Колькі беларусаў зьехалі з краіны за год
25.08.2021

Колькі беларусаў зьехалі з краіны за год

Са жніўня мінулага году беларусы зьяжджаюць жыць за мяжу па палітычных перакананьнях.

Радыё Свабода падлічыла, колькі чалавек ужо зьехалі і ці спыніцца гэты працэс.

Літва

За год Літва выдала беларусам каля 20 тысяч нацыянальных візаў. Такая віза дае магчымасьць знаходзіцца ў Літве і працаваць. 834 беларусы атрымалі спэцыяльны дазвол ад міністра ўехаць у Літву праз экстраардынарныя гуманітарныя ўмовы.

206 беларусаў падалі запыт на прытулак у Літве. Гэтую лічбу Сьвятлане Ціханоўскай назвалі падчас сустрэчы ў Міністэрстве замежных спраў Літвы.

Польшча

З пачатку году па 31 ліпеня Польшча выдала беларусам 90 тысяч візаў, зь іх 9 тысяч — гэта гуманітарныя візы, зь якімі беларусы могуць працаваць у Польшчы. Са жніўня мінулага году Польшча выдала беларусам 12 тысяч гуманітарных візаў. Такім чынам, толькі ў Літву і Польшчу маглі зьехаць 110 тысяч беларусаў.

Украіна

Паводле памежнай службы Ўкраіны, са жніўня мінулага году мяжу перасеклі 100 тысяч беларусаў. Гэта ня значыць, што ўсе гэтыя людзі засталіся жыць ва Ўкраіне.

У Дзяржаўную міграцыйную службу Ўкраіны зьвярнуліся 64 грамадзяніна Беларусі дзеля атрыманьня статусу ўцекача або дадатковай абароны ад украінскай дзяржавы.

Гэтулькі заяваў міграцыйная служба атрымала з 1 жніўня 2020 па 31 ліпеня 2021 году.

За гэты ж пэрыяд 509 беларусаў атрымалі дазвол на іміграцыю ва Ўкраіну і на гэтай падставе цяпер могуць зьвярнуцца па від на сталае жыхарства. Дазволы на іміграцыю найперш выдаюць высокакваліфікаваным спэцыялістам, якіх патрабуе эканоміка Ўкраіны.

Як адзначаецца ў адказе на афіцыйны запыт Свабоды, з 1 жніўня 2020 да 31 ліпеня 2021 году 811 грамадзян Беларусі атрымалі від на сталае жыхарства, яшчэ 3348 — на часовае, а 572 беларусам падоўжылі магчымы тэрмін знаходжаньня ва Ўкраіне.

Латвія

Па інфармацыі на канец траўня гэтага году, у Латвію пераехалі 15 беларускіх кампаній, гэта некалькі соцень працоўных месцаў. Летась латвійскую візу атрымалі 250 беларусаў.

З 1 жніўня 2020 да 30 сакавіка 2021 году Латвія атрымала 54 заяўкі аб прадстаўленьні прытулку ад грамадзян Беларусі. 24 заяўкі разгледзелі зь іх па 19 прынялі станоўчае рашэньне.

А што ў афіцыйнай статыстыцы

Калі параўноўваць колькасьць жыхароў Беларусі ў 2020 і 2021 гадах, то, паводле Белстату, жыхароў краіны стала менш на 60 614 чалавек. Апошнія дадзеныя па міграцыі ў афіцыйнай статыстыцы — толькі за 2019 год.

МУС Беларусі апошні раз агучвала статыстыку ў кастрычніку мінулага году, тады казалі пра 13,5 тысячы беларусаў, якія зьехалі.

1

Последнее в рубрике