Гісторык Пашкевіч: «Альтэрнатывы працягу мірных пратэстаў пакуль што няма»
30.08.2020
Сямён Печанко,  Салiдарнасць, фото са старонкі Аляксандра Пашкевіча ў Фэйсбуку

Гісторык Пашкевіч: «Альтэрнатывы працягу мірных пратэстаў пакуль што няма»

У рамках спецпраекта «Што далей?» гісторык Аляксандр Пашкевіч разважае пра перспектывы негвалтоўнага супраціву, страйкаў і ролі Расіі.

У рамках спецпраекта «Што далей?» гісторык Аляксандр Пашкевіч разважае пра перспектывы негвалтоўнага супраціву, страйкаў і ролі Расіі.

— Да жніўня гэтага года існавала меркаванне, што Лукашэнку змусіць сыйсці масавы пратэст: вось выйдзе на вуліцы Мінска 100 тысяч і рэжым падзе. Пасля выбараў здарыліся ўжо два такія выхады, больш за тое, колькасць дэманстрантаў перавысіла самыя смелыя чаканні. Але рэжым пакуль на месцы. Ужо гучаць нараканні, што хаджэнні па горадзе з плакатамі і сцягамі не даюць плёну. Ці ёсць у мірных пратэстаў альтэрнатыва?

— Па вялікім рахунку на дадзены момант у нас няма асаблівага выбару. Бо да больш жорсткіх дзеянняў, сілавых і радыкальных нашае грамадтства яшчэ не гатовае. Я не заўважаў, каб у нас былі радыкальныя лідары і арганізацыі, якія б маглі дзейнічаць на больш хуткае дасягненне выніку.

Да таго ж, у нас ёсць фактар Расіі. Як нядаўна агучыў Пуцін, ён гатовы даслаць сюды ўласныя фарміраванні, не ўдакладняюся якія і ў якой колькасці. Калі для гэтага складуцца адпаведныя ўмовы ў Беларусі.

Думаю, што нельга недаацэньваць гэтую небяспеку. Хоць гэта можа быць і блефам, скіраваным на тое, каб беларусы спалохаліся, залеглі на дно і перасталі пратэставаць. Але выключаць таго, што гэта можа адбыцца, я б не стаў. Больш за тое, нельга выключаць свядомых правакацый з боку ўлады. Каб паказаць адпаведную карцінку: пратэсты перасталі быць мірнымі і пачалі пагражаць грамадскай бяспецы.

Думаю, што на дадзены момант, пры такой растаноўцы сіл альтэрнатывы працягу мірных пратэстаў пакуль што няма.

Натуральна, можа падацца, што ўладам гэтыя хаджэнні трынь-трава. Але нервовая рэакцыя Аляксандра Лукашэнкі, які ў мінулую нядзелю бегаў з аўтаматам, лятаў на верталёце, паказвае на пэўнае ўздзеянне.

Ён нервуецца, непакоіцца. І, мабыць, не адзін ён. І калі мы будзем дэманстраваць сваю рашучасць, сілу, працягваць агучваць патрабаванні, то гэта будзе даваць плён. Галоўнае, каб нам хапала на гэта сілы.

— Як па вашых адчуваннях, ці ёсць у пратэстоўцаў сілы і запал, каб выходзіць на вуліцы сотнямі тысяч, як гэта было ў мінулыя нядзелі?

— Ці будзе чарговая акцыя настолькі ж шматлікая, цяжка сказаць. Мне, напрыклад, і ў мінулую нядзелю падавался, што тая акцыя не будзе такой масавай, а яна па многіх падліках пераўзышла папярэднюю.

Вядома, што гэты тыдзень прайшоў ужо ў іншай атмасферы, чым раней. Больш актыўна супрацьдзейнічаюць сілавікі. І штодзённыя акцыі сталі збіраць менш людзей. Але, магчыма, канцэнтрацыя адбудзецца ў нядзелю, і мы пабачым ізноў штосьці велічнае.

Іншая справа, што сілавікі гэтым разам, падазраю, не будуць такімі ж лаяльнымі. Хутчэй за ўсё яны паспрабуюць не даць людзям сабрацца. Пытанне, наколькі яны гатовыя дзейнічаць радыкальна.

Акцыі цяпер па-большасці рассеяныя, яны не сканцэнтраваныя ў пэўным месцы.

— Што вы можаце сказаць пра пратэст рабочых? Чаго варта чакаць у гэтым асяродку, улічваючы праблемы ў эканоміцы, якія будуць толькі нарастаць?

— Тое, што ўзровень гвалту з боку сілавікоў на вуліцах зменшыўся, стала магчымым і ў тым ліку, што рабочыя загаварылі пра страйк. Утварылася нязвыклая сітуацыя, калі людзі маглі некалькі тыдняў выходзіць на вуліцы, збірацца вялікімі групамі, праводзіць масавыя акцыі. І іх пры гэтым ніхто не чапаў.

Тое, што гэты нетрадыцыйны для лукашэнкаўскай Беларусі элемент пратэсту далучыўся да агульнай хвалі, склала вялікае ўражанне і ўладу моцна спалохала.

Якія могуць быць эканамічныя страты ад забастовак? Гэты момант неадназначны. Я шмат чытаў пра гэта. Многія прадпрыемствы затавараныя і іх удзел у страйку не будзе аднамомантава ўплываць на сітуацыю.

