Хто выйграе навагоднюю нафтавую «вайну»?
04.01.2020
Юры Дракахруст, Радыё Свабода

Хто выйграе навагоднюю нафтавую «вайну»?

Яе будуць складвацца адносіны Беларусі і Расеі сёлета, ці вызначыць нафтавы крызіс у пачатку году дынаміку стасункаў? На якія прэзыдэнцкія выбары будуць падобныя сёлетнія — на выбары 2015-га ці 2010-га гадоў?

Гэтыя тэмы ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Свабоды Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Інтэграцыя на фоне нафтавай «вайны»

Дракахруст: Што нас чакае ў новым годзе? Ужо першыя дні 2020 году прынесьлі вельмі драматычны сюрпрыз. Беларусь увайшла ў год з крызісам — Расея спыніла пастаўкі нафты.

Магчыма, гэты крызіс вызначыць і далейшую хаду падзеяў у двухбаковых адносінах? Як будуць складвацца адносіны з Расеяй у 2020 годзе? Як доўга працягнецца бягучы нафтавых крызіс? У падобнай сытуацыі ў 2007 годзе ён доўжыўся два тыдні, калі Беларусь спыніла і транзыт нафты.

Можна таксама прыгадаць 2010 год, год прэзыдэнцкіх выбараў, калі спынялі і пастаўкі і транзыт газу. Што будзе ў двухбаковых адносінах сёлета?

Цыганкоў: Калі казаць пра гэты канкрэтны апошні эпізод са спыненьнем паставак нафты, то будзе дастаткова банальным даць прагноз, што ў выніку Беларусь і Расея так ці іначай дамовяцца. Пытаньне толькі ў тым, на колькі часу гэта зацягнецца.

Спыненьне паставак нафты, вядома, не выпадковасьць, а заканамерны вынік таго, што бакі так і не дамовіліся ў сваіх перамовах у канцы 2019 году.

Вядома, што запасаў на беларускіх нафтаперапрацоўчых прадпрыемствах хапае на 20 дзён, за гэты час так ці іначай давядзецца праблему вырашыць — альбо дамовіцца з Расеяй, альбо, як заявіў ужо Лукашэнка, шукаць альтэрнатыўныя пастаўкі нафты.

Але мы памятаем, што за апошнія гады заявы пра альтэрнатыўныя пастаўкі нафты Лукашэнка рабіў ужо шмат разоў, заўсёды падчас нейкіх крызісных перамоваў з Расеяй. Вэнэсуэла, Азэрбайджан — але заўсёды, акрамя сымбалічных аб’ёмаў, ніколі гэтыя пастаўкі не набывалі масавага характару і больш былі прадметам перамоўнага ціску.

Таму і зараз рызыкну прагназаваць, што бакі дамовяцца цягам максымум тыдняў. Іначай гэта будзе надта радыкальны канфлікт, што нявыгадна абодвум бакам, але найперш Менску.

Карбалевіч: Крызіс, які цягнуўся цэлы год, перайшоў у вострую фазу. Мы на пачатку нафтавай вайны. Мінулыя разы Менск рэагаваў на спыненьне паставак нафты спыненьнем яе транзыту.

Наконт праграмы «паглыбленьня інтэграцыі». Менск уключыўся ў гэтую непатрэбную для яго гульню толькі дзеля таго, каб вярнуць эканамічную дапамогу з боку Расеі. Калі цяпер высьвятляецца, што дапамогі няма, Масква не ідзе на саступку па цэнах, то навошта працягваць гэтую гульню. Гэта з рацыянальнага гледзішча.

Але ці здольная цяпер беларускае кіраўніцтва на рацыянальныя хады? Гэта пытаньне. Як казаў амэрыканскі пісьменьнік Луіс Фішэр, «нельга чакаць яснага мысьленьня ад палітыкаў, якія кіруюць дзяржавай з кратэру вулькану».

