажыятаж і паніку, каб зарабіць горшы на леках. Думаю, нейкае падобнае бачаньне сытуацыі ў яго і цяпер.

А рэакцыя беларускага грамадзтва стандартная. Яна адлюстроўвае глыбокі раскол беларускага грамадзтва ў любым пытаньні. Даволі значная частка людзей, апазыцыйна настроеных, крытыкуюць улады, што б тыя ні рабілі. Асабліва карыстаючыся сацыяльнымі сеткамі.

А іншая, таксама значная частка грамадзтва вызнае звыклы беларускі фаталізм, кіруючыся прынцыпам, добра сфармуляваным у вядомым анэкдоце пра беларуса: а можа так і трэба?

Цыганкоў: Калі казаць пра рэакцыю ўладаў, можна адзначыць, што яна ў значнай ступені вызначаецца той мантрай стабільнасьці, якая пануе ў беларускіх уладаў, што б ні адбывалася. Мы бачым, што і дзяржаўныя СМІ вельмі мала кажуць пра каранавірус, і сам Лукашэнка выказваецца ў тым сэнсе, што ў нас усё спакойна.

Другі матыў — гэта сапраўды фінансавы, матэрыяльны, любыя жорсткія захады запатрабуюць дадатковага фінансаваньня. У эўрапейскіх краінах на гэта ідуць, бо там першаснае — гэта здароўе і жыцьцё грамадзян, у Беларусі далёка не заўсёды. Дарэчы, у якасьці рэмаркі адзначу, што і сусьветная рэакцыя не заўсёды аднолькавая. Ёсьць эўрапейскія краіны, такія як Швайцарыя і Швэцыя, якія не ідуць на татальны карантын. Але ўсё ж пераважае іншая лёгіка, і Польшча, дзе на душу насельніцтва хворых менш, чым у Беларусі, ужо ўвяла карантын, а Беларусь пакуль не зьбіраецца.

І нават калі ўявіць, што няма ніякай гістэрыі ў СМІ і сацсетках, дзяржава, як мне падаецца, ужо цяпер дзеля прадухіленьня пашырэньня пандэміі, павінна прыняць больш рашучыя захады дзеля сацыяльнай ізаляцыі.

Калі ўвядуць карантын?

Дракахруст: На ваш погляд, што будзе трыгерам для больш рашучых дзеяньняў — рэзкі рост выпадкаў захворваньня (сотні і тысячы), першая сьмерць, даволі вялікая колькасьць сьмерцяў?

Карбалевіч: Безумоўна, сьмерці. Зьвярніце ўвагу, якая рэзкая рэакцыя была на памылковае паведамленьне расейскага тэлеканалу пра сьмерць ад каранавірусу ў Беларусі. З абвяржэньнем выступілі і Міністэрства аховы здароў’я, і МЗС. З гледзішча афіцыйнага беларускага ідэалягічнага канструкту, сапраўдныя правы чалавека — гэта не палітычныя ці грамадзянскія правы, а сацыяльныя правы, сацыяльная абарона, права на жыцьцё, на працу, на адукацыю і ахову здароўя.

Вось у апошняй перадачы ў «Клюбе рэдактараў» на БТ-1 рэдактары дзяржаўных мэдыяў доўга пераконвалі гледачоў, што беларуская мэдыцына, сыстэма аховы здароўя мае вялікія перавагі перад заходняй, дзе, нібыта, дапамогу аказваюць толькі за грошы. Таму сьмерці ад каранавірусу будуць балючым ударам і па сыстэме аховы здароўя, і па аўтарытэце ўладаў. Тады і пачнуцца рашучыя дзеяньні.

Цыганкоў: Мне падаецца, улады вымушаныя будуць увесьці карантын, калі зьявяцца нават не адзінкавыя, а дзясяткі выпадкаў летальнага сыходу, або калі колькасьць хворых будзе вылічацца тысячамі. Тады не застанецца ніякага выйсьця, акрамя як увесьці карантын — хочацца верыць, што ўлады ня будуць упарціцца да апошняга. І ў афіцыйных структураў будзе даволі ўнівэрсальная адгаворка — «мы, маўляў, робім так, як ва ўсім сьвеце».

Мне падаецца, для ўладаў гэта ў любым выпадку ня вельмі выйгрышная сытуацыя. Апанэнты, людзі апазыцыйныя, не пахваляць уладу, што б яна ні рабіла, ніякія крокі ўладаў іх не пераканаюць. Людзі больш памяркоўныя таксама ў гэтай сытуацыі знойдуць больш падставаў для крытыкі, чым для ўхваленьня.

Крызіс каранавірусу — аргумэнт на карысьць аўтарытарызму?

