Колькі каштуе Лукашэнка Пуціну?
30.07.2021

Колькі каштуе Лукашэнка Пуціну?

Адказвае эканаміст Іназемцаў.

Колькі каштуе Расеі падтрымка рэжыму Лукашэнкі, наколькі вырасьце цана ў выніку санкцыяў? Ці гатовы Крэмль яе плаціць? Ці магчымая зьдзелка Захаду з Расеяй наконт Беларусі? Ці вядзе цяперашняя залежнасьць Менску ад Масквы да страты сувэрэнітэту Беларусі?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае Свабодзе расейскі эканаміст, дырэктар Цэнтру дасьледаваньняў постіндустрыяльнага грамадзтва Ўладзіслаў Іназемцаў.

Пераважная частка расейскіх і заходніх экспэртаў кажуць, што Расея субсыдуе Беларусь за кошт нафтавага і газавага трансфэру. Але гэтыя трансфэры скарачаюцца. Ёсьць ацэнкі, што гэтая дапамога складала да 10 мільярдаў даляраў, але я лічу што гэта перабольшаныя ацэнкі.

У апошні час чыстая выгады Беларусі ад цэнаў на нафту і газ складалі каля 2.5 мільярдаў даляраў у год.

Беларусь вельмі актыўна прэсінгуе Расею.

Падчас апошніх перамоваў у Пецярбургу Лукашэнка здолеў захаваць цану на газ. Калі браць гэтую цану ў рублях, то для расейскіх грамадзянаў яна вырасла амаль на 16%. Расея ідзе на вялікія саступкі. Але гэтая датацыя ня цалкам можа разглядацца як падарунак.

Беларуская эканоміка адкрытая. Беларусь шмат экспартуе ў РФ, частка зь іх экспартуецца нават па цэнах ніжэй за сабекошт. Так ёсьць, як ні парадаксальна, і элемэнт датаваньня Беларусьсю Расеі. Так што з Расеі ідзе трансфэр Беларусі на 2.5 мільярды даляраў, недзе на чвэрць ён камэнсуецца зваротным трансфэрам. Тут такое сацыялістычнае цэнаўтварэньне, якое хавае рэальны балянс.

Калі будуць уведзеныя санкцыі адносна нафтавай і калійнай галінаў беларускай эканомікі, то гэта будзе каштаваць Расеі крыху даражэй. Яна можа вырасьці недзе на 70%, да 4 мільярдаў у год. Беларускі бюджэт — каля 11 мільярдаў даляраў. Расея будзе яго датаваць недзе на траціну.

Мы шмат разоў бачылі, што грошы не зьяўляюцца фактарам, які ў нечым абмяжоўвае палітычныя фантазіі Пуціна. Гэта было ў сытуацыі і з Украінай, і з Сырыяй, і ў Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.

Гадавы расейскі бюджэт складае каля 300 мільярдаў даляраў. Калі на Беларусь будзе выдаткоўвацца нават 5-6 мільярдаў даляраў — гэта малая частка бюджэту. Да таго ж варта ўлічваць, што Беларусь фінансуе не расейскі бюджэт, Беларусь фінансуецца за кошт скарачэньня прыбытковасьці шэрагу расейскіх карпарацыяў. Таму ў Пуціна ёсьць шмат магчымасьцяў павялічыць фінансаваньне Беларусі, не трацячы на гэта ні рэзэрвы, ні бюджэтныя грошы. Мне здаецца, што фінансавы аспэкт яго наагул не хвалюе і яшчэ доўга ня будзе хваляваць. Таму разьлікі на гэта недарэчныя.

Раздражненьне Лукашэнкам у Пуціна ёсьць. Яго ніхто так часта не падманваў, так шмат яго просьбаў не адхіляў, як Лукашэнка. Але для Пуціна Беларусь — гэта часткова настаўнік. Пуцінская Расея шмат у чым капіюе Беларусь. Таму пазбаўляцца такога саюзьніка, замяняючы яго на нешта непрадказальнае Пуцін ня будзе.

