Яшчэ адзін удар па беларускім рублі
29.04.2020
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by

Яшчэ адзін удар па беларускім рублі

Пра негатыўныя фактары, з якімі можа сутыкнуцца беларуская эканоміка ўжо летам.

Крызісныя з’явы ў свеце, безумоўна, не абмінаюць і Беларусь.

У сувязі з апошнімі абставінамі Міжнародны валютны фонд ужо абвясціў пра глабальнае зніжэнне эканамічнай актыўнасці, узроўняў вытворчасці і спажывання. І гэта па выніках толькі некалькіх месяцаў жорсткай эканамічнай ізаляцыі ў Еўропе, Кітаі і менш строгіх абмежаванняў у ЗША.

Чаго варта чакаць у сувязі з гэтымі экстрэмальнымі абставінамі беларусам?

Напружаная эканамічная сітуацыя

Асобныя беларускія прадпрыемствы ў сферы паслуг ужо фактычна знаходзяцца на каранціне, які мы ўяўляем на прыкладзе суседніх краін: гэта турызм (аператары, гасцініцы, санаторыі), кінатэатры, забаўляльныя цэнтры і гэтак далей. Паводле некаторых звестак, кавярні і пункты хуткага харчавання таксама сталі карыстацца меншай папулярнасцю, некаторыя нават пайшлі на скарачэнне працоўных гадзін.

Змяншэнне прыбыткаў у такога кшталту бізнесаў, якія заўжды першымі сутыкаюцца з праблемамі падчас зніжэння даходаў і іншых крызісных з’яваў, можа выклікаць праблемы з аплатай арэнды. А гэта ўжо моцны ўдар па найбольш буйных і значных галінах эканомікі, у тым ліку па дзяржаўных арганізацыях.

Сёння можна нават пачуць пра вяртанне плацежнага крызісу накшталт таго, які назіраўся ў 2011–2012 гадах, або нават больш значнага — 90-х гадоў.

Дзяржаўны камітэт па маёмасці 15 красавіка падрыхтаваў праект указа, які прадугледжвае адтэрміноўку выплат за арэнду да 30 верасня з растэрміноўкай да 31 снежня. Толькі ў выпадку арганізацый, якія арандуюць памяшканні і зямлю ў дзяржструктур (альбо з дзяржаўным удзелам не менш за 50%).

Але адтэрміноўка падчас поўнай адсутнасці грашовых паступленняў ад дзейнасці не ёсць вырашэннем праблемы, толькі спробай адсунуць яе на некалькі месяцаў. Тым больш што дзяржава не кампенсуе выдаткаў арандатарам у камерцыйных структур, толькі ў дзяржаўных.

Невядома, які эканамічны фон будзе ў другой палове года і ці чакаюць нашу эканоміку тэндэнцыі па аднаўленні попыту. Таму прагназаваць прыбыткі і як вынік аплаты па арэндных абавязках за веснавы прастой не выпадае. Падзеі могуць мець катастрафічны характар не толькі для ўласнікаў бізнесу і іх працаўнікоў, але і для арандадаўцаў, якія не атрымаюць аплаты за свае паслугі. Што можа выклікаць «эфект даміно» ў адсутнасці выплат.

Міжнародны валютны фонд прагназуе па выніках 2020 года зніжэнне ВУП Беларусі на 5,5%, суседнія краіны таксама чакаюць страты — найбольш пацярпіць эканоміка Украіны, да 7,5%.

Існуюць і іншыя ацэнкі наступстваў рэцэсіі. Напрыклад, адзін з кіраўнікоў Федэральнага рэзерву ЗША лічыць, што беспрацоўе ў ЗША можа дасягнуць у наступным квартале 30% у выніку фатальнага зніжэння аб’ёмаў міжнароднага гандлю і бізнес-актыўнасці.

Адсутнасць даходаў нават і ў меншай колькасці актыўнага насельніцтва найбуйнейшай эканомікі свету можа выклікаць моцнае зніжэнне прыбыткаў кампаній у выніку абвалу попыту на тавары.

Ужо цяпер можна пачуць прагнозы зніжэння эканомікі да маштабаў фінансавага крызісу, які быў выкліканы Другой сусветнай вайной.