Дракахруст: Ці стане пандэмія каранавірусу для беларусаў аргумэнтам на карысьць аўтарытарызму? Відавочна, што пандэмія вымагае шмат рашэньняў і дзеяньняў менавіта ад дзяржавы. Ці ўмацуе гэта веру беларусаў у дзяржаву, у тое, што яна вырашае і мусіць вырашаць усё? Практычнае пытаньне — аўтарытэт дзяржавы, падтрымка асабіста Лукашэнкі павялічыцца?

Карбалевіч: Найперш, Лукашэнка скарыстаецца каранавірусам, ягоным адмоўным уплывам на сусьветную эканоміку, каб сьпісаць на яго ўсе свае эканамічныя правалы.

Што тычыцца стаўленьня на дзяржавы. У беларускім соцыюме парадаксальным чынам адначасова сумяшчаецца пэўнае абагаўленьне дзяржавы, надзея на яе, асабліва ў крытычнай сытуацыі, зь недаверам да ўлады. Я сам чуў, як людзі кажуць, што ўлады маняць, што колькасьць захварэлых значна больш, чым афіцыйна абвяшчаюць. Людзі настолькі прызвычаіліся, што ўлады хаваюць праўду, што нават у цяперашняй сытуацыі, калі Міністэрства аховы здароўя паводзіць сябе даволі адэкватна, адкрыта, празрыста, яме далёка ня ўсе вераць. Наконт росту аўтарытэту Лукашэнкі. Усё будзе залежаць ад колькасьці сьмерцяў, ад таго, якія маштабы прыме хвароба ў Беларусі, як будуць рэагаваць улады.

Дракахруст: Калі беларусы зьмяталі тавары з крамаў падчас дэвальвацыяў і эканамічных крызісаў, некаторыя казалі — дзікуны, неэўрапейцы, маўляў, у цывілізаваных краінах людзі так сябе не паводзяць. Цяпер мы бачым, што людзі ў крытычных і незразумелых сытуацыях паводзяць сябе па ўсім сьвеце прыкладна аднолькава: харчы і туалетную паперу зносяць з крамаў і ў Чэхіі, і ў Амэрыцы, напрыклад. Дык дзікуны, атрымліваецца, усе — увесь род чалавечы?

Цыганкоў: Калі людзі кідаюцца ў крамы і купляюць рэчы, якія, як ім падаецца, могуць зьнікнуць — я ня бачу ніякіх падставаў называць гэтых людзей дзікунамі, гэта даволі рацыянальныя паводзіны. Так, магчыма, яны перастрахоўваюцца, але гэта можна зразумець — што калі сапраўды зачыняць ня толькі рэстараны і кавярні, але яшчэ і крамы? Або дастаўка тавараў у крамы альбо да спажыўца перастане працаваць. Нічога дзікунскага ня бачу.

Тым больш, што ў заходніх краінах не было нічога падобнага на тое, што было ў Беларусі ў 90-я або падчас дэвальвацыяў. Людзі ў Беларусі даўно прывучаныя да крызісаў і не бягуць праз кожную драбязу спусташаць крамы. Для беларусаў каранавірус — яшчэ не настолькі страшная нагода, каб вымятаць прадукты з крамаў. Ну, а для чэхаў ці італьянцаў гэта ўжо нечуваная катастрофа — таму яны ўсё і вымелі.

Беларускае нацыянальнае ў люстэрку пандэміі

Дракахруст: Што беларусы ў крызісе каранавірусу робяць ня так, як іншыя? Вось ва Ўкраіне былі вострыя канфлікты вакол разьмяшчэньня патэнцыйна заражаных людзей. У Беларусі, здаецца, такога не было. А на якія асаблівасьці масавых паводзінаў беларусаў у гэтай сытуацыі вы зьвярнулі ўвагу?

Цыганкоў: Тыя меркаваньні пра беларусаў, якія мы лічым стэрэатыпнымі, напрыклад, пра спакойнасьць ці нават флегматычнасьць — гэта ж не інтэлігенцыя прыдумляе, гэта ў той або іншай ступені адлюстраваньне таго, што ёсьць. І беларусы, вельмі далёкія ад творчай інтэлігенцыі, ведаюць і анэкдоты пра цьвік, і фразы пра «агульную млявасьць і абыякавасьць да жыцьця».

Як кажуць, нашы недахопы — гэта працяг нашых перавагаў. І беларуская стрыманасьць і малаэмацыйнасьць можа гуляць у два бакі. Адмыслоўцы ўпэўненыя, што да траўня ўсё скончыцца. Папярэднія падобныя сытуацыі, як птушыны грып, таксама сканчаліся за некалькі месяцаў. Канешне, хацелася б, каб былі адэкватныя дзеяньні ўладаў і ў выніку ўсё скончылася безь вялікіх стратаў. Але гістэрыя ў стылі «мы ўсе памром» ужо не ўспрымаецца.