Калі б раптам усе дзяржаўныя прадпрыемствы, якімі Лукашэнка ганарыцца, якія ён усе гэтыя гады падтрымліваў, якія лічыліся адной з ягоных апораў, моцна і кансалідавана выступілі, то несумнеўна, гэта б мела ўплыў на сітуацыю. І схіліла б, нарэшце, частку вертыкалі страціць сваё адзінства, перайсці на бок народа і выклікаць той самы раскол эліт, што з’яўляецца адной з умоваў для перамогі вуліцы.  

Калі казаць пра сённяшнюю сітуацыю, то ўладам збольшага ўдалося апанаваць настроі на прадпрыемствах. Буйных страйкаў няма, агульнанацыянальны страйк з павесткі дня не зняты, але пакуль што цяжка прагназаваць, як ён можа сёння рэалізавацца.

Але пагаршэнне эканамічнай сітуацыі — гэта адзін з чыннікаў, які можа актуалізаваць пратэсты. Дагэтуль пратэсты суправаджаліся выключна палітычнымі патрабаваннямі.

Эканамічныя, як падаецца, увогуле не агучваліся. Але калі гэта ўсё сумесціцца і на свежыя дрожджы накладзецца падзенне ўзроўню жыцця, падзенне даходаў і ўсе іншыя негатыўныя моманты, то тыя працэсы, якія былі нядаўна запушчаныя, дойдуць да лагічнага развіцця.

Ізноў жа, гэта будзе ўплываць як на унутранае жыццё краіны, так і на паводзіны знешніх чыннікаў, той жа Расіі. Там пабачаць, што ў нас адбываюцца не толькі акцыі пратэсту, але і стаяць заводы. Што тут, урэшце, супраць Лукашэнкі паўстаў літаральна ўвесь народ.

І тады не факт, што той жа Пуцін працягне і далей падтрымліваць яго.

1

Фота Reuters

— Калі казаць пра Маскву, то варта прыгадаць пра асаблівасць сённяшняга пратэсту. Ён не мае выразнага геапалітычнага чынніка. Беларусы выйшлі супраць Лукашэнкі, пры гэтым многія прыхільна або нейтральна ставяцца да Расіі. Як расійскія ўлады могуць скарыстацца з гэтай сітуацыі?

— На дадзены момант большасць беларускага грамадства задаволіла б тое, каб Расія паспрыяла сыходу з улады Аляксандра Лукашэнкі. У Масквы шмат механізмаў, каб захоўваць тут свае ўплывы: прарасійскае грамадства, СМІ ды іншыя сродкі «мяккай сілы».

Пры той прывязцы краіны да Расіі, эканамічнай і палітычнай, уздзеянні інфармацыйнага поля, ім не так і складана было б прывесці да ўлады пасля Лукашэнкі лідара або лідараў, якія б прыхільна ставіліся да Расіі і не выступалі за змену геапалітычнага курсу. Іншая справа, што гэта не замінае існаваць уласным комплексам і адсутнасці жадання спрыяць каляровымі рэвалюцыям.

Сёння беларускае грамадства выйшла супраць дыктатуры Лукашэнкі, яго нязменнасці, яго сістэмы. Супраць стаўлення да сябе, як да прыгонных. Увесь гэты комплекс, так ці іначай звязаны з асобай Лукашэнкі.

І калі б Пуцін прыняў рашэнне, што ягоны беларускі калега сябе вычарпаў і павінен сыйсці, праявіў бы цвёрдасць і давёў справу да канца, то наша грамадства на нейкі час супакоілася б. Яно б з надзеяй глядзела на новых лідараў, якія б яны не былі.

Новыя лідары не змаглі б пакінуць усё як ёсць, яны б змянялі сістэму на больш дэмакратычную і канкурэнтную. І на пэўным этапе гэта грамадства б задаволіла. Прынамсі, быў бы пэўны крэдыт даверу, крэдыт чаканняў, што нешта зменіцца. А калі б нешта і сапраўды пачало змяняцца, то гарачыня і напружаннасць сітуацыі спала б на пэўны час.

І гэта варта было б рабіць Маскве, каб частка беларускага грамадства, што лаяльна ставіцца да Расіі не губляла гэтых настрояў.

Але так рабілася б, калі б у расійскіх уладаў было стратэгічнае мысленне пра тое, што будзе далей, пасля Пуціна. Праз дзесяць гадоў, праз дваццаць. Мне падаецца, што ў Крамлі цяпер думаюць адным днём. Ці максімум да 2024 года, калі Пуціну давядзецца пераабірацца.

Калі ж Расія да апошняга будзе трымацца за Лукашэнку, які страціў усякую папулярнасць у Беларусі, то нянавісць да яго будзе перакідацца і на Расію. Большасць з тых, хто сёння пратэстуе, атрымлівае інфармацыю з інтэрнэта, з беларускіх рэсурсаў, а не з расійскіх СМІ. І для іх будзе відавочна, што грамадства хацела і магло скінуць Лукашэнку, усё да гэтага ішло. Але вось умяшалася Расія і цяпер мы будзем жыць так, як будзем, таму, што яго падтрымаў Пуцін.

Последнее в рубрике