Гараўскі адказаў Паўлічэнку, — удзельнік падрыхтоўкі фільму пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі
18.12.2019
Юры Дракахруст, Радыё Свабода

Гараўскі адказаў Паўлічэнку, — удзельнік падрыхтоўкі фільму пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі

Deutsche Welle апублікавала фільм, у якім 41-гадовы Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі ў 1999 годзе. Адным з тых, хто ўдзельнічаў у вытворчасьці фільму, быў журналіст расейскай службы DW Уладзімер Дорахаў.

Радыё Свабода папрасіла яго адказаць, як вялася праца над фільмам, як правяралася інфармацыя Гараўскага, ці ня ёсьць прызнаньні Гараўскага спэцапэрацыяй для дэстабілізацыі ўлады Лукашэнкі.

— Уладзімер, колькі часу вы працавалі над гэтым фільмам?

— Калі не памыляюся, упершыню да нас Юры Гараўскі зьвярнуўся, напісаўшы ліст на наш карпаратыўны адрас, недзе ў верасьні.

— Ці былі вы першымі, хто пачуў гэтыя ягоныя прызнаньні? Ці ён даваў паказаньні ў гэтай справе праваахоўным органам той краіны, у якой ён зараз знаходзіцца?

— Ён нам сказаў, што калі ў яго было інтэрвію падчас падачы хадайніцтва аб наданьні прытулку, ён усю гэтую інфармацыю даў уладам краіны, дзе ён папрасіў прытулку.

— Пасьля таго як ён трапіў у гэтую краіну — як хутка ён зьвярнуўся да Deutsche Welle​?

— Праз пэўны час. Дакладна сказаць не магу. Але мяркую, што празь некалькі месяцаў як мінімум.

— Я думаю, што вы разумелі значэньне таго, што вы робіце, і рызыку таго, што гэты чалавек мог казаць няпраўду. Як вы правяралі тое, што ён гаварыў? І ці выключалі вы, што яго прызнаньні могуць быць нечай спэцапэрацыяй?

— Журналіст не павінен думаць, каму выгадная, а каму нявыгадная інфармацыя, якую ён абнародуе. Ставіць пад сумнеў усякую інфармацыю і сумленна выконваць свае абавязкі — вось што павінен рабіць журналіст. Што да фактчэкінгу, то гэта быў клясычны фактчэкінг, які існуе ў кожнай нармальнай рэдакцыі. Мы мусім вызначыць, ці ёсьць чалавек тым, за каго ён сябе выдае, хто можа пацьвердзіць яго асобу, хто можа пацьвердзіць, што ён сапраўды працаваў там, дзе кажа.

Усе гэтыя працэдуры мы выканалі наколькі гэта магчыма. Мы не пракуратура, ня суд, ня МУС. Але ўсе, што было ў нашай моцы, мы для праверкі гэтай інфармацыі зрабілі.

— А як вы правяралі? Як правяралі, што ён служыў у «СОБР»? Вы, пэўна, чыталі камэнтары Дзьмітрыя Паўлічэнкі наконт вашага фільму. Ён не пацьвярджае, што Гараўскі служыў у «СОБР», а кажа, што служыў у іншых падразьдзяленьнях МУС. Ці вы гэта правяралі?

— Словы спадара Паўлічэнкі я ніяк не магу камэнтаваць. Ёсьць стандартны мэтад праверкі — шукаць знаёмых, шукаць людзей, якія маглі б пацьвердзіць ягоную асобу і біяграфію, пытаючыся ў яго, хто б мог пацьвердзіць, што ён — гэта ён.

Такім шляхам мы і дзейнічалі. Акрамя таго, ёсьць пошук у сацыяльных сетках. Многія людзі пакідаюць шмат сьлядоў у сацыяльных сетках. І там можна багата чаго знайсьці.

— Пасьля зьяўленьня вашага фільму многія выказалі вэрсію, што за гэтым чалавекам стаіць Масква, адкрыта ці пакрыёма, дзеля таго, каб дэстабілізаваць уладу Лукашэнкі. Ці вы ўлічвалі, што такое можа быць?

— Хочам мы гэтага ці не, тэорыя змовы існуе, яна папулярная. Ня ведаю, для каго гэта большы камплімэнт, што мы «рука Масквы» — для Масквы ці для нас. Ня нам судзіць.

Але калі пачыналася праца над фільмам, над інтэрвію, нічога не было вядома пра будучыя сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі, не было вядома, што вынікі апошняй сустрэчы ў Сочы будуць такімі, якімі яны аказаліся.

Пытаньня, на чый млын мы ліём ваду, перад намі не ўзьнікала. Мы проста прафэсійна імкнуліся рабіць сваю працу.

Гэтая інфармацыя мае грамадзкае значэньне? Так. Яна выклікае сумневы? Так. Усякая інфармацыя павінна ў журналіста выклікаць сумневы, і мы мусілі яе праверыць, што і зрабілі.

Каму гэта выгадна? Гэта вырашаць ня нам. Інфармацыя, якая мае грамадзкае значэньне, мае быць абнародаваная з захаваньнем усіх журналісцкіх стандартаў.

