
Як адаб’юцца на эканоміцы сваркі зь Літвой, Польшчай і Ўкраінай
Аляксандар Лукашэнка пасьля выбараў ня раз агрэсіўна выказваўся на адрас Літвы і Польшчы, як і беларускія чыноўнікі. Украіна ў адказ на вяртаньне Расеі затрыманых «вагнэраўцаў» сьпярша адклікала свайго амбасадара зь Беларусі, пасьля ён усё ж вярнуўся. Гэтыя краіны — адны з асноўных гандлёвых партнэраў Беларусі.
Таваразварот з Польшчай за паўгода склаў 1,1 мільярда даляраў, зь Літвой — 633 мільёны даляраў, з Украінай — 2 мільярды даляраў. Такія лічбы публікуе Белстат.
Асноўныя прадукты, якія экспартуюцца зь Беларусі ў гэтыя краіны: нафтапрадукты, калійныя ўгнаеньні, матэрыялы дрэваапрацоўкі.
Паводле эканаміста Beroc Дзьмітрыя Крука, палітычныя праблемы могуць паўплываць на гандаль у доўгатэрміновай пэрспэктыве.
—Рэзкага зьніжэньня ня будзе, бо там ёсьць вялікая дывэрсыфікацыя па таварах. Можа быць агульная тэндэнцыя на зьніжэньне, але ня толькі з прычыны палітычных пытаньняў — да кантрактаў зь Беларусьсю могуць пачаць ставіцца насьцярожана, але шмат якія кантракты заключаюцца на вялікі тэрмін», — распавёў Дзьмітры Крук у каментары Радыё Свабода.
Паводле эканаміста, калі праблемы з гандлем будуць нарастаць, то могуць узьнікнуць праблемы з гандлем прадуктамі дрэваапрацоўкі, бо «на гэтым рынку дынамічная канкурэнцыя».
Таксама «можа пацярпець імпарт садавіны», мяркуе Дзьмітры Крук. Гэта якраз той самы рээкспарт эўрапейскіх прадуктаў у Расею: яблыкі, грушы з Польшчы.
— Калі такія схемы існуюць, то яны выгадныя для беларускага боку. Гэтыя схемы могуць пацярпець. Калі істотнага пагаршэньня ў палітычных стасунках ня будзе, то рэзкага падзеньня гандлю ня будзе таксама, — кажа Дзьмітры Крук.
За паўгода Беларусь імпартавала з Польшчы яблыкаў, грушаў і айвы на 67 мільёнаў даляраў (агулам з усіх краін на 100 мільёнаў), а экспартавала за гэты час яблыкаў, грушаў і айвы на 8,6 мільёна даляраў. Асноўны пакупнік садавіны — Расея.
За паўгода Беларусь экспартавала нафтапрадуктаў на 979 мільёнаў даляраў. Асноўнымі пакупнікамі былі Ўкраіна (509 мільёнаў даляраў) і Вялікая Брытанія (249 мільёнаў даляраў). Калі патокі экспарту нафтапрадуктаў пераарыентуюць на расейскія паўночныя парты, шлях да Ўкраіны будзе няблізкі.
Пры гэтым экспарт нафтапрадуктаў скараціўся ў параўнаньні з такім жа пэрыядам летась у 2,7 раза. І гэта адбылося яшчэ ў першыя паўгода, у студзені-чэрвені, да выбараў і палітычнага крызісу.