Удар засухай

Беларусь вельмі залежыць ад сітуацыі на знешніх рынках. Любыя адмоўныя ваганні цэнаў на нафту адразу негатыўна ўплываюць на курс беларускай валюты. А значыць, і на паступленні ў наш бюджэт, аб’ёмы гандлю таварамі на ўнутраным рынку, даходы насельніцтва.

Разам з пандэміяй і эканамічным крызісам эксперты прагназуюць чарговы засушлівы сезон у нашым рэгіёне, асабліва на поўдні краіны.

1

Ужо сёння беларускія СМІ паведамляюць пра амаль экстрэмальныя ўмовы правядзення сельскагаспадарчых прац пасля няснежнай зімы і адсутнасці дажджоў у веснавы перыяд.

Украінскія эксперты адзначаюць, што ўпершыню з часоў здабыцця незалежнасці краіны можа ўзнікнуць сітуацыя, калі будуць абмежаваныя правы на карыстанне крыніцамі вады праз магчымы экстрэмальны яе недахоп. Да меркавання спецыялістаў з суседняй краіны варта прыслухацца, бо для поўдня Беларусі гэта такі ж актуальны выклік (дастаткова зірнуць на мапу магчымых засух летам 2020).

1

Засуха не толькі можа прымусіць беларускіх вытворцаў укладаць дадатковыя сродкі, каб захаваць ураджай. Цэны на прадукты харчавання на сусветных рынках могуць знізіцца, што яшчэ больш знізіць прыбыткі:

«Ужо цяпер відавочна, што сусветны попыт на кармавыя збожжавыя знізіцца праз падзенне попыту на мяса і з прычыны нізкіх цэнаў на нафту (гэта значыць, што менш кукурузы ідзе на вытворчасць біяэтанолу ў ЗША, яе больш трапляе непасрэдна на рынак). Аналагічная сітуацыя з пратэінавымі кармамі. Тым больш што попыт на малако ў свеце падае, і ва Украіне таксама ўжо адчуваюцца гэтыя праблемы. Па цукры таксама перспектывы дрэнныя, таму што нафта таннее, а гэта значыць, што Бразілія перапрацоўвае трыснёг на цукар, а не на біяэтанол».

Такім чынам, павелічэнне выдаткаў пры зніжэнні цэнаў на прадукцыю можа стаць дадатковым ударам па нашых сельгасвытворцах, па бюджэце.

Дадатковы ціск на курс беларускага рубля

У 2020 годзе Беларусь павінная выплаціць 3,9 млрд долараў США па пазыках міжнародным партнёрам. Пры гэтым толькі за сакавік золатавалютныя рэзервы Беларусі знізіліся амаль на 1 мільярд і складаюць цяпер 7,8 млрд долараў.

Сродкі былі накіраваныя ў тым ліку на падтрымку курса беларускага рубля:

«Зніжэнне ўзроўню міжнародных рэзервовых актываў па выніках сакавіка ў асноўным абумоўленае продажам Нацыянальным банкам замежнай валюты на таргах ААТ «Беларуская валютна-фондавая біржа», а таксама планавым пагашэннем урадам і Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь знешніх і ўнутраных абавязанняў»

Напэўна, не выпадае чакаць скачкападобнага аднаўлення вытворчасці, попыту і бізнес-актыўнасці па прыкладзе 2009 года, калі свет выходзіў з абвалу праз іпатэчны крызіс у ЗША за кошт небывалых дагэтуль грашовых уліванняў у фінансавы сектар.

У той час фактычна за кошт падаткаплацельшчыкаў дзяржаўныя структуры ЗША і заходняй Еўропы выцягнулі фінансавыя інстытуты і банкі з эканамічнай багны.

Сёння дзяржавы найбольш заможнай часткі свету ў першую чаргу накіроўваюць сродкі на падтрымку малога і сярэдняга бізнесу — выдаткоўваючы вялікія грошы на кампенсацыі падчас каранціну, а не толькі ўліваюць ліквіднасць на фінансавыя рынкі.

Такая стратэгія кардынальна адрозніваецца ад захадаў 2008–2009 гадоў.

Некалькі адмоўных фактараў будуць у найбліжэйшы час моцна ціснуць на беларускую эканоміку. Нават недастатковая інтэграванасць у сусветны гандаль не дасць магчымасці ператрываць глабальны крызіс з меншымі стратамі, чым у суседніх краінах.

Последнее в рубрике