Карбалевіч: Замест «народ супраць Лукашэнкі» — «Крэмль супраць Лукашэнкі»
02.06.2020

Карбалевіч: Замест «народ супраць Лукашэнкі» — «Крэмль супраць Лукашэнкі»

Ці ўдасца кіраўніку Беларусі зламаць сцэнар выбарчай кампаніі?

«Беларускі лідэр на хаду імкнецца разыграць «крамлёўскую карту», — піша Валер Карбалевіч на Радыё Свабода. — Цяперашняя схема «народ супраць Лукашэнкі» павінна ператварыцца ў «Крэмль супраць Лукашэнкі». І ўсе праціўнікі беларускага лідэра аўтаматычна ператвараюцца ў агентаў Масквы, калябарантаў і здраднікаў».

На думку палітоляга гэтае пераключэньне інфармацыйнага экрану на іншы канал не спрацуе. І вось чаму.

«Давер грамадзтва да Лукашэнкі і дзяржаўных мэдыя моцна зьнізіўся. І іх магчымасьці вызначаць парадак дня грамадзкіх дыскусій ужо не такія, як раней, — адзначае Валер Карбалевіч. — У Беларусі ідэйнымі праціўнікамі палітыкі інтэграцыі з Расеяй зьяўляюцца нацыянальна-арыентаваныя палітычныя сілы. Калі сачыць за дыскусіяй у Фэйсбуку, то частку беларускіх нацыяналістаў можна зачапіць на гэтую паліттэхналягічную вуду. Але далёка ня ўсіх. Вось нават Зянон Пазьняк даволі прыхільна паставіўся да Сяргея Ціханоўскага. Ужо ня кажучы пра Міколу Статкевіча і Паўла Севярынца.

Што тычыцца электарату Лукашэнкі і апалітычных абывацеляў, то яны якраз даволі прыхільна, ляяльна ставяцца да Расеі. І зачапіць іх антырасейскімі лёзунгамі будзе зусім няпроста. А калі абвясьціць людзей, якія стаяць у чэргах па ўсёй краіне, каб падпісацца за альтэрнатыўных кандыдатаў, спрэс агентамі Масквы, то можна атрымаць нават адваротны эфэкт.

Больш тонкая праблема — рэакцыя Захаду. Тут лёгіка Лукашэнкі даволі празрыстая. Абвясьціць беларускі Майдан прарасейскай акцыяй, а ўсе рэпрэсіі супраць палітычных апанэнтаў трактаваць як абарону незалежнасьці краіны ад расейскай навалы. І спробы ЗША і ЭЗ асудзіць перасьлед апазыцыі аўтаматычна ператварыць у падтрымку расейскай гібрыднай вайны супраць незалежнасьці Беларусі. Але ж большасьць заходніх краінаў маюць у Менску свае амбасады і могуць добра распазнаць фальшывую гульню».

Последнее в рубрике