Да таго ж Расея будзе настойваць на падпісаньні 31-й мапы, якая ёсьць у праекце праграмы. Але нават падпісаньне без 31-й мапы ня зьменшыць супярэчнасьці. Бо рэалізацыя нават узгодненых «мапаў» будзе натыкацца на канфлікты на кожным кроку

Таму можна сьмела прадказаць, што крызісы, канфлікты ў адносінах з Расеяй будууць працягвацца ўвесь год.

Дракахруст: Увесь мінулым год мы назіралі пастаянныя атакі на Лукашэнку, ды і на Беларусь з боку шэрагу расейскіх Тэлеграм-каналаў. Яны даволі ўплывовыя, але галоўныя калібры інфармацыйнай вайны — гэта тэлеканалы. Ці ўступяць яны ў гульню сёлета адносна Беларусі, ці зьявяцца новыя «Хросныя бацькі»?

Цыганкоў: На сёньняшні момант верагоднасьць таго, што масава будуць вырабляцца і паказвацца новыя «Хросныя бацькі» — не такая і вялікая, калі мець на ўвазе, што пад «Хроснымі бацькамі» мы маем на ўвазе сплянаваную і маштабную інфармацыйную вайну расейскіх СМІ супраць кіраўніцтва Беларусі.

Напрыклад, такую інфармацыйную вайну Расея вядзе супраць Украіны апошнія мінімум 5 гадоў, калі кожны дзень расейскія палітычныя ток-шоў прысьвечаныя не падзеям ва ўласнай краіне, а ўкраінскім справам.

Такога ў дачыненьні да Беларусі няма і пакуль не прадбачыцца. Але відавочна, будуць асобныя пашчыпваньні Лукашэнкі, па справах зьніклых, пра іншае. Але на сёньня я ня бачу падставаў гаварыць, што Расея жадае разгарнуць сапраўдную інфармацыйную гібрыдную вайну супраць Беларусі, як краіны, і супраць яе кіраўніцтва.

Ці зьявіцца сёлета альтэрнатыва Лукашэнку?

Дракахруст: Прэзыдэнцкія выбары — што яны прынясуць Беларусі? Паўторацца млявыя выбары 2015 году ці краіну чакае паўтарэньне драмы 2010 году? Ці варта чакаць зьяўленьня значнай альтэрнатывы Аляксандру Лукашэнку — у выглядзе ці то апанэнта ці то ідэі кшталту Ўстаноўчага сходу? Здаецца, пратэсты канца мінулага году даволі ясна адказалі на пытаньне, хто зараз лідэр апазыцыі. Але ці стане Павал Севярынец рэальнай альтэрнатывай Лукашэнку?

Цыганкоў: Я больш схіляюся да меркаваньня, што выбары 2020 будуць больш падобныя на вэрсію 2015 году. На сёньня менавіта такі варыянт — млявыя выбары без сапраўднай бітвы — выглядае найбольш імаверным. Але гэта парадаксальным чынам ніяк не адлюстроўвае грамадзка-палітычны стан у Беларусі.

Як мне падаецца, сёньня рэйтынг Лукашэнкі нізкі як ніколі, магчыма, найніжэйшы ў параўнаньні з любымі прэзыдэнцкімі выбарамі, — можа, за выключэньнем 2001 году. Здавалася б, у такой сытуацыі можна даць сапраўдны бой уладзе.

Але цэлы шэраг аб’ектыўных і, у меншай ступені, суб’ектыўных прычынаў даказвае, што такога бою не атрымаецца. За гэтыя гады апазыцыя не ўзмацніла, скажам мякка, свае сілы.

Па-другое, сярод тых людзей, якія цяпер супраць Лукашэнкі, няма ідэйнай еднасьці. Частка электарату, якая не ўспрымае Лукашэнку, яна не за дэмакратыю і эўрапейскія каштоўнасьці, а за Пуціна і моцную руку. Таму немагчыма ўявіць такога кандыдата, якія б аб’яднаў нейкай ідэйнай плятформай усе антылукашэнкаўскія слаі насельніцтва.

