Гісторык: Сёлетні ўздым у Беларусі ўнікальны, не мае гістарычных паралеляў
09.09.2020

Гісторык: Сёлетні ўздым у Беларусі ўнікальны, не мае гістарычных паралеляў

Унікальнасць сёлетняга ўздыму ў беларускай гісторыі — у тым, што ўпершыню ён з'яўляецца цалкам самастойнай з' явай, а не часткай нейкага шырэйшага рэгіянальнага працэсу, піша выдатны беларускі гісторык Аляксандр Пашкевіч.

Вось, напрыклад, цэнтр паўстання 1863 года — усё ж Польшча, а наш важны для нацыятварэння сюжэт у агульным кантэксце чыста рэгіянальны.

Стварэнне першых арганізацый і друкаваных выданняў у пачатку ХХ стагоддзя — таксама частка агульнага працэсу нацыянальнай і сацыяльнай эмансіпацыі народаў Расійскай імперыі на фоне нарастання мадэрнізацыйных працэсаў. Беларусы ў яго ўключыліся крыху пазней у параўнанні з суседзямі, але гэта бадай і адзінае, што адрознівае.

Абвяшчэнне БНР у 1918-м — таксама не нешта ўнікальнае, усе тады нешта падобнае абвяшчалі, толькі з розным поспехам.

Грамадоўскі ўздым сярэдзіны 1920-х у Заходняй Беларусі — з'ява маштабная, але таксама не зусім самастойная. Камінтэрн спрыяў тады стварэнню аналагічных арганізацый і ў Польшчы (Незалежная партыя хлопска), і ў Заходняй Украіне (Сельроб).

Урэшце, і памятнае нам адраджэнне канца 1980—1990-х — таксама частка працэсу Перабудовы, які ахапіў увесь Савецкі Саюз і пачаўся не з нас — мы агульныя трэнды падхапілі.

І вось цяпер упершыню ў нас адбываецца нешта сапраўды маштабнае і на ўласнай глебе, і без якой бы то ні было інспірацыі звонку нават на ўзроўні імпульсаў. Праява таго, што беларускі народ нарэшце такі робіцца паўнавартасным не толькі аб'ектам, але і суб'ектам еўрапейскага жыцця. Здольным не толькі на рух у чыімсьці фарватары, але і на самастойныя дзеянні.

Последнее в рубрике