Хто ня хоча дыялёгу — Менск ці Захад?
17.09.2021

Хто ня хоча дыялёгу — Менск ці Захад?

Шрайбман пра санкцыі, Пазьняка, памілаваньне і інтэграцыю

Ці мае рацыю Зянон Пазьняк у крытыцы заходніх санкцыяў? Пакет новых саюзных праграмаў — сьмерць сувэрэнітэту Беларусі ці чарговая бурбалка?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказаў палітычны аналітык Арцём Шрайбман.

Ніхто ні з кім ня хоча размаўляць. Ня хоча Захад вяртацца да торгу палітвязьнямі трэці раз. Ня хоча даваць Лукашэнку трэці раз ускоснае прызнаньне, якое суправаджае пачатак перамоваў, публічных ці непублічных, адклікаючы фактычна непрызнаньне яго легітымнасьці.

Ня хоча Лукашэнка камунікаваць зь людзьмі, якіх ён шчыра лічыць ініцыятарамі чарговай спробы яго зрынуць.

Цяпер няма сур’ёзнай матывацыі з абодвух бакоў.

З аднаго боку ёсьць сыгнал — калі вы вызваліце ўсіх палітвязьняў, мы, магчыма, ня будзем уводзіць новых санкцыяў, але захаваем патрабаваньне новых выбараў.

А з другога боку, заявы — што пакуль вы ня здымеце санкцыі, наагул няма пра што размаўляць. Амністыю мы можа і правядзем, але не для вас. А для вас у нас дамова аб інтэграцыі з Расеяй.

Цяпер фаза падвышэньня адно для аднаго цаны канфрантацыйных дзеяньняў. Лукашэнка спрабуе найперш для суседзяў падвысіць цану іх палітыкі супраць яго. І Захад сваімі санкцыямі спрабуе падняць для яго цану ягоных дзеяньняў. Гэта яшчэ ня тая фаза, калі пачынаюцца перамовы.

Погляд Пазьняка ў пытаньні санкцыяў аднабаковы. Тое, што ў санкцыяў ёсьць другасныя эфэкты, не азначае, што гэта адзіныя эфэкты, якія санкцыі маюць. Многія ў дыскусіі з Пазьняком прыгадвалі прыклады, калі санкцыі прыводзілі да вызваленьня палітвязьняў. Адносна Беларусі былі санкцыі, прывязаныя да вызваленьня палітвязьняў, Менск вызваляў іх тады, калі прыпякала на «ўсходнім фронце».

Ёсьць міжнародны досьвед, калі санкцыі прыводзілі да зьмены рэжыму (ПАР), паскаралі зьмену рэжымаў (Югаславія), саджалі рэжымы за стол перамоваў (Лібія, Іран, Вэнэсуэла).

У санкцыяў няма бясспрэчнай гісторыі посьпеху. Яны — двусечная зброя, гэта як хіміятэрапія супраць раку. Яна не заўсёды пасьпяхова лечыць анкалягічную хваробу і часта наносіць шкоду арганізму. Але бывае, што ў дактароў няма іншых опцыяў. І ў Захаду сёньня няма іншых опцыяў рэакцыі на тое, што робіць Лукашэнка.

Калі глядзець рэалістычна, альтэрнатыва санкцыям — гэта не рабіць нічога. Ніхто Лукашэнку не прапануе мільярды даляраў за добрыя паводзіны. Тады застаецца выкарыстоўваць бізун.

Заходнія палітыкі не жывуць у сьвеце Realpolitik, моднага ў постсавецкіх краінах. У гэтых палітыкаў ёсьць выбарнікі, ёсьць мэдыя, якія на іх ціснуць, і яны вымушаныя рэагаваць. Не рабіць нічога — гэта ідэя, адарваная ад заходняй палітычнай рэальнасьці.

У санкцыяў няма адзінай мэты — прымусіць Лукашэнку стаць мілым. У іх ёсьць мэта — паказаць яму і ўсім астатнім падобным лідэрам, што ў падобных учынкаў ёсьць цана, што за такія ўчынкі будзе пакараньне. Па сутнасьці, гэта публічная лупцоўка, асабліва ў гісторыі з Ryanair.

