Карбалевіч: «Саюзнікі, якія ўтрымліваюцца ва ўладзе на штыках, Расіі не даспадобы»

Карбалевіч: «Саюзнікі, якія ўтрымліваюцца ва ўладзе на штыках, Расіі не даспадобы»

Якім Расія бачыць будучае Беларусі і ці зменіцца настрой саміх беларусаў у бок Захаду?

Палітолаг Валерый Карбалевіч не лічыць магчымым палацавы пераварот у Беларусі.

— Магчымасць палацавага перавароту вельмі невялікая. Я б сказаў, што ў сілавых колах зараз няма расколу, але ёсць пэўнае браджэнне і пра гэта сведчаць адстаўкі ключавых фігур сілавога блоку,  Вакульчыка і Караева.

Па-першае, у нас няма традыцыі, каб вайскоўцы, сілавыя структуры бралі на сябе палітычную ролю. Па-другое, у Беларусі дзевяць структур з правам оператыўна-вышуковай дзейнасці, якія сочаць адна за другой і кожная падпарадкоўваецца непасрэдна Лукашэнку. Таму цяжка ўявіць нейкую змову, такую, каб яна не была незаўважаная.

І Лукашэнка пастаянна «чысціць», як толькі падазрэнні невялічкія з’яўляюцца аб тым, што ёсць нелаяльнасць, ён тут жа адпраўляе ў адстаўку гэтых людзей, шукае новых, якія гатовыя навесці парадак, — патлумачыў палітолаг у жывым эфіры Белсату.

Між тым адстаўку ключавых фігур сілавога блока ён лічыць адным з галоўных вынікаў беларускай рэвалюцыі, якая вызывае ў некаторых скептыцызм.

Ціск Расіі на Лукашэнку з патрабаваннямі транзіту ўлады Карбалевіч таксама расцэньвае як вынік ад уплыву пратэстаў.

— Расія цісне на Лукашэнку з патрабаваннем правесці нейкі транзіт улады, бо саюзнікі, якія ўтрымліваюцца ва ўладзе на штыках, Расіі не даспадобы. Гэта азначае, што Лукашэнка праз дастаткова кароткі час павінен сысці, — робіць вынік палітолаг.

Ён расказвае пра умовы, пры якіх у беларусаў заходнія настроі  змогуць пераважыць прарасейскія.

— Калі ўзрасце роля парламента і абмяжуюцца паўнамоцтвы прэзідэнта, — гэта варыянт, які Расіі даспадобы хутчэй за ўсе. Расія плануе праз створаныя з яе дапамогай прарасійскія партыі ажыццявіць вялікі ўплыў на беларускую палітыку. І адна з такіх партый ужо ствараецца — «Саюз».

Расія ёй і, магчыма, іншым прарасійскім сілам будзе аказваць дапамогу, і матэрыяльную, і інфарматыўную. Такім чынам яна будзе кантраляваць сітуацыю ў Беларусі. Я думаю, што стаўка робіцца менавіта на такі сцэнарый.

Расія ўпэўнена, што Беларусь вельмі моцна эканамічна залежыць ад яе. Другі момант — настрой беларускага грамадства, дастаткова лаяльны ў адносінах да Расіі. І менавіта яны будуць уплываць на прарасійскую арыентацыю беларускай улады.

Калі ж сапраўды ў Беларусі з’явіцца дэмакратыя, а з ёй і розныя палітычныя партыі, якія будуць на дэмакратычных умовах змагацца за ўладу, тады будуць праеўрапейскія і прарасійскія партыі, будуць і  партыі, ўвогуле без ніякай замежнай арыентацыі, якія будуць арыентавацца на нейкія ўнутрыпалітычныя працэсы. І гэта будзе вялікі крок наперад, — лічыць палітолаг.   

Последнее в рубрике