Колькі зарабляюць людзі самых распаўсюджаных прафэсій у Латвіі і Беларусі
27.08.2021

Колькі зарабляюць людзі самых распаўсюджаных прафэсій у Латвіі і Беларусі

Паводле статыстычнага ведамства Латвіі, ад пачатку 2021 году мінімальны заробак у краіне — 500 эўра, а сярэдні — 1207 эўра да сплаты падаткаў. Мінімальны заробак у Беларусі з 1 студзеня 2021 году — 135 эўра (400 беларускіх рублёў). Сярэдні заробак у чэрвені склаў 471 эўра, або 1433 рублі, згодна з дадзенымі Белстату.

Радыё Свабода падлічыла, колькі зарабляюць у абедзвюх краінах

Заробкі ў адукацыі

1

Паводле міжнароднай плятформы, якая зьбірае дадзеныя пра сярэднія заробкі, выхавацель у садочку, настаўнік пачатковай і сярэдняй школы зарабляе прыкладна аднолькава: да 968 эўра «чыстымі».

Згодна зь беларускай афіцыйнай статыстыкай, сярэдні заробак у сфэры адукацыі ў чэрвені — 336 эўра.

Знаходзім вакансію выхавацеля ў Рызе з заробкам 900–1100 эўра да сплаты падаткаў.

У Менску знаходзім вакансію выхавацеля ў дзіцячы садок з заробкам 221 эўра, або 650 беларускіх рублёў.

Заробкі ў мэдыцыне

1

Заробак мэдсястры ў Латвіі — да 1123 эўра на рукі, а доктара — да 1918 эўра. Сярэдні заробак у Беларусі ў сфэры аховы здароўя — 428 эўра.

Кардыёляг у прыватным мэдычным цэнтры ў Рызе атрымае ад 1500 эўра за месяц. Дзіцячы кардыёляг у Менску ў прыватным цэнтры можа мець да 1365 эўра.

А вось у дзяржаўнай паліклініцы кардыёлягу прапануюць толькі 273 эўра.

Мэдсястра ў дзяржаўным садочку ў Латвіі атрымае ад 500 эўра.

А мэдсястра ў прыватнай стаматалягічнай клініцы заробіць ад 1500 эўра за месяц да сплаты падаткаў, таксама туды прымаюць студэнтаў апошніх курсаў унівэрсытэту.

У беларускім санаторыі мэдсястры прапануюць заробак у 443 эўра.

У дзяржаўным цэнтры ў Беларусі мэдычнай сястры гатовыя плаціць 273 эўра.

Заробкі ў інжынэраў

1

Інжынэр па тэхнічным абслугоўваньні атрымае ў Латвіі ад 579 да 1305 эўра на рукі.

Інжынэр у Рызе заробіць каля 2000 эўра да сплаты падаткаў.

Аўтамэханіку ў горадзе Валміера прапануюць заробак ад 700 эўра, а ў Елгаве за такую працу заплацяць 13 эўра ў гадзіну, пры 40-гадзінным рабочым тыдні — 2080–2600 эўра ў месяц.

Інжынэру-канструктару ў Менску прапануюць да 784 эўра. Інжынэру-тэхнолягу гатовыя плаціць да 460 эўра.

Аўтамэханіку ў Менску гатовыя прапанаваць 955 эўра ў месяц.

Заробкі ў прадаўцоў

1

Заробак прадаўца-кансультанта ў Латвіі — да 1374 эўра ў месяц «чыстымі».

За такую працу ў краме касмэтыкі і бытавой хіміі ў Юрмале прапануюць 750 эўра да сплаты падаткаў.

У Рызе прадаўцу ў гандлёвым цэнтры заплацяць ад 600 да 1200 эўра ў месяц да сплаты падаткаў.

Сярэдні заробак у сфэры гандлю ў Беларусі — 433 эўра, згодна з дадзенымі Белстату.

У Менску прадаўцу-касіру прапануюць 341 эўра ў месяц.

У Горадні прадаўцу-кансультанту прапануюць да 511 эўра.

Заробкі ў ратавальнікаў і сілавікоў

1

Пажарны-ратавальнік у Латвіі атрымлівае 518–993 эўра «чыстымі». Паліцэйскі — 563–1080 эўра на рукі. Ратавальніку-пажарнаму ў Менску прапануюць 290 эўра ў месяц.

Міліцыянту ў Менску гатовыя плаціць 341 эўра.

Заробкі ў прыбіральшчыкаў

1

Прыбіральшчык у Латвіі ў сярэднім зарабляе да 626 эўра ў месяц «чыстымі».

Але знаходзім вакансію прыбіральшчыка ў Рызе з заробкам 835–1030 эўра да сплаты падаткаў, а ёсьць і за 640 эўра ў месяц «бруднымі» з 40-гадзінным працоўным тыднем.

Прыбіральшчыку ў Менску прапануюць 273 эўра ў месяц. Ёсьць вакансіі для прыбіральшчыкаў нават за 341 эўра ў месяц.

Заробкі ў будаўнікоў

1

Заробак будаўніка ў Латвіі — ад 588 да 1221 эўра ў месяц «чыстымі». Сярэдні заробак у сфэры будаўніцтва ў Беларусі — 525 эўра.

У адной з вакансій за такую працу ў Рызе прапануюць 850 эўра на рукі , але можна адшукаць і з вышэйшым заробкам — 1200–1800 эўра. .

У Менску будаўніку-ўнівэрсалу прапануюць 511 эўра ў месяц. Аддзелачніку ў Менску прапануюць да 1194 эўра.

Заробкі ў кіроўцаў

1

Заробак кіроўцы ў Латвіі — 522―1337 эўра «чыстымі».

Кіроўца мікрааўтобуса ў Рызе атрымае ад 750 эўра на рукі.

А дальнабойшчыку заплацяць ад 1500 эўра ў месяц. Ёсьць і з вышэйшым заробкам — 2100 эўра на рукі.

Кіроўцу ў Менску гатовыя плаціць 409 эўра. У дальнабойшчыкаў заробкі вышэйшыя — да 1250 эўра на рукі.

Последнее в рубрике