Як праводзіць ЦТ ва ўмовах пандэміі? Варыянты ад педагогаў
17.04.2020
Ксенія Вядзьмедзь, Наша ніва

Як праводзіць ЦТ ва ўмовах пандэміі? Варыянты ад педагогаў

Мінадукацыі пакуль не прымала рашэнне аб пераносе ЦТ і ўступнай кампаніі, таму, па запланаваным раскладзе, на тэсціраванне ў гэтым годзе выпускнікі маюць ісці з 13 чэрвеня па 4 ліпеня.

«Наша Ніва» спытала ў педагогаў дзяржаўнай і недзяржаўнай адукацыі, як, па іх меркаванні, мусіць скласціся канец навучальнага года і паступленне выпускнікоў у ВНУ.

Настаўніца інфарматыкі ў Негарэльскай школе №1 Людміла Рыбчынская, якая ў мінулым годзе выйграла грант на 3500 еўра ад Google, лічыць, што здача ЦТ мусіць пачынацца ў ліпені, калі абстаноўка з вірусам будзе менш напружаная і больш бяспечная.

— Было б добра, калі б уступныя выпрабаванні можна было б арганізаваць дыстанцыйна: падрыхтаваць індывідуальныя тэсты для экзаменаў і праводзіць іх анлайн, — прапаноўвае Людміла. — Зразумела, што гэта ўсё вельмі праблематычна. Але ў плане навыкаў дыстанцыйных зносін гэта было б карысна як для выкладчыкаў, так і для дзяцей. Дыстанцыйна можна правесці і школьныя экзамены, асабліва тыя, якія здаюцца ў вуснай форме — проста арганізаваць здачу па відэасувязі.

Антон Рудэнка, настаўнік гісторыі ў прыватнай школе «Steam», не ўпэўнены наконт дыстанцыйнай здачы экзаменаў: тэхнічна гэта слаба рэалізуецца.

— Толькі ўявіце: дзясяткі тысяч чалавек будуць па відэасувязі запаўняць гэтыя бланкі. Слаба разумею, як гэта можна зрабіць з дому. Тым больш бланкі індывідуальныя, запячатаныя, іх адкрываюць проста ў аўдыторыі. Нават калі даслаць іх абітурыентам у электронным фармаце — немагчыма прасачыць за кожным чалавекам, каб ён іх атрымаў і ў яго не было з імі ніякіх праблем, — лічыць выкладчык.

На погляд Антона, ЦТ і ўступную кампанію таксама лепш перанесці на канец ліпеня:

— Калі будуць праводзіць ЦТ у чэрвені, як і плануецца, гэтым толькі створаць дадатковы асяродак эпідэміі, калі дзеці з усёй краіны паедуць падаваць дакументы ў ВНУ.

Тым больш цяпер многія ВНУ працуюць дыстанцыйна. Дык калі гэтыя ВНУ ўжо цяпер не гатовыя кожны дзень прымаць сваіх студэнтаў, то няўжо яны гатовыя арганізаваць пляцоўкі для здачы ЦТ школьнікамі з усёй краіны?

Перасунуўшы здачу хаця б на месяц, тым самым мы яшчэ і забяспечым сабе акно магчымасцяў, каб арганізаваць нейкія альтэрнатыўныя варыянты паступлення абітурыентаў. Гэта было б аптымальным прамежкавым рашэннем.

У педагога і былога супрацоўніка Мінадукацыі Сяргея Альшэўскага ёсць канкрэтны план дзеянняў, па якім мусіць працаваць ведамства.

Што прапаноўвае Альшэўскі:

- скончыць навучальны год ужо цяпер;

- адмяніць выпускныя экзамены;

- скарэктаваць ЦТ з улікам таго, што школьнікі не вывучалі, выключыўшы гэта з праграмы;

- перанесці ЦТ на ліпень, а ўступную кампанію — на жнівень;

- запусціць сістэму адзінага залічэння ў ВНУ, каб мінімізаваць усе кантакты абітурыентаў.

— Адмяніўшы экзамены, мы дамо школьнікам магчымасць падрыхтавацца да ЦТ, — удакладняе Сяргей. — Гэта будзе нават у плюс для тых, хто рэальна хоча паступіць. Магчымасцяў анлайн-падрыхтоўкі зараз дастаткова. Пакуль школьнікі спакойна рыхтаваліся б, міністэрства павінна было б запусціць нарэшце сістэму адзінага залічэння ў ВНУ і ўсё прайшло б на «ўра».

Адмяняць ЦТ у гэтым годзе і залічваць па сярэднім бале атэстата нельга, лічыць педагог:

— Сярэдні бал 7 у добрай гімназіі — гэта 9—10 ў сярэдняй школе. Калі паступаць па сярэднім бале, мы не дамо ВНУ атрымаць найлепшых абітурыентаў, бо вышэйшая адукацыя мусіць быць канкурэнтнай. Калі ўявіць зусім утапічную сітуацыю: давайце залічваць усіх і на ўсе спецыяльнасці, хто куды хоча, а па выніку першай сесіі ўсіх адлічваць. І што мы атрымаем? Усе пойдуць у БДУІР на праграмістаў і ў БДУ на ФМА, а астатнія ўніверсітэты студэнтаў недалічацца. Таму не трэба ўскладняць.

Але для таго, каб прыняць рашэнне, якое я прапаную, патрэбна смеласць. Ці пойдзе на гэта наша ўлада — для мяне складанае пытанне, таму што яе дзеянні ва ўмовах пандэміі я не разумею.

Беларускі дыстант: нараджэньне ў пакутах

Последнее в рубрике