І другая мэта — гэта стрымліваньне. Мы ня ведаем, як бы паводзіла сябе ўлада, калі б санкцыяў не было. Я гатовы паспрачацца, што калі б ЭЗ і ЗША ў адказ на рэпрэсіі наагул ня ўводзілі б санкцыяў, то вынік быў бы горшы.

Калі б у адказ на Крым і Данбас не было санкцыяў адносна Расеі, то ці спыніліся б расейцы там, дзе яны спыніліся?

Калі б адносна Беларусі ня ўводзілі санкцыяў, магчыма, палітвязьняў было б не 700, а 7000.

Калі Лукашэнка так клапоціцца пра сувэрэнітэт краіны, то ён мог бы саступіць Эўразьвязу. Калі ён не саступае дзеля сваёй улады ў цяперашнім фармаце, то прычыну паглыбленьня залежнасьці ад Расеі трэба шукаць ня ў санкцыях, а ў нежаданьні Лукашэнкі ісьці на кампрамісы.

Я дапускаю, што калі б пачаўся востры канфлікт паміж беларускімі і расейскімі ўладамі, які мог бы прывесьці да страты беларускага сувэрэнітэту, то пазыцыя ЭЗ магла б стаць мякчэйшай. Але на лёгіку «калі вы будзеце нас ціснуць санкцыямі, мы здадзім сувэрэнітэт, таму што мы патрыёты», Захад паддавацца ўжо ня будзе.

Калі Лукашэнка некага памілуе, то на Захадзе будуць розныя галасы. Будуць краіны, якія скажуць, што нельга зноў уступаць у гэты торг толькі таму, што ён пачаў часткова выконваць адну з умоваў Захаду.

Але будуць і краіны, якія пабаяцца «спалохаць» добры трэнд. І яны палічаць, што трэба скарыстацца пачаткам гэтага трэнду. І можа ня скласьціся кансэнсус на карысьць новага пакету санкцыяў.

Апошнім часам у Лукашэнкі не было раздражняльніка, які б зрабіў памілаваньне іміджава недапушчальным.

Калі б 10 верасьня ўвялі новы пакет санкцыяў, вызваленьне палітвязьняў праз тыдзень выглядала б як «прагнуўся». Але апошнія санкцыі былі ўведзеныя ЗША 9 жніўня. Так што памілаваньні магчымыя, тым больш што і Прэс-клюб вызвалілі, і спынілі справу Pandadoc, вызвалілі Павалішава.

Пуцін шчыра лічыць недарэчнасьцю існаваньне незалежных Беларусі і Ўкраіны. Было б дзіўна, каб ён ці Лукашэнка казалі, што палітычнай інтэграцыі ніколі ня будзе. Яна запісаная ў дамове аб стварэньні саюзнай дзяржавы, Лукашэнка яе падпісаў, Пуцін падпісаў ратыфікацыйны дакумэнт да яе.

Пяскоў сказаў — інтэграцыя не азначае, што абʼядноўваемся, яна азначае, што мы збліжаемся. Лукашэнку нават не давядзецца хітраваць.

У тым, што яны падпісалі, няма абавязаньняў, зь якіх давядзецца выкручвацца.

Магчыма, расейскія чыноўнікі вырашылі, што варта падпісаць тое, што ўзгоднена, а рэальнай інтэграцыяй займацца ў вучэбна-баявых цэнтрах і ў партах Ленінградзкай вобласьці.

Ніякага агульнага праўнага поля гэтыя саюзныя праграмы не ствараюць. Размова ідзе пра збліжэньне нацыянальных праўных палёў. Гэта ўсё кшталту дымавой заслоны. Глядзець трэба не туды.

Крэмль актывізаваў інстытуцыйныя мэханізмы прывязкі ўжо постлукашэнкаўскай Беларусі. Гэта адбываецца і ў вайсковай сфэры, і ў лягістычнай.

Пуцін робіць стаўку на інстытуцыйныя мэханізмы прывязкі постлукашэнкаўскай Беларусі. Каб у наступнай улады, незалежна ад таго, хто гэта будзе, свабода манэўру была яшчэ меншая.

«Дарожныя мапы», саюзныя праграмы — гэта відавочна ня той мэханізм, на які Крэмль робіць стаўку. Расея разьлічвае на больш надзейныя «якары».

Последнее в рубрике