«Кітайцы не ў захапленні ад палітычнага крызісу ў Беларусі». Ці можа Лукашэнка разлічваць на падтрымку Пекіна?
30.08.2021

«Кітайцы не ў захапленні ад палітычнага крызісу ў Беларусі». Ці можа Лукашэнка разлічваць на падтрымку Пекіна?

Ва ўмовах фінансавага ціску з боку Захаду беларускі рэжым спадзяецца атрымаць грошы ад тых, каго лічыць саюзнікамі. На першых пазіцыях тут Расія і Кітай. Але ці ёсць падставы разлічваць на Пекін у вырашэнні эканамічных праблем?

«Кітай цаніў Беларусь за парадак і моцную цэнтральную ўладу»

З фінансавых справаздач вынікае наступнае: за першае паўгоддзе 2021-га экспарт у Кітай склаў 398 мільёнаў долараў, а вось імпарт з Кітая — 1 мільярд 862 мільёнаў долараў. Але нават тое — кропля ў моры ад таго, што за гэты ж час Кітай паставіў у ЕС (за 2020 год кітайскі экспарт у Еўропу — 568 мільярдаў долараў). Кітай заўжды разглядаў Беларусь як трамплін на гэты вялізны рынак, наўрад ці кітайцы зацікаўленыя ў выключна кітайска-беларускіх адносінах, ім хацелася б больш прадуктыўна гандляваць з Еўропай.

Пры гэтым уступленне Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю было адной з галоўных умоваў беларуска-кітайскага эканамічнага сяброўства, і гэтай зімой мы меліся ўступіць у СГА, але Міністэрства камерцыі ЗША зноў прызнала Беларусь краінай з нярынкавай эканомікай.

«Удумлівыя, пралічаныя і максімальна прагматычныя кітайцы далёка не ў захапленні ад палітычнага крызісу пасля 9 жніўня і заходніх санкцый супраць рэжыму — так апісвае эканамічную логіку кітайцаў аналітык Цэнтра ўсходніх даследаванняў Каміль Клысінскі. — Кітай да 9 жніўня 2020 цаніў Беларусь за парадак і моцную цэнтральную ўладу, якая была здольная весці дыялог з Захадам і сябраваць з Расіяй, цяпер жа Беларусь далёка сышла ад свайго ранейшага статусу, што ставіць пад пытанне будучыню кітайска-беларускіх адносін.

З гледзішча Пекіна Беларусь не адпавядае сваёй рэпутацыі стабільнага, надзейнага і бяспечнага «мосту» паміж Усходам і Захадам, а таму не можа гарантаваць бесперабойнасць паставак кітайскага экспарту ў рамках праекта «Адзін шлях».

Таксама гэта ўжо не самае ўдалае месца для інвеставання і лагістычных праектаў, кшталту «Вялікага каменя». Таму Кітай не спяшаецца ні з фінансавай, ні з палітычнай падтрымкай Лукашэнкі, што думаю, моцна засмучае Мінск».

Клысінскі канстатуе, што ізаляваная з боку ЕС і ЗША Беларусь не можа нічога гарантаваць і непатрэбна Кітаю, у гэтых умовах можна чакаць рост інтарэсу Пекіна да Украіны.

У той жа час Лукашэнка пагражае Германіі спыніць транзіт іх грузаў у Расію і Кітай.

«З такім глыбока негатыўным інвестыцыйным кліматам Кітай не намераны забяспечваць Беларусь вялікім стабілізацыйным крэдытам, і нават інвестыцыйная крэдытная лінія пад пытаннем», — кажа Клысінскі.

А што з кітайскімі крэдытамі?

