Як жыхар Слуцка судзіўся з банкам, супрацоўніца якога не разумее беларускай мовы
20.01.2020
Алеся Уладзімірава, Салiдарнасць

Як жыхар Слуцка судзіўся з банкам, супрацоўніца якога не разумее беларускай мовы

Каб атрымаць паслугу, кліенту давялося перакладаць ёй, што такое «вандроўка» і «установа».

Каб атрымаць паслугу, кліенту давялося перакладаць касіру, што такое «вандроўка» і «установа».

Гэтая гісторыя пачалася яшчэ ў лістападзе, калі Віталь Амяльковіч прыйшоў ў цэнтр банкаўскіх паслуг «Белаграпрамбанку» у Слуцку, каб аплаціць транспартныя выдаткі за паездку на перапахаванне Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў у Вільні.

Віталь перадаў касіру рэквізіты ўстановы на аркушы. Са слоў Віталя, супрацоўніца выказала незадавальненне тым, што інфармацыя на аркушы падаецца на беларускай мове. Высветлілася, што банкаўская камп’ютарная сістэма не мае беларускай раскладкі. Віталь дапамог касіру перакласці некаторыя словы з беларускай мовы на рускую.

— Яна не ведала слоў «вандроўка», «установа», «асветніцкая», — распавядае Амяльковіч. — Супрацоўніца іх проста не разумела.

Пасля таго, як кліент аплаціў паслугу, ён зрабіў касіру заўвагу: «Вучыце беларускую мову».

— У адказ я пачуў: «А зачем мне это надо?»

Віталь кажа, што яго абурыла інтанацыя касіра, у якой ён пачуў пагарду і агіду. Гэта і стала падставай для напісання скаргі ў кнігу заўваг і прапаноў.

— Людзі, каторыя ў паўсядзённым жыцці карыстаюцца беларускай мовай, з падобнымі сітуацыямі сутыкаюцца даволі часта. І са мной, чалавекам дзвюхмоўным, такое здаралася, калі нехта не разумее па-беларуску. Калі ты бачыш, што чалавеку няёмка, сорамна за тое, што ён не ведае, не валодае, не можа размаўляць па-беларуску, наўрад ці ў цябе будзе жаданне пісаць скаргу.

У адказе «Белаграпрамбанку» патлумачылі: «Так как государственными языками в Республике Беларусь являются белорусский и русский языки, специалисты банка в своей работе используют в общении язык, которым владеют в большей степени, для предоставления клиентам наиболее качественного сервиса».

— У банку не заўважылі праблемы, маўляў, што вы хочаце, у нас дзве дзяржаўныя мовы, «хто на какой хаціт — на той і гаварыт», — кажа Віталь. — Таму я і вырашыў звярнуцца са скаргай у суд Слуцкага раёна.

У заяве Віталь Амяльковіч прасіў суд прызнаць яго права карыстацца беларускай мовай парушаным, а дзеянні супрацоўніцы банка незаконнымі. Таксама ён пазначыў, што лічыць недапушчальным той факт, што, са слоў супрацоўніцы, банкаўская камп’ютэрная сістэма не дазваляе выкарыстоўваць і запісваць інфармацыю на беларускай мове.

1
Віталь Амяльковіч, фота з асабістага архіву

17 студзеня суд адмовіў Віталю Амяльковічу ў задавальненні скаргі на дзеянні цэнтра банкаўскіх паслуг, паколькі палічыў, што не ўстаноўлена фактаў парушэння права заяўніка карыстацца беларускай мовай. Довады Віталя аб тым, што супрацоўнік банка паводзіла сябе непрыстойна (з пагардай і агідай) суд палічыў надуманымі, спаслаўшыся на відэазапісы, прадастаўленыя банкам.

— Суд звёў маю скаргу да таго, што мне была аказаная паслуга, і мае прэтэнзіі да супрацоўніцы надуманыя, — гаворыць Віталь. — Уявіце сітуацыю, калі б да гэтай касіркі прыйшоў беларускамоўны чалавек, які не разумее па-руску, што б яна тады рабіла? Шукала перакладчыка?

Суразмоўца звяртае ўвагу на тое, што ў інструкцыі для банкаў пазначана, што яны могуць аказваць паслугі на беларускай альбо рускай мове.

— Пра гэта на працэсе распавядала юрысконсульт банка. Гэтае «альбо» стварае пагрозу для правоў расейскамоўных ці беларускамоўных. У законе аб мовах і ў Канстытуцыі гаворыцца пра роўнасць дзяржаўных моў.

Амяльковіч збіраецца абскарджваць рашэнне суда.

— Калі спатрэбіцца, я дайду да Камітэта па правах чалавека ААН. Гэта можа быць паказальны кейс дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце.

Последнее в рубрике