«Гэта канец незалежнасьці адвакатуры і адвакатаў». Юрысты пра новыя зьмены ў заканадаўстве аб адвакатуры
17.04.2021
Фото: president.az

«Гэта канец незалежнасьці адвакатуры і адвакатаў». Юрысты пра новыя зьмены ў заканадаўстве аб адвакатуры

Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытаньні законапраект «Аб зьмяненьні законаў аб адвакацкай дзейнасьці». Сярод іншага дакумэнтам прапануецца скасаваць дзейнасьць адвакатаў у складзе адвакацкіх бюро і індывідуальна.

Як да гэтага ставяцца былыя адвакаты, пазбаўленыя ліцэнзій, высвятляе Радыё Свабода.

Аляксандар Пыльчанка сказаў Свабодзе, што гэта будзе азначаць «канец незалежнасьці адвакатуры».

Ён дадаў, што адвакаты пра новы закон даведаліся выпадкова, ён рыхтаваўся «таемна, але імкліва, кіраўніцтва Рэспубліканкай калегіі адвакатаў ведала пра яго, але маўчала». Пыльчанка азнаёміўся з законапраектам да яго сёньняшняга прыняцьця ў Палаце прадстаўнікоў. Вось прапановы, на якія ён зьвярнуў увагу:

узгадненьне зь Міністэрствам юстыцыі сяброў рады калегіі, якая зьяўляецца выбарным органам (ужо цягам трох гадоў узгадняецца старшыня калегіі, які таксама нібыта выбіраецца агульным сходам);

ліквідацыя выбарных дысцыплінарных камісій, зь перадачай іх функцый радзе калегіі, якая будзе ўзгоднена;

ліквідацыя такіх арганізацыйных формаў, як адвакацкія бюро і адвакаты, якія дзейнічаюць індывідуальна;

узгадненьне зь Міністэрствам юстыцыі кандыдатур стажораў і, мяркуецца, нават памочнікаў стажораў-адвакатаў;

скарочаны тэрмін стажаваньня для пракурорскіх, сьледчых, судовых работнікаў, якія плянуюць стаць адвакатамі, і спрошчаны іспыт для гэтай катэгорыі асобаў.

«Якая мэта гэтых зьменаў — гэта разбавіць адвакатуру былымі работнікамі праваахоўных, судовых органаў са спрошчанай працэдурай уступленьня ў прафэсію, устанавіць праз узгадненьне стажораў поўны кантроль за складам адвакацкіх калегій і фармаваць падкантрольнае кіраўніцтва, — кажа Пыльчанка. — Усе гэтыя прапановы парушаюць гарантыі і правы юрыстаў, якія закладзеныя ў асноўных прынцыпах, якія тычацца ролі юрыстаў, прынятых кангрэсам ААН краінамі-ўдзельніцамі, сярод якіх Беларусь. Гэта па сутнасьці канец незалежнасьці адвакатуры і адвакатаў».

Пазбаўлены адвакацкай ліцэнзіі юрыст Сяргей Зікрацкі сказаў, што адмоўна ставіцца да зьменаў у закон аб адвакатуры.

«Адвакацкія бюро і індывідуальная дзейнасьць былі даволі эфэктыўнымі формамі адвакацкай дзейнасьці, — кажа Сяргей Зікрацкі. — Юрыдычныя кансультацыі як адзіная форма адвакацкай дзейнасьці ў нас была да 2012 году. Але потым унесьлі зьмены ў закон і былі прынятыя новыя формы, як адвакацкія бюро і індывідуальная дзейнасьць, якія лічыліся даволі пэрспэктыўнымі. На жаль, мы гэтыя формы страцілі, і цяпер усе будуць працаваць у кансультацыях, і кантроль за такімі адвакатамі будзе мацнейшы».

Паводле Зікрацкага, у законе ёсьць шмат іншых нормаў, сярод якіх тое, што рады калегіі адвакатаў, якая зьяўляецца кіроўным органам, фактычна будуць прызначацца Міністэрствам юстыцыі. То бок павышаюцца паўнамоцтвы Міністэрства юстыцыі ў кантролі над адвакатамі, і гэта сьведчыць пра тое, што «адвакатура страчвае сваю незалежнасьць».

Последнее в рубрике