Яўген Лівянт пра ідэю Мінадукацыі аб сумяшчэнні школьных экзаменаў з ЦТ: Спачатку ўвязваюцца ў бітву і толькі потым будуць аналізаваць усе «за» і «супраць»
22.11.2021

Яўген Лівянт пра ідэю Мінадукацыі аб сумяшчэнні школьных экзаменаў з ЦТ: Спачатку ўвязваюцца ў бітву і толькі потым будуць аналізаваць усе «за» і «супраць»

У 2023 годзе ў Беларусі плануюць увесці Нацыянальны дзяржаўны іспыт, які аб’яднае ЦТ і выпускныя экзамены за адзінаццаты клас.

Ці здольнае гэтае новаўвядзенне сапраўды паменшыць нагрузку на школьнікаў, як гэта і планавалася, «Наша ніва» спыталася ў вядомага беларускага педагога Яўгена Лівянта.

Пакуль што падрабязнасцяў пра нацыянальны дзяржаўны іспыт мала. Але нядаўна з’явілася інфармацыя пра тое, як яго збіраюцца ацэньваць. Гэта прапісана ў праекце новых правілаў прыёму ў ВНУ і ССНУ. Па словах міністра адукацыі Ігара Карпенкі, гэты дакумент у ведамстве спадзяюцца падпісаць да канца года.

Калі гэта адбудзецца, то з 1 студзеня 2023 года ў Беларусі з’явіцца Нацыянальны дзяржіспыт (НДІ), які аб’яднае ў сабе экзамены за 11-ы клас і ЦТ, але закране ўсяго тры прадметы — рускую ці беларускую мову (па выбары) і матэматыку. У Мінадукацыі яшчэ думаюць наконт вуснага іспыту па гісторыі Беларусі, але пакуль гэтае пытанне толькі абмяркоўваецца.

Па астатніх прадметах выпускнікі школ па-ранейшаму будуць здаваць ЦТ. Сертыфікат па выніках НДІ будзе сапраўдны два гады. Максімум, які можна будзе набраць на нацыянальным дзяржіспыце, − 100 балаў.

Нагадаем, што пра новаўвядзенне актыўна загаварылі пасля таго, як летам 2020-га выказаўся Аляксандр Лукашэнка і даручыў распрацаваць новыя правілы паступлення ў ВНУ.

«Вы ведаеце маю пазіцыю. У нас кожны, хай нават з самай глыбінкі, можа стаць студэнтам, калі мае веды і жаданне вучыцца. Гэтаму прынцыпу павінна адпавядаць сістэма ўступных іспытаў», — сказаў тады Лукашэнка, падкрэсліўшы, што «міністру адукацыі дадзенае даручэнне адпрацаваць гэтае пытанне».

Акрамя таго, у Беларусі даўно ішла гаворка пра тое, што на выпускнікоў выпадае занадта вялікая нагрузка. Маўляў, школьнікам даводзіцца рабіць падвойную працу. Спачатку здаць чатыры выпускныя іспыты ў школе: пісьмова матэматыку і мову на выбар (беларускую або рускую) і два вусныя — замежную мову і гісторыю Беларусі. А пасля школьных іспытаў перажыць яшчэ і ЦТ.

За кошт увядзення НДІ Міністэрства адукацыі, відаць, і вырашыла знізіць нагрузку на школьнікаў.

— Але па факце гэта зрабіць наўрад ці атрымаецца, — кажа Яўген Лівянт. — А калі атрымаецца, то толькі часткова, і толькі для пэўнай катэгорыі абітурыентаў. У прыватнасці, для тых, хто пасля школы для паступлення ў ВНУ збіраўся здаваць матэматыку. Атрымліваецца, ім прыйдзецца даздаць толькі адно ЦТ па фiзiцы альбо замежнай мове.

Тым жа, хто для паступлення ў ВНУ збіраўся, да прыкладу, здаваць хімію і біялогію, прыйдзецца складаней. Цяпер яны будуць па-поўнай рыхтавацца не толькі да мовы, хіміі, біялогіі, але і да ЦТ па матэматыцы. Бо раней яны маглі абысціся лёгкім у параўнаннi з ЦТ іспытам у школе. А цяпер да матэматыкі давядзецца рыхтавацца як да ЦТ. Яшчэ больш шкада гуманітарыяў. Многiя з iх не змогуць здаць экзамен па матэматыцы нават на мiнiмальную станоўчую адзнаку.

Ці магчыма параўноўваць НДІ з расійскім АДІ, які зрабіў лягчэйшым жыццё школьнікаў? Яны адзін раз здаюць іспыты пасля школы — і вольныя. Лівянт кажа, што не:

— Агульнага ў расійскага АДІ і беларускага НДІ толькі тое, што ў нас хочуць сумясціць выпускныя і ўступныя іспыты. І тое не ўсе. Пра нюансы гэтага пункта я ўжо казаў вышэй. А цяпер пра розніцу, якая паміж АДІ і НДІ дужа вялікая.

У Беларусі захоўваюцца выпускныя іспыты, а потым выпускнікам усё роўна прыйдзецца здаваць уступныя ЦТ, а ў Расіі няма выпускных іспытаў. Там усе выпускныя экзамены сумешчаныя з уступнымі. У Расіі адмовіліся ад сярэдняга бала атэстата пры падачы дакументаў у ВНУ, а ў нас пакінулі.

Яшчэ невядома, што з ім будуць рабіць пасля сумяшчэння экзаменаў па трох прадметах. Плюс да ўсяго, расійскі іспыт па матэматыцы і мове вельмі моцна адрозніваецца ад беларускага. Праграма ў Расіі больш разнастайная, глыбокая і прадуманая. Так, напрыклад, у расійскім АДІ па матэматыцы два ўзроўні: базавы і профільны. Выпускнікі самастойна выбіраюць, на якім узроўні здаваць іспыт.

У нашым цэнтралізаваным тэставанні толькі адзін ўзровень для ўсіх абітурыентаў. У нас у ЦТ па матэматыцы — 32 заданні. У 18 з іх прапануюцца варыянты адказаў, а ў астатніх 14 іх трэба ўпісаць самім. У расійскім АДІ няма ніводнага задання з варыянтамi адказаў. Там ёсць частка заданняў, у якія трэба ўпісаць свой адказ, у астатніх неабходна прадэманстраваць яшчэ і падрабязнае рашэнне.

Цяпер мова. Зімой усе выпускнікі ў Расіі пішуць сачыненне па рускай мове. У выпадку, калі сачыненне не напісанае ці напісанае на двойку, выпускнік да АДІ наогул не дапускаецца. І наадварот, у выпадку высокай адзнакі атрымлівае дадатковыя балы да АДІ. Беларускія ж выпускнікі даўно не пішуць сачыненняў.

Таму лічу, што параўноўваць беларускую ідэю НДІ з расійскім АДІ занадта павярхоўна і прымітыўна. Гэта зусім розныя гісторыі. Беларускае міністэрства адукацыі, мяркуючы па ўсiм, кiруецца прынцыпам «да чорта падрабязнасцi», гэта значыць, прымае рашэнне, якое тычыцца ўсiх выпускнiкоў, не пралiчыўшы наступствы i не прыняўшы да ўвагi ўсе нюансы. Спачатку ўвязваюцца ў бітву, і толькі потым будуць аналізаваць усе «за» і «супраць».

Последнее в рубрике