Для Беларусі на дадзены момант адкрыта шматмільярдная крэдытная лінія ў кітайскіх банках. Цяпер беларусы могуць карыстацца амаль 5 мільярдамі даляраў пад адносна танны працэнт (2-5%), але гэтага не робяць. Праз Банк Развіцця, напрыклад, можна прыцягнуць да 700 мільёнаў долараў для юрасобаў любой формы ўласнасці. Але пад якія ўмовы? На 50% гэта звязаны крэдыт, які прадугледжвае абавязковы ўдзел кітайскага боку ў рэалізацыі праекта або сваімі паслугамі, або людзьмі, або таварамі.

Яшчэ трыма мільярдамі долараў можна карыстацца пры не менш як 60% удзеле кітайскага боку ў прамысловым праекце, або 35% у інфраструктурным. 1,4 мільярда долараў можна ўзяць пад гарантыі ўрада Беларусі.

Але гэтыя грошы не чапаюць. Эканамісты робяць выснову, што гэта сістэмная праблема.

«Насамрэч яшчэ да палітычнага крызісу, калі нават у нашых банках быў лішак ліквіднасці, відавочна была адсутнасць добрых інвестпраектаў. З кітайскай крэдытнай лініяй задача яшчэ больш складаная — трэба не проста добры праект, а добры праект, які цікавы кітайцам і які можна зрабіць з кітайскімі падрадчыкамі і партнёрамі. У нас жа пакуль досвед супрацоўніцтва змяшаны, з аднаго боку ёсць удалыя праекты, з іншага — ёсць вельмі праблемныя кшталту Светлагорскага камбіната. Прыватнікі не хочуць туды лезці праз палітычныя рызыкі і адсутнасць досведу работы з кітайцамі, дзяржаўныя кампаніі бачаць няўдалыя прыклады супрацоўніцтва і лішні раз не лезуць таксама. Пасля палітычнага крызісу згас і інтарэс Кітая», — лічыць акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова.

А што ж з паркам «Вялікі камень», пра які так гучна заяўлялі ўлады?

«Ідэя «Вялікага каменя» была ў выгадным геаграфічным становішчы Беларусі і ільготах. Але гэтыя плюсы сёння моцна перакрываюцца праз санкцыі і палітычны крызіс», — кажа Кацярына Барнукова.

У той жа час, беларуска-кітайскі індустрыяльны парк гэта не ўнікальны праект, Кітай імкнецца ствараць такія паркі па ўсім свеце, і беларускі на іх фоне не вылучаецца звышпоспехамі.

Паказальны момант беларуска-кітайскага супрацоўніцтва — пастаўка нашых трактароў, якія, паводле кітайскай прэсы, праявілі сябе не лепшым чынам: кітайцы вырашылі проста скапіяваць патрэбныя ім тэхнічныя напрацоўкі і адмовіцца ад паставак.

Бяспека і абарона — найбольш перспектыўны кірунак

Трэці кірунак беларуска-кітайскага супрацоўніцтва — вайсковая сфера і пытанні бяспекі, беларускія сілавікі называюць гэта «жалезным братэрствам».

Акурат такі гэты кірунак выглядае найбольш перспектыўным і цікавым кітайцам, але не можа гарантаваць крэдыты і грошы.

Яшчэ ў 2017-м бакі падпісалі ўгоду, што будуць разам супрацьдзейнічаць «каляровым рэвалюцыям». Кітайцы прадаставілі беларускім сілавікам вучыцца ў кітайскіх універсітэтах у інтарэсах МУС. На бясплатную праграму з'ездзілі дзеці кіраўнікоў МУС — Караева, Бурмістрава.

Беларусь таксама мае кантракты з Кітаем у сферы ВПК, але з прыведзенай па фінансавых справаздачах можна зразумець, што ў агульнай карціне гандлёвага абароту глабальна не ўплываюць на парадак двухбаковых лічбаў.

Рэзюмуючы, можна падсумаваць, што нягледзячы на пафасныя заявы аб «усепагодным партнёрстве» Кітай губляе інтарэс да Беларусі, спадзяванні на фінансава-палітычную падтрымку могуць застацца толькі на ўзроўні словаў.

Последнее в рубрике