Карбалевіч: Каб беларусаў схіліць да нейкіх масавых дзеяньняў, асабліва насуперак уладам, патрэбна нешта вельмі важнае, што закране канкрэтныя асабістыя інтарэсы.

У мяне такое ўражаньне, што беларусы большыя фаталісты, чым іншыя народы. Яны моцна ўпэўненыя, што ад іх нічога не залежыць. Зноў жа вялікія спадзяваньні на дзяржаву. Вось напрыклад, вірус ужо прыйшоў у Менск, аднак людзей у масках у публічных месцах вельмі мала, літаральна адзінкі. Бо Лукашэнка сказаў, што ўсё пад кантролем, а маска не дапамагае.

Самаарганізацыяй па каранавірусе

Дракахруст: Вядомы блогер Эдуард Пальчыс апублікаваў у ФБ пост, у якім прыводзіць цэлы шэраг праяваў самаарганізацыі беларусаў у адказ на выклік пандэміі. Ён піша пра тое, як ІТ-кампаніі сваім рашэньнем адпраўляюць супрацоўнікаў дадому працаваць дыстанцыйна, некаторыя бацькі не пускаюць дзяцей у школу і г. д. А вы заўважаеце гэтыя праявы самаарганізацыі ў адказ на каранавірус?

Цыганкоў: Так, такія праявы можна пабачыць. І я б зьвязаў гэта з той тэмай, якая гучала ў нас раней у праграме наконт «моцы дзяржавы». Вось гэтыя прыватныя праявы салідарнасьці паказваюць, што дзяржава ў вачах людзей зусім не ўсемагутная, і ня варта чакаць ад яе нейкіх рашэньняў, а можна абвясьціць свой унутраны карантын, на ўзроўні сям’і або фірмы.

Карбалевіч: Прыватныя кампаніі, якія пераводзяць супрацоўнікаў на працу дома, робяць рацыянальныя крокі. Яны зацікаўленыя ў здароўі супрацоўнікаў. Да таго ж у сфэры ІТ гэта можна зрабіць бяз значных страт для вытворчасьці. Іншыя выпадкі, пра якія пішуць у сацыяльных сетках — бацькі дамаўляцца зь іншымі бацькамі і не пускаюць сваіх дзяцей у школу. То бок, самі, явачным парадкам ладзяць карантын.

Увогуле, выяўляецца, што мэханізмы самаарганізацыі, тое, што можна назваць зачаткамі грамадзянскай супольнасьці, зьяўляюцца ў крытычныя моманты, тут спрацоўваюць інстынкты самазахаваньня.

На самы горшы выпадак

Дракахруст: Ня хочацца прарочыць самае кепскае. Можа, пандэмія ў хуткім часе пойдзе на спад, а Беларусь істотна не закране. Але можа абярнуцца і інакш. У выпадку, калі маштабы стануць вялікімі, то ці справіцца эканоміка і сыстэма аховы здароўя з такім выклікам, ці хопіць на ўсіх тых самых масак, скажам, ці хопіць лекаў, ці хопіць шпіталёў? Гэта ня толькі пра Беларусь — можа атрымацца так, што ня хопіць нікому.

Карбалевіч: Ні ў воднай краіне мэдыцына не гатовая да такой маштабнай эпідэміі. І Беларусь тут не выключэньне. Вось, паводле маёй інфармацыі, калі чалавек зьвяртаецца ў паліклініку з звычайнымі сымптомамі віруснай інфэкцыі (боль у горле, насмарк, кашаль, тэмпэратура), то яму прызначаюць звыклы набор лекаў. І ўсё. На каранавірус правяраюць толькі людзей у цяжкім стане, хто трапіў у шпіталь з запаленьнем лёгкіх. Бо гэта дорага, не хапае на ўсе выпадкі звычайных прастудных захворваньняў патрэбных прэпаратаў для аналізу на каранавірус.

Цыганкоў: Цалкам ніводная дзяржава ў сьвеце не гатовая да самага катастрафічнага варыянту. Ведаю, у Беларусі ў шпіталях цяпер прыпынілі плянавыя апэрацыі, каб вызваліць месцы для хворых і падазраваных на каранавірус. Я памятаю, што падчас птушынага грыпу былі вельмі сур’ёзныя падазрэньні, што ўлады хаваюць лічбы тых, хто паміраў ад гэтага віду грыпу. Так і цяпер, няма ніякай упэўненасьці, што ўлада не захоча прыхаваць выпадкі (калі яны будуць) летальнага сыходу ад каранавірусу.

Последнее в рубрике