Як Расія ўспрымае пратэсты ў Беларусі
11.01.2021
Фото: Евразия эксперт

Як Расія ўспрымае пратэсты ў Беларусі

Галоўныя высновы экспертнай дыскусіі Цэнтра новых ідэй.

У снежні Цэнтр новых ідэй ладзіў анлайн-дыскусію, на якой расійскія і беларускія эксперты абмяняліся меркаваннямі наконт таго, як Расія ўспрымае пратэсты ў Беларусі. Вось асноўныя тэмы і думкі, якія абмяркоўваліся на мерапрыемстве.

Не варта ўспрымаць Расію як адзінае цэлае

Што датычыцца стаўлення да пратэстаў у Беларусі даследчыкі ўмоўна падзяляюць расіян на тры групы:

Лаяльныя да ўлады. Гэтыя людзі гатовыя падтрымаць любое рашэнне ўладаў. Яны бачаць пратэсты як бунт і падтрымліваюць Лукашэнку;

Пакуль яшчэ лаяльныя да ўлады. Для іх Беларусь трывала асацыюецца з СССР і міфам пра ўсё добрае, павязанае з ім;

Апазіцыйныя. Падтрымліваюць беларускі пратэсны рух і глядзяць на беларускі пратэст як на прыклад будучага ў Расіі.

Тут варта звярнуць увагу на дэталь: расіяне, якія апазіцыйна ставяцца да расійскай улады, не абавязкова падтрымліваюць пратэсты ў Беларусі. Яны могуць быць апазіцыйна настроеныя да ўлады ў Расіі, але да Беларусі могуць ставіцца адпаведна савецкім ці імперскім міфам.

Дэзарыентацыя ў расійскай грамадскай думцы

У параўнанні са жніўнем-вераснем 2020-га расіяне ўдзяляюць нашмат менш увагі падзеям у Беларусі. На гэта, паводле меркавання даследчыкаў, існуе некалькі прычынаў:

Напружанае становішча ў Расіі ды іншых суседніх краінах;

Не валоданне сапраўдным беларускім кантэкстам. Не толькі з боку масавай свядомасці, але і медыяў ды экспертаў;

Адсутнасць падтрымкі і жадання бачыць Беларусь больш паспяховай і дэмакратычнай, чым Расія.

Разрыў шаблону ў вачах расіян як масы

Адно з галоўных адрозненняў паміж грамадзянамі Беларусі і Расіі – тое, што першыя, у адрозненні ад другіх не згубілі веру ў выбары. Для большасці расіян, незалежна ад палітычных поглядаў, тэма выбараў неактуальная, гэта для іх нешта эфемернае. Адсюль прычына няпоўнага ўсведамлення вытокаў беларускага пратэсту. Другое непаразуменне ў галовах людзей – развейванне міфа пра Лукашэнку.

Магчымасць анексіі Беларусі ў масавай свядомасці беларусаў і расіян

Апошнія замеры грамадскай думкі ў Беларусі дэманструюць амаль аднагалосную падтрымку суверэнітэту Беларусі (больш за 90 %). Прычым так выказваюцца незалежна ад таго, ці людзі маюць лаяльнае стаўленне да пратэснага руху. А вось да масавай свядомасці расіян ёсць розныя падыходы.

Нельга выключаць магчымасці паўтору крымскага сцэнарыя ў адносінах да Беларусі. Некаторыя расіяне ўспрымаюць беларусаў як рускіх, толькі крыху непісьменных, якія жывуць за кошт расійскіх датацый. Іншыя ж лічаць, што ў адрозненні ад Крыма расіяне ўспрымаюць Беларусь як суверэнную дзяржаву, таму ў масавай свядомасці існуе менш варыяцыяў на тэму гэтак званага аднаўлення гістарычнай справядлівасці.

Пазіцыя Крамля і палітыка ў сучаснай Беларусі і Расіі

Падчас дыскусіі прагучала думка аб тым, што Расію і Беларусь аб’ядноўвае адсутнасць палітыкі як сферы грамадскага жыцця. На думку спікераў, у сучаснай Беларусі і Расіі няма палітыкі, ёсць адносіны паміж рознымі акторамі ў розны перыяд часу. Менавіта гэта неймаверна ўскладняе аналіз рэакцыі Крамля на пратэсты ў Беларусі, робіць яго, хутчэй, падобным на варажбу на кававай гушчы. Дакладна зразумела адно: кейс Беларусі не ўкладаецца ў карціну свету Крамля, таму цяпер ёсць адчуванне, што там не ведаюць, якое рашэнне прымаць.

Последнее в рубрике