Хто зьбяднее, а хто заробіць падчас эпідэміі

Хто зьбяднее, а хто заробіць падчас эпідэміі

Межы краін — суседак Беларусі цяпер закрытыя. Ад гэтага церпіць ня толькі турыстычная і транспартная сфэра. Разьбіраемся з эканамістамі, якія галіны эканомікі пандэмія закране найбольш.

Пацярпяць турыстычныя фірмы, транспарт і лягістыка

Авіякампанія «Белавія» прыпыняе палёты ў 30 краін, стаіць амаль уся турыстычная сфэра, бо межы для турыстаў закрытыя ва ўсіх краінах — суседках Беларусі. Глядзім, хто і якія страты нясе ад пандэміі.

У авіякампаніі «Белавія» карэспандэнту Свабоды паведамілі, што «страты кампаніі — гэта камэрцыйная тайна». Не падлічвалі стратаў пакуль і ў турыстычнай сфэры. У Саюзе турыстычных арганізацый параілі «пагаварыць пра гэта праз тыдзень», бо пакуль страты падлічыць немагчыма.

За мінулы год прыбытак усіх турыстычных арганізацый Беларусі склаў 28,2 мільёна рублёў. Калі ўся сфэра ня будзе працаваць два тыдні — гэта каля 1 мільёна стратаў. Але як паведамляюць прадстаўнікі сфэры, турызм — гнуткая галіна эканомікі і ўсе страты можна «адбіць» у сэзон.

Страты зазнае таксама лягістычная сфэра. Пакуль праз закрытыя межы грузавікі з таварамі прапускаюць, але колькасьць пунктаў пропуску зьменшаная. Як паведамілі Свабодзе прадстаўнікі гэтай сфэры, «страты падлічыць пакуль складана, але яны будуць, бо на мяжы растуць чэргі».

Продаж нафтапрадуктаў і калійных угнаеньняў — стратэгічныя крыніцы даходу для беларускага бюджэту. Няўстойлівасьць нафтавых паставак і так ударыла па даходах Беларусі, а каранавірус можа значна ўскладніць сытуацыю. На гэта зьвяртае ўвагу кіраўнік цэнтру «Мізэса» Яраслаў Раманчук.

«Асноўны стрэл будзе ў тое, што попыт на нашы калійныя ўгнаеньні, нафтапрадукты і мэталы будзе скарочаны, бо зьменіцца сусьветная каньюнктура. Калі эканоміка ў краінах будзе на нулі, яны будуць менш купляць угнаеньняў, нафтапрадуктаў. Будзе большая канкурэнцыя, зьнізяцца цэны на нафтапрадукты і ўгнаеньні, адпаведна, мы заробім менш грошай», — кажа Яраслаў Раманчук.

Калі цэны на гэтыя стратэгічныя прадукты зьнізяцца на 15-20%, настолькі ж зьнізіцца даход ад экспарту, мяркуе Яраслаў Раманчук.

Больш за тое, эпідэмія можа закрануць любое прадпрыемства. Напрыклад, цяпер у Віцебску карантын увялі на фабрыках «Чырвоны кастрычнік» і «Белвест». Несупрацоўнікам на гэтыя фабрыкі ўваход забаронены. Вядома, што гендырэктар холдынгу «Марка», у які ўваходзіць «Чырвоны кастрычнік», на бальнічным, але паведамляецца, што каранавірусу ў яго няма.

Калі на буйным прадпрыемстве чалавек захварэе на каранавірус, там таксама могуць увесьці карантын ці прыпыніць працу, што прывядзе да стратаў.

Хто заробіць на каранавірусе

На прасторы інтэрнэту гуляюць мэмы, што на каранавірусе заробяць уладальнікі аптэк, крамаў і службаў дастаўкі ежы. Напрыклад, агульны аб’ём службы дастаўкі «Эўраопту» вырас утрая. Але паводле Яраслава Раманчука, значным прыбыткам гэта ня стане.

«Яны выкарыстаюць усе свае запасы, але пасьля, калі ад усёй сытуацыі ў людзей зьнізяцца даходы, адпаведна скароцяцца выдаткі на спажывецкія тавары. І калі ў гэтым месяцы яны зарабілі, то пазьней проста заробяць значна менш. То бок гэты даход разыдзецца ў будучыні», — расказвае Яраслаў Раманчук.

Калі ў Францыі і іншых краінах ужо заявілі аб скарачэньні падаткаў у сувязі з пандэміяй і аб фінансавай падтрымцы для бізнэсу ад дзяржавы, то ў Беларусі пра такія захады не чуваць. Пры гэтым, на думку экспэртаў, даходы прадпрыемстваў і адпаведна людзей праз пандэмію скароцяцца. Значыць, скароцяцца і іхныя выдаткі.

Последнее в рубрике