Карбалевiч: «Стан грамадзянскай вайны, няхай нават халоднай, непазбежна прыводзіць да такога выніку»

Карбалевiч: «Стан грамадзянскай вайны, няхай нават халоднай, непазбежна прыводзіць да такога выніку»

Аглядальнiкi – пра трагедыю на Якубоўскага ў Мінску.

У аўторак у перастрэлцы ў кватэры ў Мінску быў забіты 31-гадовы гаспадар Андрэй Зэльцэр і адзін з тых сілавікоў, якія ўварваліся ў кватэру, – супрацоўнік КДБ. Аглядальнiкi – пра трагедыю на Якубоўскага.

Валер Карбалевiч: «Чакаю ўзмацнення тэрору»

– Рана ці позна гэта павінна было здарыцца, – мяркуе ў экспрэс-каментары «Салiдарнасцi» палітолаг. – Стан грамадзянскай вайны, няхай нават халоднай, непазбежна прыводзіць да такога выніку. Бязмежжа дзяржавы, у рэшце рэшт, вядзе да таго, што ахвяры таксама становяцца на шлях бязмежжа; адно цягне за сабой другое. Таму я, на жаль, не здзіўлены ўчорашнімі навінамі. Тое, што адбылося, на мой погляд, заканамерна.

Што будзе далей? Думаю, яшчэ больш жорсткае закручванне гаек. Гэта адзіная логіка ўладаў, адзіны інстынкт, які спрацоўвае, так бы мовіць, на ўсе выклікі – кожны раз адказваць яшчэ больш жорсткімі дзеяннямі. Ніякіх іншых варыянтаў улада не бачыць, не разумее і не хоча разумець…

Таму – так, я чакаю ўзмацнення тэрору.

Вiталь Цыганкоў: Які «транзіт улады», калі «вайна ідзе»?

– Кажуць, што інцыдэнт з забітым супрацоўнікам КДБ можа даць падставы ўладзе канчаткова разьвязаць рукі. Гэта, канешне, прагноз, які ляжыць на паверхні, – пiша публiцыст. – Прызнаюся, я на дадзены момант ня веру ў нейкі фэйк, у правакацыю – падаецца, такія падзеі могуць здарацца ўсё часьцей. У людзей зьнішчылі магчымасьць мірнага пратэсту, адчай і безвыходнасьць будзе нараджаць такія сітуацыі.

Што мне падаецца больш невідавочным – гэта імавернасьць увядзеньня пасьля такога здарэньня ці (напрыклад) сэрыі такіх здарэньняў ваеннага становішча.

Лукашэнка і так яўна думае, як бы абысьці ці адмяніць гэтую непрыемную яму «канстытуцыйную рэформу». А калі юрыдычна ўводзіцца ваеннае становішча – дык якія выбары, якія рэфэрэндумы, які «транзіт улады», калі «вайна ідзе».

Дарэчы, падставай могуць быць і нейкія інцыдэнты на мяжы. Ваеннае становішча выглядае даволі лагічным разьвіцьцём эвалюцыі гэтай улады.

Iгар Тышкевiч: «Рэальна кепска»

– Беларусь. Кепска. Двое забітых. Дзіўная нарэзка кадраў, дзіўныя паводзіны бакоў. І палітычны разгон з абох бакоў. Што яшчэ горш, – пiша палiтолаг. – Цяпер па сутнасьці таго, што адбываецца.

Як механізм барацьбы за палітычную уладу падыход «распальваньне варожасьці» выкарыстоўваецца даўно й пасьпяхова. Але ён можа быць эфэктыўным калі стартавыя пазыцыі бакоў прынамсі параўнальныя. Калі такі працэс пачынаецца на фоне дэпрэсіі аднаго з бакоў і сілавой мабілізацыі іншага, будзем мець некалькі падобных трагедый (дай Бог, каб тут я памыляўся) і канчатковы «знос даху» толькі ў аднаго боку – другі й так дэмаралізаваны. Што адсоўвае любыя варыянты мірнага выхаду з крызісу (усё адно як – нават адстаўкай ці смерцю адной асобы ці асобаў). Таму што мова варожасьці да «групаў», а не асобаў.

І вось гэта рэальна кепска. Бо адкідае пытаньні фармаваньня нармальнай сыстэмы ўзаемадзеяньня грамазянаў на другі-трэці плян, высоўваючы наперад «свяшчэнную барацьбу да апошняга камісара» (дзе «камісары» будуць з абох бакоў).

Последнее в рубрике