Як жывуць самыя бедныя і самыя багатыя раёны Беларусі

Як жывуць самыя бедныя і самыя багатыя раёны Беларусі

692 даляры — такі сярэдні заробак атрымлівалі жыхары Менску летась. Але шмат у якіх раёнах людзі і блізка не зарабляюць «па 500». Глядзім, што з эканомікай у самых бедных рэгіёнах Беларусі.

Найбяднейшыя

1

Два гады самы нізкі заробак — у Шаркаўшчынскім раёне

658 рублёў 7 капеек — такі сярэдні заробак за мінулы год атрымлівалі жыхары Шаркаўшчынскага раёну Віцебскай вобласьці, паводле Белстату. У заробках, як і летась, гэты раён прайграе ўсім астатнім.

Летась раёну ўдалося выйсьці ў плюс: калі ў 2018 годзе арганізацыі спрацавалі на мінус 345 тысяч рублёў, то за мінулы год удалося зарабіць 1,3 мільёна.

У раёне 11,8% стратных прадпрыемстваў і 9,9 мільёна рублёў запазычанасьці па пратэрмінаваных крэдытах. За год жыхароў раёну стала менш на 397 чалавек. Цяпер у Шаркаўшчынскім раёне жыве 14 тысяч чалавек, у эканоміцы занята ў 2,5 раза менш.

За год у раён удалося прыцягнуць 300 тысяч даляраў замежных інвэстыцый.

21 мільён пратэрмінаваных крэдытаў

674 рублі 6 капеек — такі сярэдні заробак летась атрымлівалі ў Мсьціслаўскім раёне Магілёўскай вобласьці. За год арганізацыі раёну спрацавалі ў плюс на 2,6 мільёна рублёў, але 15% з гэтых арганізацый стратныя. Ёсьць у раёну і даўгі — 21 мільён рублёў пратэрмінаваных крэдытаў.

Цяпер на Мсьціслаўшчыне жывуць 20 134 чалавекі, за год колькасьць жыхароў зьнізілася на 430 чалавек. У эканоміцы раёну занятыя толькі 37% жыхароў.

За год раёну ўдалося прыцягнуць інвэстыцый на 107 тысяч даляраў.

$2,2 мільёна інвэстыцый

Мёрскаму раёну Віцебскай вобласьці за год не ўдалося значна падняць сярэдні заробак: у 2018 годзе было 612 рублёў, летась стала 700. Насельніцтва за год зьменшылася на 469 чалавек, цяпер у раёне жывуць 19 424 чалавекі, і зь іх толькі 8 тысяч занятыя ў эканоміцы.

Чысты прыбытак усіх арганізацый раёну за год — 2,1 мільёна рублёў, 11,5% ад усіх арганізацый раёну стратныя. Але за год удалося прыцягнуць 2,2 мільёна даляраў замежных інвэстыцый.

Беспрацоўе — 0,4%

У Кармянскім раёне Гомельскай вобласьці летась зараблялі ў сярэднім 711 рублёў і 1 капейку. Але ў параўнаньні зь іншымі «беднымі» раёнамі тут нізкая сьмяротнасьць і нізкі ўзровень беспрацоўя. За год насельніцтва зьменшылася на 119 чалавек, а беспрацоўе складае ўсяго 0,4%.

Чысты прыбытак усіх арганізацый раёну за год — 2 мільёны рублёў, у раёне 8,3% стратных арганізацый, інвэстыцый у мінулым годзе не было зусім.

Амаль траціна арганізацый — стратныя

723 рублі 2 капейкі — такі заробак атрымлівалі летась жыхары Дрыбінскага раёну Магілёўскай вобласьці. Гэта толькі 80% ад заробку па ўсёй вобласьці. У Дрыбінскім раёне ўсяго 9,2 тысячы жыхароў, у эканоміцы занятыя менш за палову. За год арганізацыі раёну спрацавалі ў плюс на 1,9 мільёна рублёў, але 27,3% усіх арганізацый застаюцца стратнымі.

Да таго ж раён мае 16,7 мільёна рублёў даўгоў па пратэрмінаваных крэдытах. Інвэстыцый летась раён ня меў.

Самыя багатыя

1

Салігорскі раён на першым месцы па заробках ва ўсёй Беларусі. Летась тут зараблялі 1650 рублёў, гэта на 50% больш, чым агулам па Менскай вобласьці. За год арганізацыі раёну зарабілі 1,1 мільярда рублёў, стратных арганізацый у раёне толькі 4,5%. Але насельніцтва раёну скарачаецца — за год на 237 чалавек.

Інвэстыцыі ў раён летась склалі 2,5 мільёна даляраў.

ТОП самых багатых раёнаў, згодна з заробкамі, выглядае наступным чынам:

Менскі раён — 1325,4

Дзяржынскі раён — 1171,7

Рэчыцкі раён — 1154,4

Мазырскі раён — 1111,7

Последнее в рубрике