Як каронавіру паўплываў на рынак працы ў рэгіёнах
02.05.2020
Аксана Ярашонак, Рэгіянальная газета

Як каронавіру паўплываў на рынак працы ў рэгіёнах

Па дадзеных экспертаў, пандэмія каранавіруса пацягнула за сабой крызіс рынку працы. Ці адчулі гэта на ўзроўні рэгіёнаў? Размаўляем з жыхарамі Маладзечна, Вілейкі і экспертамі.

Вольга, адміністратар у кафэ: Пакуль не бачу выйсця

Віляйчанка Вольга некалькі год працавала ў кавярні ў Мінску. Працы пасля заканчэння эканамічнага каледжа ні ў родным горадзе, ні ў сталіцы яна не знайшла. Пайшла ў афіцыянткі.

– Заробкі былі нядрэнныя. Плюс чаявыя. Я жыву адна, сям’і пакуль няма. Таму магла

і дапазна працаваць, і нават выхадныя не браць на працягу некалькіх тыдняў. Стамлялася, канешне. Але ж і грошы былі добрыя. Сама наймала аднапакаёўку ў Мінску. На розныя дзявочыя патрэбы таксама хапала. У гаспадыні нашай кавярні ёсць яшчэ гасцявы домік пад Мінскам. Па суботах і нядзелях часта ездзілі туды, абслугоўвалі карпаратывы і вяселлі. За такія дні плацілі больш.

Апошнія сем месяцаў Воля стала працаваць адміністратарам. Працы стала больш – прыняць бронь на столікі, арганізаваць працу афіцыянтаў, калі трэба, то і вырашыць канфлікты, што часам узнікаюць паміж работнікамі і наведнікамі. Аднак і ад працы

афіцыянткі дзяўчына не адмаўлялася. Калі была магчымасць – падпрацоўвала.

– Да новага года яшчэ ўсё было добра. У другой палове снежня абслужылі навагоднія карпаратывы, па выхадных – моладзь, як заўсёды, тусавалася ў нас.

А вось бліжэй да вясны наведнікаў стала значна менш, людзі пачалі адмяняць замовы на буйныя ўрачыстасці.

Канешне, гэта адразу адбілася на выручцы, на заробках. У першы тыдзень красавіка гаспадыня сабрала нас усіх і сказала, што зачыняемся. Папярэдне – да лета, – дзеліцца Вольга.

Пакуль дзяўчына жыве ў Мінску на найманай кватэры. На тыя грошы, якія атрымалася адкласці. На кватэру даюць бацькі.

– Пакуль не бачу выйсця. У Вілейку ехаць не хацела б. Уладкавацца на новую працу ў Мінску не магу, бо не ведаю, як будзе развівацца сітуацыя. А раптам летам наша кафэ сапраўды адчыніцца. Мне ж хацелася менавіта туды вярнуцца, – падсумавала Вольга.

Марыя, займаецца анлайн-продажамі: Ратуюць цацкі

Маладзечанка Марыя некалькі год працуе на адну расійскую фабрыку. Прадае сувеніры. Жанчына расказала, як і што прадаецца ў час пандэміі.

– Нам не пашанцавала, бо наш галоўны прадукт – турыстычны сувенір. Таму продажы абваліліся. І першы час было вельмі цяжка.

Па словах Марыі, на фабрыцы першапачаткова пачыналі з матрошак, пасля дадаліся іншыя сувеніры. Іх набывалі турысты з розных краін свету. Скончыўся турызм – скончыўся і продаж сувеніраў. Але фабрыка надала больш увагі сваёй лінейцы цацак і пачалі спрабаваць новыя варыянты продажу – праз інтэрнэт-пляцоўкі.

Фабрыка вырабляе драўляныя цацкі і гульні-сортэры па сістэме педагога Марыі Мантэсоры. Па словах Марыі, цацкі іх цяпер і ратуюць, бо турысты сядзяць дома.

Дзеці таксама сядзяць дома, але туды ім цацкі і прывозяць.

– Да спакою яшчэ вельмі далёка, працуем з ранку да ночы і спадзяёмся на лепшае. Цяпер цяжка, але я вельмі люблю сваю фабрыку і яе творчасць, так што змагаюся з усяе моцы, каб яе ўратаваць, – дзеліцца суразмоўца.

Эксперт Кацярына Барнукова: Людзі ўжо пачалі эканоміць на адзенні

Пракаментаваць сітуацыю на рынку працы ў Беларусі мы папрасілі акадэмічнага дырэктара цэнтра эканамічных даследаванняў Beroc Кацярыну Барнукову.

– І Вольга, і Марыя працуюць якраз у тых галінах, якія найбольш пацярпелі ад каранавіруса. Першымі пацярпелі турызм, гасцініцы і рэстараны. Дадаліся сюды і сферы паслуг, дзе неабходны фізічны кантакт. Па нашых даследаваннях, 52 працэнты беларусаў адчуваюць нявызначанасць у сітуацыі з пандэміяй. А прасяданне даходаў змяншае выдаткі, – кажа Кацярына.

Па словах эксперта, беларусы ўжо ўключылі рэжым жорсткай эканоміі. Не эканомяць пакуль на ежы, медыцыне і камунікацыях – мабільніках, інтэрнэце. А вось адзенне ўжо набываюць мала.

– Пакуль гэта адчуваюць толькі прадаўцы крамаў, але праз некаторы час адчуюць і вытворцы, – перакананая Кацярына.

На яе думку, тыя меры, што прыняў урад, не асабліва палепшаць становішча:

– Ёсць пэўныя паслабленні па падатках і па арэндзе. Але ўявіце сябе гаспадаром нейкай крамы. Вам далі магчымасць не плаціць падаткі і дазволілі пазней заплаціць арэнду. Але ж пакупнікі ад гэтага не з’явіліся.

Людзі задумаюцца, ці набываць новую вопратку, калі невядома, што будзе з заробкам у наступным месяцы, а па-другое, няма куды ў ёй пайсці.

Пытанне даходаў грамадзян пакуль ніяк не вырашылі. Абмяркоўваюць павышэнне дапамогі па беспрацоўі і даплаты работнікам тых прадпрыемстваў, якія знаходзяцца ў прастоі. Спадзяюся, што гэта ўвасобяць у жыццё.

Эксперт Сяргей Чалы: У нас месяц адмаўлялі існаванне віруса

Падобнай думкі прытрымліваецца і эканаміст Сяргей Чалы. Ён кажа, што крызіс на рынку працы ўжо апанаваў Еўропу. Каля 10-15 працэнтаў працаздольнага насельніцтва аказалася без працы. Асабліва церпяць у дадзенай сітуацыі транспарт, падарожжы, забавы, сфера паслуг. Крызіс аднолькава б’е і па попыце, і па прапанове.

Краіны, у якіх раней аб’явілі каранцін, атрымаюць больш развітую эканоміку. У нас жа цэлы месяц увогуле адмаўлялі існаванне віруса, таму і падышлі да апошняй фазы.

На думку Сяргея, у дадзенай сітуацыі выйграе бізнес, не звязаны з фізічнымі кантактамі ці звязаны мінімальна. Гэта анлайн-гульні, дастаўка, тавары праз інтэрнэт. Атрымліваецца, маладзечанка Марыя і яе калегі таксама могуць атрымаць выгаду ад дадзенай сітуацыі.

Матэрыял падрыхтаваны ў межах адукацыйнага курса па аналітычнай журналістыцы Беларускай асацыяцыі журналістаў

Последнее в рубрике