Як Крэмль пашырае антырасейскія настроі ў Беларусі
05.09.2020
Севярын Квяткоўскі, Радыё Свабода

Як Крэмль пашырае антырасейскія настроі ў Беларусі

«Найлепшая дапамога ад РФ для РБ — не падтрымліваць дыктатара» — з такім плякатам нядаўна выйшла з адзіночным пікетам да расейскай амбасады ў Менску беларуская грамадзянка.

Парадокс сучаснай беларускай сытуацыі ў тым, што калі б Крэмль не прызнаў Лукашэнку за прэзыдэнта, то беларусы сталіся б па-сапраўднаму прарасейскімі. Бо ўсім відавочна, што Лукашэнка як кіраўнік Беларусі трымаўся і трымаецца выключна дзякуючы Крамлю. Менавіта ад афіцыйнай Масквы апошнія дваццаць зь лішкам гадоў ішла эканамічная падтрымка Беларусі (чытай — рэжыму Лукашэнкі). І вось калі б Крэмль спыніў эканамічную і палітычную падтрымку, на гэтым зацягнутая драма з прэзыдэнцтвам Лукашэнкі імкліва наблізілася б да фіналу.

Ад канца 1990-х, калі малады прэзыдэнт Лукашэнка пагражаў Захаду, цалаваўся зь Ельцыным і абяцаў росквіт унутры Беларусі, зьмяніліся пакаленьні.

Лукашэнка пачынаў кіраваць насельніцтвам, заклапочаным найперш фізычным выжываньнем. А ў жніўні 2020 году проста на вачах дафармавалася грамадзянская супольнасьць і — шырэй — дафармавалася палітычная нацыя пад гістарычнай сымболікай і нацыянальным лёзунгам «Жыве Беларусь!».

Такія зьявы не здараюцца раптоўна, сытуацыя высьпявала гадамі. Паступова зьмянялася генэрацыя. Выжывальнікі сыходзілі, прыходзілі людзі, для якіх ідэі ўласных правоў, наагул уласнай годнасьці сталіся вельмі важнымі, нават важнейшымі за дабрабыт.

У Беларусі нават зьявіўся жарт — «людзі з заробкам у тры тысячы эўра выходзяць на дэманстрацыі за правы людзей з заробкам у трыста эўра». Жарт яшчэ давыбарчы, бо пасьля 9 жніўня выйшлі людзі ўсіх заробкаў і палітычных схільнасьцяў. Важна: упершыню ў гісторыі на вуліцы выйшла практычна ўся Беларусь. Той момант, якога ня могуць зразумець іншаземцы, у тым ліку ў Расеі: у Беларусі няма «пратэсту апазыцыі». У Беларусі адбываецца ўсенацыянальнае Паўстаньне.

Падтрымліваючы Лукашэнку, Крэмль крок за крокам выклікае расчараваньне і абурэньне ў абсалютнай большасьці беларусаў. Бо няма сумневу, што большасьць галасавала супраць Лукашэнкі. Шмат хто з замежных аглядальнкіаў зьвяртаў увагу, што на пратэстах у Беларусі практычна няма іншых сьцягоў, апроч нацыянальных бел-чырвона-белых. А таксама не было лёзунгаў, апроч скіраваных да Лукашэнкі, з агульным сэнсам «сыходзь!» Такая простая ідэя, якая аб’яднала аграмадную колькасьць грамадзян.

Да нядаўняга часу беларусы былі як мінімум нэўтральнымі ў сваім стаўленьні да Расеі. Але дзеяньні Крамля досыць хутка могуць падштурхнуць пратэстоўцаў маляваць антырасейскія плякаты. (Насамрэч антыкрамлёўскія, але ж прапаганда іх пакажа як ксэнафобскія).

Дык навошта Крамлю антырасейскія/антыкрамлёўскія настроі замест ляяльнага насельніцтва за сваёй заходняй мяжой? Я мяркую, што рэч у тым самым бел-чырвона-белым сьцягу.

Аморфнае насельніцтва пад кіраўніцтвам хамаватага, але кантраляванага кіраўніка — гэта адна сытуацыя. А вось паўсталая нацыя з грамадзянскай самасьвядомасьцю — зусім іншае. Усе цудоўна разумеюць, што бел-чырвона-белы — гэта арыентыр на дэмакратыю і агульнаэўрапейскія каштоўнасьці. Прарасейскія, але эўрапейскія? «Не, на такое мы пайсьці ня можам».

Для Расеі выгаднейшы зацяжны грамадзянскі канфлікт беларускіх грамадзянаў з дыктатарам, чым відавочная пераарыентацыя беларусаў у заходнім кірунку.

Хоць падзеі жніўня 2020 году прадэманстравалі: натуральны гістарычны працэс можна прытармазіць, але спыніць — немагчыма.

Последнее в рубрике