Карбалевіч: Як Лукашэнка спрабуе выправіць уласныя памылкі
04.03.2020

Карбалевіч: Як Лукашэнка спрабуе выправіць уласныя памылкі

Пра чарговую нараду наконт галоўнага сёньня беларускага пытаньня — нафты. Дзе прагучалі новыя нюансы.

Праводзячы нараду, Аляксандар Лукашэнка кінуў рэпліку, што ўраду трэба зьнізіць залежнасьць беларускай эканомікі ад нафты і дывэрсыфікаваць крыніцы эканамічнага росту. Здавалася б, адзначае Валер Карбалевiч на Радыё Свабода, вось зручны момант памяняць структуру эканомікі, зрабіць стаўку на новыя, больш сучасныя галіны.

Аднак гэта было сказана мімаходзь. Галоўны акцэнт рабіўся на тое, каб за ўсякую цану вярнуць нафтаперапрацоўцы ранейшую вагу.

Лукашэнка ня быў бы сам сабою, каб не абурыўся дзеяньнямі замежных партнэраў.

— Асобныя дзяржавы зразумелі, што пры дапамозе вэнтыля на нафтавай трубе выгадныя ім пытаньні вырашаюцца значна лягчэй. Ня думайце, што я намякаю тут толькі на Расею... На жаль, нягледзячы ні на якія ўзаемныя абавязаньні, такая практыка стала стасавацца і ў дачыненьні да Беларусі, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Умовы пастаўкі нафты ва ўльтыматыўнай форме ўвязваюцца зь іншымі праблемамі, якія хоча вырашыць краіна-пастаўнік. Адбываецца гэта без аглядкі на дзейную дагаворную базу і прынцыпы пабудовы нашых адносінаў.

Здаецца, тут Лукашэнка меў на увазе («ня думайце, што намякаю тут толькі на Расею») Казахстан, таксама хаўрусьніка Беларусі ў ЭАЭС і АДКБ. 2 сакавіка намесьнік міністра гандлю гэтай краіны Кайрат Тарэбаеў заявіў, што Казахстан гатовы паставіць Беларусі нафту толькі з мытам. І вось гэта абурыла беларускага кіраўніка.

У выступе Лукашэнкі былі элемэнты таго, што можна назваць больш-менш далёкасяжнай стратэгіяй. Але гэта была не стратэгія структурных рэформаў, пра што шмат гадоў кажуць беларускія і замежныя эканамісты, а стратэгія за ўсякую цану захаваць стутус-кво. Яе сэнс у тым, каб унікнуць залежнасьці ад аднаго пастаўніка і рабіць акцэнт на дывэрсыфікацыі, на пошуку «доўгатэрміновых альтэрнатыўных крыніц сыравіны».

— Мы самі вінаватыя, што не дывэрсыфікавалі ў свой час пастаўкі нафты. Манапалізм заўсёды прыводзіць да падобных вынікаў, — заўважыў Лукашэнка.

Ён вельмі рэдка прызнае ўласныя памылкі. А вось цяпер прызнаў, хоць і схаваўся за словам «мы». Стаўка на аднаго партнэра, на Расею, прычым ня толькі ў пытаньнях паставак нафты, — гэта сапраўды вялізная памылка і віна Лукашэнкі перад гісторыяй і краінай. Дарэчы, БНФ яшчэ у 1990-я гады прапаноўваў правесьці нафтавы калектар ад Балтыкі праз Украіну да Чорнага мора, каб ня быць поўнасьцю залежнымі ад Расеі.

І вось цяпер Лукашэнка ставіць задачу: «Каля 40%, можа быць, 50% будзем па-ранейшаму купляць нафты ў Расеі (калі Расея захоча), калі канчаткова дывэрсыфікуем. А па 30% можам купляць з партоў Балтыкі і з Адэсы. Гэта будуць тры крыніцы».

І тут ёсьць важны нюанс. Калі пад Новы год сарваліся дамовы з расейскімі кампаніямі і Лукашэнка даручыў ураду шукаць нафту ў іншым месцы, большасьць экспэртаў прыйшлі да высновы, што гэта проста шантаж Расейскай Фэдэрацыі. Маўляў, міне час, памірацца з Расеяй і пра альтэрнатыву забудуць. Магчыма, што насамрэч так і было. Але замірэньне з Масквой не ўдалося, і кіраўнік Беларусі нарэшце гэта зразумеў.

Дык вось цяпер, кажучы пра альтэрнатыўныя пастаўкі нафты, Лукашэнка робіць акцэнт на слове «доўгатэрміновыя» (пагадненьні). «Неабходныя комплексныя і сыстэмныя інфраструктурныя рашэньні. Варта прадумаць магчымасьць рэалізацыі сумесных праектаў з замежнымі кампаніямі — уласьнікамі сыравіны», — кажа ён. І на гэта варта зьвярнуць увагу.

Адным з такіх праектаў, паводле Лукашэнкі, павінна стаць дабудова нафтаправоду да Балтыкі. Існуе стары, з савецкіх часоў, трубаправод, але ён патрабуе рамонту і дабудовы. Лукашэнка прапануе ўзяць танны крэдыт у ЗША (дзяржаўны сакратар Майк Пампэо нібыта сам прапанаваў) і за 1,5-2 гады давесьці гэты нафтаправод да ладу.

Што ж, як вядома, лепш позна, чым ніколі.

Последнее в рубрике