Да таго ж улада правяла прапагандысцкую спэцапэрацыю, паводле якой «нельга зараз выступаць супраць Лукашэнкі, бо прыйдзе Расея і будзе яшчэ горш». Даходзіць да таго, што празаходніх апазыцыянэраў, якія выступаюць супраць улады, называюць ледзь не стаўленікамі Расеі. Гэта падмена паняцьцяў таксама ўплывае на разьяднаньне апазыцыі.

Карбалевіч: Мяркую, гэтыя выбары ня будуць падобныя ні на 2010 год, ні на 2015 год. Жорсткі сцэнар парлямэнцкіх выбараў 2019 году дае падставу прагназаваць, што і прэзыдэнцкія выбары пройдуць па жорсткім сцэнары. Можа здарыцца так, што нікога з апазыцыянэраў увогуле не зарэгіструюць.

А роля апазыцыянэра будзе перададзеная якому-небудзь умоўнаму Гайдукевічу, ці яшчэ горш — умоўнаму Ўлаховічу.

Можна нават меркаваць, што Расея ўпершыню паспрабуе усур’ёз уключыцца ў выбарчую кампанію, прапанаваўшы свайго кандыдата, хоць бы да этапу рэгістрацыі, ці пагражаць не прызнаць вынікі выбараў.

Думаю, зарана казаць пра Севярынца, як пра лідэра апазыцыі. Па шмат якіх прычынах. Часткова па той прычыне, што адна з важных якасьцей лідэра — гэта здольнасьць аб’ядноўваць палітычныя сілы, здольнасьць да фармаваньня кааліцый. А гісторыя з ПЭН-клюбам не сьведчыць пра наяўнасьць такой якасьці ў Паўла.

Беларусь і ўсясьветнае «паўстаньне масаў»

Дракахруст: У 2019 годзе сьвет выбухаў масавымі, часам незразумелымі, пратэстамі — «жоўтыя камізэлькі» у Францыі, Масква, Ганконг, Лібан, літаральна ў апошнія дні — Іран, Ірак. Гэтая ўсясьветная хваля незадавальненьня, пратэсту, бунту — ці дойдзе яна і да Беларусі? Ці з прычыны выбараў, ці інтэграцыі, ці эканамічных праблемаў? Вы адчуваецца насьпяваньне гэтых «гронак гневу»?

Карбалевіч: Нейкія пратэсты з нагоды выбараў будуць. Ці то ў дзень галасаваньня, ці ў дзень нерэгістрацыі апазыцыйных кандыдатаў. Але наконт маштабу пратэстаў прагнозы даваць цяжка. Гэта самая непрадказальная рэч. Тут усё залежыць ад ступені палітызаванасьці грамадзтва, якая можа наступіць у кароткі тэрмін. Пакуль колькасьць тых людзей, якія ў сьнежні выходзілі бараніць незалежнасьць, ня ўражвае.

Тут нарастае новая праблема. Сацыяльная база рэжыму звужаецца. Калі раней у парлямэнце ніяк не была прадстаўлена апазыцыйная меншасьць, то цяпер у парлямэнце ўжо не прадстаўлена большасьць. Калі казаць шырэй, то ўлада абапіраецца на меншасьць, і на дзяржапарат. Сытуацыя новая. Ці можа гэта неяк нечакана выстраліць? Ніхто не ведае.

Цыганкоў: Сусьветная хваля пратэстаў заўсёды разьбіваецца аб халодны лёд беларускай рэальнасьці, характару і мэнталітэту. На беларускія рэаліі ўжо спрабавалі пакласьці і ўкраінскі Майдан, і грузінскую рэвалюцыю ружаў, і арабскую вясну. Але ж так не адбываецца. Кожная краіна разьвіваецца паводле сваіх правілаў, пэрыядаў, гістарычных законаў.

