Карбалевіч: Беларусь асьцярожна падтрымала ЗША у іх канфлікце з Іранам
08.01.2020
Валер Карбалевіч, Радыё Свабода

Карбалевіч: Беларусь асьцярожна падтрымала ЗША у іх канфлікце з Іранам

Зусім розная рэакцыя Беларусі і Расеі.

Расея ў амэрыкана-іранскім канфлікце фактычна падтрымлівае Тэгеран. РФ разам з Кітаем заблякавалі заяву Рады Бясьпекі ААН па асуджэньні атакі на амэрыканскую амбасаду ў Іраку, якая адбылася 31 сьнежня. Міністэрства абароны Расеі ўсяляк расхвальвае забітага Касэма Сулеймані, расейскія дзяржаўныя мэдыі асуджаюць ЗША. І гэта зразумела, бо падчас вайны ў Сырыі РФ і Іран былі саюзьнікамі. А ў ЗША Масква бачыць непрымірымага ворага.

Беларусь рэагуе інакш. Беларускія дзяржаўныя мэдыі імкнуцца захоўваць нэўтралітэт у канфлікце Вашынгтону і Ірану. І на гэтым тле выдзяляецца тэлефонная размова міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея зь дзяржаўным сакратаром ЗША Майкам Пампэо 6 студзеня.

З сайту МЗС Беларусі незразумела, хто каму патэлефанаваў. Але сам факт размовы міністра з асобай, адказнай за замежную палітыку ЗША ў момант вострага канфлікту Злучаных Штатаў з Іранам, даволі паказальны. Макей мог бы дзеля раўнавагі патэлефанаваць у Тэгеран. Але не.

Другі момант. Паводле інфармацыі МЗС Беларусі, «зь беларускага боку пацьверджана гатоўнасьць прыняць Дзяржаўнага сакратара ЗША зь візытам у ўзаемапрымальныя даты, адзначана важнасьць адкрытага абмену думкамі па пытаньнях разьвіцьця двухбаковых адносінаў, сытуацыі ў рэгіёне і сьвеце ў цэлым». То бок, беларускае пасланьне ў Вашынгтон такое: мы вас чакаем.

І самае галоўнае. Падчас тэлефоннай размовы Ўладзімер Макей «выказаў асуджэньне любых дзеяньняў, якія парушаюць прадугледжаныя Венскай канвэнцыяй аб дыпляматычных зносінах прывілеі і імунітэты дыпляматычных прадстаўніцтваў».

Нагадаю, што ракетны удар ЗША, у выніку якога быў забіты Касэм Сулеймані, стаў адказам на атакі на амэрыканскую амбасаду ў Іраку. І Макей, асуджаючы «любыя дзеяньні» супраць «дыпляматычных прадстаўніцтваў», фактычна салідарызуецца з пазыцыяй Вашынгтону. У гэтым кроку выявілася прынцыповае адрозьненьне ад пазыцыі Расеі, якая ў ААН адмовілася асудзіць атаку на амэрыканскую амбасаду ў Іраку.

Цяперашняя пазыцыя афіцыйнага Менску паказвае, як моцна памянялася замежная палітыка Беларусі. У 1990-2000-я гады беларускае кіраўніцтва праводзіла жорсткі антыамэрыканскі курс. Лукашэнка тады бег наперадзе паравоза і ўвесь час асуджаў Расею за ляяльнасьць да Захаду і ЗША.

І наадварот, з Іранам тады сябравалі. Зьявіўся нават нейкі антыамэрыканскі саюз краін-ізгояў: Беларусь, Іран, Вэнэсуэла, Куба і інш. Тады Беларусь нават спрабавала распрацоўваць нафтавыя радовішчы ў Іране, але беспасьпяхова.

Аднак часы мяняюцца. Беларусь выйшла з міжнароднай ізаляцыі, пачаўся працэс нармалізацыі адносін з Захадам. У выпадку чаго, Іран наўрад ці стане абараняць незалежнасьць Беларусі.

А вось ЗША ўсяляк падкрэсьліваюць падтрымку беларускага сувэрэнітэту. Пра гэта казалі падчас мінулагодніх візытаў у Менск дарадцы прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Джон Болтана і намесьніка дзяржсакратара Дэйвіда Гэйла. Плянаваны візыт Пампэо ў Менску, паводле прэс-рэлізу Дзяржаўнага дэпартамэнту Злучаных Штатаў, меўся «падкрэсьліць прыхільнасьць ЗША да сувэрэннай, незалежнай, стабільнай і квітнеючай Беларусі».

Камэнтуючы тэлефонную размову з Макеем, прэсавая сакратарка Дзярждэпартамэнту ЗША Морган Артагус заявіла: «Дзяржсакратар высока ацаніў падтрымку Беларусі ў асуджэньні нападу на амбасаду ЗША ў Багдадзе. Сакратар Пампэо пацьвердзіў моцную прыхільнасьць ЗША да сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Беларусі».

Для Беларусі якраз цяпер, падчас вострага крызысу ў адносінах з Расеяй, такая пазыцыя ЗША вельмі важная. У гэтым сэнсе жэст афіцыйнага Менску цалкам лягічны і прагматычны.

Последнее в рубрике