Гісторык Фрыдман: «Мігранты могуць стаць для Лукашэнкі бумерангам»
26.10.2021
Фото: DELFI

Гісторык Фрыдман: «Мігранты могуць стаць для Лукашэнкі бумерангам»

Эксперт разважае, чаму Еўропа не прымае мігрантаў з беларуска-польскага памежжа і як сітуацыя з мігрантамі ўплывае на ўнутраныя стасункі паміж краінамі Еўрасаюза.

— Праблема Лукашэнкі ў тым, што ён увогуле з міграцыйнага крызісу выйграць не можа.  Яго мэта была, напэўна, каб праз крызіс дабіцца змякчэння санкцый ці ўвогуле сесці за стол перамоваў з еўрапейцамі. Але ніхто з ім не збіраецца садзіцца за стол, — гаворыць гісторык Аляксандр Фрыдман у эфіры Еўрарадыё.

Калі Германія возьме на сябе ўсіх мігрантаў, якія сёння знаходзяцца ў беларуска-польскім ці беларуска-літоўскім памежжы, то гэта сапраўды невялікая колькасць, асабліва ў параўнанні з 2015 годам.

Але тут, па словах гісторыка, ідзе справа прынцыпу. Бо, па-першае, сённяшні крызіс штучна зроблены. Па-другое, ЕС дакладна ведае, што з беларускім кіраўніцтвам па гэтым пытанні дамовіцца немагчыма. Яно не ўспрымае6цца як партнёр для перамоваў.

— Лукашэнка імкнецца гэты крызіс выкарыстаць, каб дасягнуць сваіх мэтаў, — лічыць эксперт. — Гуманітарны чыннік гэтай праблемы беларускае кіраўніцтва ўвогуле не цікавіць. Для ЕС гатоўнасць браць дадатковую колькасць уцекачоў не прысутнічае. Насельніцтва, асабліва ва Усходняй і Паўднёвай Еўропе, ставіцца да прытоку ўцекачоў вельмі скептычна.

Што да Лукашэнкі, то калі мігранты будуць прынятыя ЕС, гэта яго не супакоіць. Потым будуць дзясяткі тысяч, а ўвогуле магчымасці вялікія. Тое, што мы ведаем, мігранцкі бізнес досыць прыбытковы.

Міністр унутраных спраў Германіі Хорст Зеехофэр — палітык кансерватыўны, які прытрымліваецца досыць жорсткага курсу. Тое, што ён можа пайсці на кантроль на межах, — гэта цалкам магчыма, лічыць Аляксандр Фрыдман.

Калі сапраўды кантроль будзе, то мігрантаў будуць накіроўваць у Польшчу, а гэта значыць, што Польшча будзе іх накіроўваць у Беларусь.

— Лукашэнка ад гэтага не выйграе. Праблема яго ў тым, што ён увогуле з гэтага крызісу выйграць не можа, — адзначае эксперт. — Яго мэта была, напэўна, каб праз гэты крызіс дабіцца змякчэння санкцый ці ўвогуле сесці за стол перамоваў з еўрапейцамі. Але ніхто з ім не збіраецца садзіцца за стол. Гэта нават не разглядаецца.

Мігранты могуць стаць для Лукашэнкі бумерангам. Калі кантроль застанецца такім жа жорсткім і накіроўваць мігрантаў працягнуць, то ў выніку ўсе мігранты могуць асесці менавіта на тэрыторыі Беларусі. Што Лукашэнка з імі будзе рабіць?

Урады ў Багдадзе, у Каіры забіраюць сваіх людзей, калі просіць ЕС. ЕС за гэта плоціць. А што можа прапанаваць Лукашэнка?

Последнее в рубрике