Ад таго, што недзе ў Ганконгу людзі выйшлі на пратэст — на масавага беларуса гэта ня мае амаль ніякага ўплыву. Калі казаць пра прэзыдэнцкія выбары гэтага году, то падаецца, што ступень палітычнага пэсымізму вельмі высокая. Людзі не выходзяць на акцыі, бо ня бачаць у гэтым вялікага сэнсу, ня бачаць, што ад іхняга кроку нешта зьменіцца.

Здаецца, ужо ня менш за палову беларускага насельніцтва ўпэўненыя, што выбары фальсыфікуюцца, і гэта таксама, дарэчы, у пэўным сэнсе дэвальвуе ідэю пратэсту, бо ўсё роўна ўсё загадзя вядома.

Я таксама схіляюся да прагнозу, што гэтыя прэзыдэнцкія выбары пройдуць у атмасфэры рэпрэсіяў і абмежаваньняў. Улада зараз ня можа сабе дазволіць лібэралізацыю выбарчай кампаніі, бо асьцерагаецца ажыўленьня палітычнага жыцьця, якое невядома куды можа прывесьці. Да таго ж Захад ужо ня так рэзка рэагуе на мяккія праявы беларускага аўтарытарызму

Ці чакае Беларусь у 2020 годзе эканамічны крызіс?

Дракахруст: Можа наступнае пытаньне варта адрасаваць хутчэй эканамістам, але ці чакае Беларусь паўтарэньне 2011 ці 2015-2016 гадоў — чарговы эканамічны крызіс з тых ці іншых прычынаў? Ці прагназуюць эканамічныя экспэрты ў 2020 годзе эканамічны Армагедон?

Карбалевіч: 2011 год — наўрад ці. Тады галоўным чыньнікам, які спарадзіў крызіс, быў фіксаваны абменны курс рубля, які ўлады чамусьці баяліся чапаць. Цяпер курс, фактычна, плаваючы, рынкавы.

А вось штосьці падобнае на 2015-2016 гады паўтарыцца можа. То бок, валавыя паказчыкі могуць застацца на нулю ці нават пайсьці ўніз з прычыны падвышэньня цэнаў на нафту і газ.

Вострай праблемай будзе выплата даўгоў. 75% грошай для гэтай мэты трэба будзе недзе знайсьці.

Больш цікавым пытаньнем зьяўляецца іншае: ці перарасьце верагодны эканамічны крызіс ў сацыяльны? У 2015-2016 гадах гэтага ня здарылася.

Цыганкоў: Нават самыя радыкальныя скептыкі не прагназуюць вялікага эканамічнага крызісу. Абвальнага падзеньня рубля сапраўдны ня можа быць ва ўмовах таго, што ён цяпер фарміруецца на рынкавых умовах. Максымум, што можа быць — гэта эканамічная стагнацыя. Але і гэта вельмі нэгатыўны вынік.

Беларусь перажыла падзеньне ў 2015-16 гадах, і каб выкараскацца з гэтай ямы, трэба расьці кожны год па 5-7 працэнтаў. А тут, як кажуць многія беларускія і сусьветныя эканамісты, у 2020 чакае вельмі сьціплы рост, на 1% (і гэта ў лепшым выпадку).

Так што гэта вельмі нэгатыўная навіна для пэрспэктываў беларускай эканомікі, але з гледзішча канкрэтна гэтага 2020 году насельніцтва не заўважыць сур’ёзнай зьмены свайго эканамічнага становішча. Лепш ня стане, але натуральна, што ўлада не дапусьціць, каб стала рэзка горш. Думаю, яна да выбараў яшчэ адзін ці два разы сымбалічна падвысіць пэнсіі, і вядома, любым коштам не дапусьцяць падзеньня ўзроўню жыцьця ў 2020 годзе.

Последнее в рубрике