Каго зарэгіструюць улады? Палітычны расклад ад Валера Карбалевіча
23.06.2020

Каго зарэгіструюць улады? Палітычны расклад ад Валера Карбалевіча

Упершыню за ўсю гісторыю кіраваньня Лукашэнкі электаральны расклад — хто за каго з кандыдатаў прагаласуе — можа мець значэньне.

Паводле Цэнтральнай выбарчай камісіі, больш за 100 тысяч подпісаў здалі ў выбаркамы сем прэтэндэнтаў на пасаду кандыдата ў прэзыдэнты: Аляксандар Лукашэнка, Віктар Бабарыка, Валер Цапкала, Сьвятлана Ціханоўская, Ганна Канапацкая, Андрэй Дзьмітрыеў, Сяргей Чэрачань.

Хто з прэтэндэнтаў колькі сабраў, пакуль невядома, піша на Радыё Свабода палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч, аналізуючы першы этап выбарчай кампаніі. Можна толькі спасылацца на інфармацыю з штабоў кандыдатаў. Паводле іх, у падтрымку Лукашэнкі сабралі каля 2 млн подпісаў, Бабарыкі — 434 тысячы, Цапкалы — 200 тысяч подпісаў. Ва ўсіх астатніх, як можна меркаваць, колькасьць подпісаў ледзь перавышае 100 тысяч.

Варта адзначыць, што ня спраўдзіліся ўсе прагнозы наконт таго, хто зможа сабраць неабходную колькасьць подпісаў. З досьведу папярэдніх выбараў рабіліся высновы, што плянку ў 100 тысяч могуць пераадолець толькі тыя палітыкі, чые ініцыятыўныя групы налічваюць ня менш як 3 тысячы чальцоў. Хачу нагадаць, што пасьля правалу кампаніі 2015 году Лідзія Ярмошына нават выступіла з прапановай панізіць плянку да 70 тысяч подпісаў.

І вось цяпер высьветлілася, што рашэньне праблемы палягае зусім у іншай плашчыні. Варта было вярнуць цікавасьць да прэзыдэнцкіх выбараў, пасеяць надзею на магчымасьць перамен, зьмены ўлады, як народ па ўсёй краіне выстройваўся ў чэргі, каб падпісацца ў падтрымку альтэрнатыўных кандыдатаў. Высьветлілася, што нават з малой ініцыятыўнай групай, як у Сьвятланы Ціханоўскай (спачатку налічвала звыш 200 чалавек, а пасьля рэпрэсій скарацілася да 100), але пры шалёнай папулярнасьці яе мужа Сяргея, неабходную колькасьць галасоў сабраць можна.

Яшчэ адна заўвага. Сярод назіральнікаў выказваліся сумненьні наконт таго, што некаторыя кандыдаты, напрыклад, Канапацкая, Чэрачань, сапраўды сабралі 100 тысяч подпісаў. Бо вядома, што сабраць і здаць — гэта розныя рэчы.

Цяпер самае галоўнае пытаньне ў тым, каго зарэгіструюць. Усім відавочна, што гэтае пытаньне ўлады будуць вырашаць не на прававым грунце, а з гледзішча палітычнай мэтазгоднасьці. І асноўная загадка: ці зарэгіструюць Віктара Бабарыку?

Здаецца, самае лягічнае з гледзішча ўладаў рашэньне — зарэгістраваць усіх сем кандыдатаў, незалежна ад таго, якой якасьці ў іх подпісы. У такім выпадку галасы пратэставага электарату расьцярушваюцца, паміж усімі апанэнтамі Лукашэнкі, і кіраўнік дзяржавы будзе мець не такі нізкі вынік у параўнаньні з Бабарыкам, чым калі б яны засталіся адзін з адным сам-насам.

Аднак ня ўсё так проста. Па-першае, зьявіўся відавочны лідэр перадвыбарчай гонкі. Гэта Віктар Бабарыка. Фактычна на ім вісіць брэнд «Адзіны кандыдат». Якраз у пошуках яго беларускія дэмакраты затрацілі шмат гадоў і высілкаў. Тут ён зьявіўся сам, спантанна, без усялякіх «праймэрыз». А калі ёсьць фаварыт, то, па законах сацыялёгіі, ён забірае асноўную, львіную долю галасоў пратэставага электарату.

Па-другое, гэта можа падацца дзіўным, але калі кандыдатаў будзе шмат, яны могуць забраць галасы ня толькі ў Бабарыкі, але і ў Лукашэнкі. Бо існуе пэўная частка электарату, якая лічыць Бабарыку расейскім агентам. І паўстаўшы перад выбарам — Лукашэнка ці Бабарыка — яны могуць падтрымаць дзейнага кіраўніка, бо, маўляў, ён жа адстойвае незалежнасьць краіны. А вось калі кандыдатаў будзе шмат, то гэтыя людзі могуць прагаласаваць за некага іншага, а не за Лукашэнку.

Вядома, шмат хто можа сказаць — пры чым тут усе гэтыя развагі пра варыянты галасаваньня, калі галасы ў Беларусі ня лічаць? Але справа ў тым, што ўпершыню за ўсю гісторыю кіраваньня Лукашэнкі гэты электаральны расклад можа мець значэньне.

«Евросоюз был в плену своих иллюзий по поводу Лукашенко», — политолог

Последнее в рубрике