Расея ня хоча дэмакратычнай зьмены ўлады нідзе. І яна лічыць, што любы існы партнэр на постсавецкай прасторы лепш за непрадказальную альтэрнатыву.

Бабарыка быў чалавек ляяльны Расеі, бізнэсовец, вопытны чалавек, які меў вялікую колькасьць сувязяў у МАскве. Але Масква нават ня вякнула, калі яму далі 14 гадоў турмы. І наконт фактычнай нацыяналізацыі «Белгазпрамбанку» ніхто не запярэчыў.

Для Масквы ніякія дамоўленасьці, ніякая ўласнасьць нічога ня значыць у параўнаньні з так званай «стабільнасьцю».

Уяўленьне, што Бабарыка, калі б стаў прэзыдэнтам, быў бы настолькі ж кіраваным з Масквы, як Лукашэнка — гэта ілюзія.

Дыктатуры, такія, як у Расеі і ў Беларусі, на выбарах не мяняюцца.

У Беларусі ўлада ўтрымалася сама, без істотнай дапамогі з боку Масквы, некалькі прапагандыстаў, якія прыехалі ў Менск у жніўні — гэта не ў залік.

Захад ня мае ніякіх намераў праяўляць любую ініцыятыву, ён толькі рэагуе.

Міністры замежных справаў Швэцыі і Польшчы Більдт і Сікорскі прапанавалі «Усходняе партнэрства», гэта была правакацыяй супраць Масквы, якая і скончылася ўкраінскай трагедыяй.

Партнэрствам ЭЗ сказаў — ідзіце да нас. А калі тых, хто адгукнуўся на іх заклік, пачалі біць дубінкамі, Эўропа сказала — а мы тут ні пры чым.

Заклапочанасьць у эўрапейцаў заўсёды ёсьць. А ініцыятывы ніколі няма.

Эўропа ня можа дамовіцца з Масквой наконт Беларусі. Яна кажа Маскве — ня ўмешвайцеся ва ўнутраныя справы Ўкраіны, дайце ёй разьвівацца так, як яна хоча. На любыя прапановы Брусэлю наконт Беларусі Масква адкажа — ня ўмешвайцеся ўва ўнутраныя справы Беларусі, дайце ёй разьвівацца як яна хоча, а хоча яна так, як хоча Лукашэнка. І адваліце.

Я не адмаўляю залежнасьць Беларусі ад Расеі. Але пагроза сувэрэнітэту — гэта зусім іншая справа. Лукашэнка творыць і ў палітыцы, і ў эканоміцы ўсё, што ён хоча — саджае самалёт Ryanair, «нагінае» Пуціна наконт цаны на газ, зьбівае дэманстрантаў у Менску. І для яго, і для Пуціна гэта сьведчаньне таго, што сувэрэнітэту Беларусі нічога не пагражае.

Пуцін хацеў далучыць Беларусь да Расеі ў 2019 годзе, каб ён узначаліў аб’яднаную дзяржаву. Гэты варыянт не спрацаваў. Рацыянальны характар гэтага абʼяднаньня страчаны.

Беларусь паказала, што ў ёй шмат людзей, гатовых пратэставаць супраць аўтарытарнай улады. Беларусь шчыльна зьвязаная зь Эўропай. Калі Беларусь заўтра робіцца часткай РФ, то Расея атрымлівае як мінімум пару мільёнаў вельмі разʼюшаных грамадзянаў.

Уключыўшы Беларусь у Расею, Пуцін атрымае вялікі зарад незадавальненьня — палітычнага і эканамічнага. І гэта для яго дадатковая рызыка, якая яму зусім непатрэбная.

Летась мы з калегамі рыхтавалі даклад па Беларусі. Я быў адзіным з аўтараў дакладу, што сказаў, што вайсковае ўмяшальніцтва Расеі ў справы Беларусі пасьля 9 жніўня немагчымае.

У Вашынгтоне тады ўсе лічылі наадварот, што Расея абавязкова ўвядзе войскі на заклік Лукашэнкі. Я казаў, што гэта немагчыма, бо гэта контрпрадуктыўна ва ўсіх адносінах.

Последнее в рубрике