— Ці кансультаваліся вы са спэцыялістамі з праваахоўных органаў, калі рабілі фільм?

— Так, безумоўна. Мы спрабавалі зьвязацца, супаставіць, параўнаць, зрабіць дадатковую праверку інфармацыі, даведацца думку юрыстаў — каго толькі мага. І мы задавалі ім пытаньне, наколькі гэта можа адпавядаць рэчаіснасьці — імёны, месцы, прафэсійныя абавязкі. У межах магчымага журналісты гэта рабілі.

— Прадстаўнікі праваахоўных органаў якіх дзяржаваў гэта былі?

— Дазвольце не адказваць на гэтае пытаньне.

— Некаторыя беларускія карыстальнікі ФБ, у тым ліку і з прафэсійным досьведам, зьвярталі ўвагу на пэўныя нестыкоўкі, на іхны погляд, у інфармацыі Гараўскага. Пісалі, што дакумэнты Гараўскага пра сяброўства ў арганізацыі «Гонар» неяк няправільна аформленыя. Вы спрабавалі вэрыфікаваць дакумэнты, якія дэманстраваў Гараўскі?

— Мы спрабавалі гэта рабіць у той ступені, у якой былі здольныя. Паўтаруся — мы ня суд, мы ня можам правесьці экспэртызу як прафэсіяналы. Але тое, што мы даведаліся, на наш погляд, было вартым таго, каб падаць гэта шырокай грамадзкасьці. А далей людзі, упаўнаважаныя вырашаць, мусяць вырашаць — фэйк гэта ці сапраўднае.

— Яшчэ адзін сюжэт інтэрвію выклікаў пытаньні. Гараўскі сказаў, што ён спрабаваў апавесьці сваю гісторыю «Хартыі», гэта стала вядома Паўлічэнку, і той сказаў Гараўскаму, каб ён гэтага не рабіў.

Пасьля гэтага Гараўскі надалей жыў у Беларусі, і ён быў жывы і на волі. Гэта не выклікала ў вас сумневаў?

— Выклікала адразу, і вялікія сумневы. Мы задавалі пытаньні і атрымалі адказы, якія нам падаліся пераканаўчымі.

Уявім сабе, што ў Паўлічэнкі добрыя адносіны з тымі людзьмі, якія пэрлюструюць пошту. Яны маглі даць гэтую інфармацыю яму, а больш не даваць яе нікому. Вы можаце такое дапусьціць?

— Тэарэтычна магчыма. Але ўяўляецца, што носьбіт такой вострай, гарачай таямніцы мусіў быць пад вельмі шчыльным наглядам, кантролем.

— Я думаю, што нагляд быў вельмі шчыльным. Гараўскі сказаў, што пасьля аварыі ён меў кепскі стан здароўя — пераломы, трэпанацыя чэрапа, праблемы з хрыбетнікам і з нагамі.

Магчыма, гэта ўзьдзейнічала на людзей, якія яго кантралявалі, і, магчыма, яго не ўспрымалі як пагрозу, небясьпеку.

— Ці будзе працяг гэтага фільму? Ці ўсё сказаў Гараўскі?

— Зразумела, ён сказаў ня ўсё. Чалавек, які дае такія паказаньні, імкнецца даць інфармацыю, выгадную яму ў першую чаргу. Што тычыцца далейшай працы, мы ў кантакце зь Юрыем, і гэтае пытаньне ў працэсе абмеркаваньня.

— Тыя пярэчаньні, папрокі, сумневы, які за апошнія суткі прагучалі ў СМІ і ў сацыяльных сетках — ці задавалі вы яму пытаньні пра гэта ўжо цяпер, пасьля зьяўленьня фільму?

— Наконт заявы Паўлічэнкі, што Гараўскі ў 1999 годзе сядзеў у турме за вымаганьне, цяпер Гараўскі паведаміў наступнае.

Сапраўды, была справа, але яна адбылася пасьля забойстваў Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. Паўлічэнка дапамагаў вырашаць фінансавыя пытаньні, «выбіваць» грошы. Паводле Гараўскага, Паўлічэнка выклікаў яго і яшчэ аднаго «собраўца» і сказаў — некаму далі крэдыт, і гэты крэдыт не вяртаецца. Яжджайце. І яны паехалі.

А тыя бізнэсоўцы, якія не вярталі крэдыт, таксама мелі добры «дах». І яны зьвярнуліся ў праваахоўныя органы. І сапраўды была пачатая крымінальная справа па факце вымаганьня, і сапраўды праводзіліся працэсуальныя дзеяньні.

Я не ўдакладняў, ці быў Гараўскі пад арыштам. Аднак справа была. Але, паводле Гараўскага, Паўлічэнка, выкарыстоўваючы ўсе свае магчымасьці, дамогся, каб справу перадалі ў вайсковую пракуратуру. І вайсковая пракуратура замяла яе. І паводле Гараўскага, у гэтай справе не было вынесена ніякага прысуду. Ён неасуджаны, і ён не ставаў перад судом.

А тое, што факт вымаганьня быў, ён пацьвердзіў. «Собраўцы» сапраўды такія пытаньні вырашалі.

Последнее в рубрике