Яўген Лівянт пра звальненне Ганны Севярынец: «У школе не месца любой палітыцы, але свет створаны троху інакш»
13.06.2020
Budzma.by, фота: euroradio.fm

Яўген Лівянт пра звальненне Ганны Севярынец: «У школе не месца любой палітыцы, але свет створаны троху інакш»

Знаны настаўнік і рэпетытар Яўген Лівянт на просьбу сайта budzma.by пракаментаваў рэзананснае звальненне Ганны Севярынец і словы дырэктара смалявіцкай школы пра тое, што адукацыя мусіць абслугоўваць ідэалогію.

Знаны настаўнік і рэпетытар Яўген Лівянт на просьбу сайта budzma.by пракаментаваў рэзананснае звальненне Ганны Севярынец і словы дырэктара смалявіцкай школы пра тое, што адукацыя мусіць абслугоўваць ідэалогію.

— Я лічу Ганну Севярынец настаўнікам, мы некалькі разоў сустракаліся і размаўлялі, і я магу сказаць, што Ганна дакладна праводзіла мяжу паміж працай у школе і дзейнасцю актывісткі. Наколькі вядома мне, у школе яна не займалася нейкай там ідэалагічнай працай з вучнямі. І гэта правільна, я мяркую, што ў школе не месца ўвогуле якой-небудзь палітыцы.

З іншага боку, давайце разумець, што свет створаны не зусім так, як нам бы хацелася. І тое, што ў школах шмат ідэалогіі, — гэта не асаблівасць выключна Беларусі. Ідэалогія, не ўведзеная як прадмет, усё адно так ці інакш прышчапляецца школьнікам, хоць у Польшчы, хоць у ЗША, хоць у Расіі, хоць ва Украіне. Дзяржава бадай што любой краіны транслюе школьнікам свае ідэалагічныя устаноўкі. То бок казаць «глядзіце, які жах, такое можа быць толькі ў нас» я б не стаў.

У амерыканскіх школах штодня ўздымаюць сцяг і спяваюць гімн, а ў польскіх абавязкова ходзяць у касцёл у нядзелю — гэта таксама праява ідэалогіі.

Што тычыцца Ганны Севярынец, я ўпэўнены, што ніякіх размоваў пра палітыку на ўроках яна не вяла. Яна вельмі класны прафесіянал.

Хацелася б удакладніць і наконт дырэктара. Глядзіце, Ганна працуе ў гэтай гімназіі шмат гадоў, актыўную грамадзянскую пазіцыю таксама мае даўно. Менавіта гэты дырэктар высоўваў Ганну на конкурс «Настаўнік года». Мне падаецца, ён талковы, бо сабраў прафесійны калектыў не ў вялікай гарадской школе. Таму мне надзвычай не падабаецца, як менавіта дырэктара цяпер па ўсім інтэрнэце называюць нягоднікам. Выглядае на тое, што гэта не ягонае рашэнне, проста ў дырэктара гэтым разам не хапіла паўнамоцтваў, каб абараніць Ганну.

Што тычыцца Ганны Севярынец, яна без працы не застанецца — гэта высокакваліфікаваны прафесіянал і, калі што, зможа стаць выдатным рэпетытарам.

Гутарыў Юрась Ускоў

Последнее в рубрике