Кандыдацтва як праклён. Навошта беларусы ідуць у прэзыдэнты
13.05.2020
Віталь Цыганкоў, Радыё Свабода

Кандыдацтва як праклён. Навошта беларусы ідуць у прэзыдэнты

Стала ўжо агульным месцам сьцьвярджаць, што патэнцыйныя кандыдаты, якія вылучаюцца на цяперашніх выбарах, робяць гэта дзеля сваёй будучай палітычнай пэрспэктывы. Маўляў, яны адэкватныя людзі, разумеюць, што перамагчы сёньня ім ніхто не дазволіць — але ідуць дзеля таго, каб заняць сваё «пачэснае месца» ў актыўнай і канкурэнтнай палітыцы наступных гадоў.

Нібыта лягічны аргумэнт, які, аднак, ня ўлічвае адной сумнай акалічнасьці. Каму зь беларускіх палітыкаў удзел у прэзыдэнцкіх выбарах у часы Лукашэнкі пайшоў на карысьць, каму яны сталі трамплінам для будучай пасьпяховай палітычнай кар’еры?

Шрайбман: Выдвижение Бабарико и Цепкало — это симптом брожения в элитах

Нікому.

Усё наадварот. Кандыдатаў (нават патэнцыйных) у прэзыдэнты альбо саджалі (Чыгір, Марыніч, Казулін, у 2010-м — Вус, Міхалевіч, Някляеў, Саньнікаў, Статкевіч), альбо выбары станавіліся вяршыняй іхнай палітычнай кар’еры, пасьля чаго адбывалася падзеньне. «Адзіных» Ганчарыка і Мілінкевіча адразу пасьля галасаваньня апазыцыя «разьвенчвала», пазбаўляючы статусу «лідэра апазыцыі». І нават маладая Тацяна Караткевіч (у якой, здавалася б, усё наперадзе) пасьля выбараў сышла ў цень, і цяпер ад «Гавары праўду» ідзе іншы чалавек — а чамусьці не яна, у якой, магчыма, застаецца даволі вялікая пазнавальнасьць сярод насельніцтва.

Гэта ўвогуле нейкае беларускае правіла — акрамя Гайдукевіча і Лукашэнкі, ніхто яшчэ ў беларускай гісторыі ня быў кандыдатам у прэзыдэнты больш за адзін раз. Кандыдацтва як праклён.

Таму наконт матывацый цяперашніх вылучэнцаў застаюцца тры вэрсіі.

Яны гэтага правіла не разумеюць. Цалкам дапушчальна для некаторых «анэкдатычных» прэтэндэнтаў.

Яны гэтае правіла ведаюць, але пабыць кандыдатам для іх — ужо дастатковая мэта сама па сабе, прыгожы радок у біяграфіі. Урэшце, гэта таксама даволі адэкватная матывацыя.

Яны ўсё разумеюць, але думаюць, што гэтым разам будзе ўсё па-іншаму. Што на фоне абяцаных Лукашэнкам зьменаў у Канстытуцыю пасьля гэтых выбараў будзе зусім іншае палітычнае жыцьцё, пропускам у якое стане іхнае кандыдацтва.

Віктар Марціновіч: Чаму банкір і стваральнік ПВТ ідуць ва-банк

Последнее в рубрике