Дракахруст: Ідэя сьвяткаваць 17 верасьня — з шэрагу мэмарыалізацыі «лініі Сталіна»
02.03.2021

Дракахруст: Ідэя сьвяткаваць 17 верасьня — з шэрагу мэмарыалізацыі «лініі Сталіна»

Якім быць дню народнага адзінства?

Пра гэта разважае на Свабодзе Юры Дракахруст.

На мінулым тыдні на сайце Ўсебеларускага народнага сходу было арганізаванае інтэрнэт-апытаньне наконт таго, на якую дату прызначыць новае сьвята — дзень народнага адзінства: на 17 верасьня — дня пачатку паходу Чырвонай арміі па далучэньні Заходняй Беларусі да БССР у 1939 годзе, ці да 14 лістапада — дня, калі ў тым жа 1939 годзе Вярхоўны Савет БССР гэтае далучэньне ўхваліў.

За тое, каб прызначыць гэтае сьвята на 17 верасьня, выказаўся дырэктар інстытуту гісторыі НАН Вячаслаў Даніловіч.

Сярод тлумачэньняў, чаму варта выбраць менавіта гэтую дату — тое, што амаль у кожным горадзе Беларусі ёсьць вуліца 17 верасьня.

Розных вуліц у беларускіх гарадах ёсьць шмат. Дакладна ў кожным ёсьць вуліца Леніна. Калі зыходзіць з такой лёгікі, дык можна дзень народнага адзінства прызначыць на дзень яго нараджэньня.

Праўда, ёсьць ужо настолькі ж дарэчнае сьвята 7 лістапада.

Аляксандар Лукашэнка ў свой час у інтэрвію Аляксею Венядзіктаву казаў, што за ўзьяднаньне Беларусі варта паставіць помнік Сталіну.

Можна яго дзень нараджэньня абвясьціць днём народнага адзінства. І помнік паставіць, балазе «лінія Сталіна» ужо ёсьць.

Прапанова сьвяткаваць хоць 17 верасьня, хоць 14 лістапада — з таго ж шэрагу рэсавэтызацыі.

Чаму ўлада не сьвяткавала 17 верасьня дзесяцігодзьдзямі?

Сама па сабе падзея — далучэньне Заходняй Беларусі, безумоўна важная ў гісторыі Беларусі. Але ці вартая ўрачыстасьці?

Цікава адзначыць, што на працягу доўгіх гадоў кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі ўлада не лічыла, што вартая.

Ніякіх асабліва гучных адзначэньняў гэтай даты не было нават у круглыя гадавіны — ані ў 1999-м, ані ў 2009-м, ані ў 2019-м зусім нядаўнім. Праводзілі на гадавіны навуковыя канфэрэнцыі, маглі зрабіць перадачу на БТ, але ня больш за тое. А ў някруглыя гадавіны дык і таго не было.

І такім было стаўленьне ня толькі апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, але і ўлады.

І варта сказаць, што яно ў прынцыпе супадала і з народным стаўленьнем. Падзея важная, з беларускага нацыянальнага гледзішча станоўчая, аддаваць, «вяртаць» Заходнюю Беларусь ніхто не зьбіраўся і не зьбіраецца. Але ўсім, і ўладзе тады ў тым ліку, быў відавочны і вельмі кепскі, горкі прысмак таго далучэньня.

Усё ж як ні круці, а было гэта вялікай крыўдай суседняму, не чужому беларусам народу, а што можа самае галоўнае — крыўдай, нанесенай на пару з Гітлерам, з нацыстамі, якія для беларусаў застаюцца сынонімам абсалютнага зла.

Скакаць на радасьцях наконт падзеі з такім прысмакам неяк не выпадае. Прынамсі, не выпадала.

Такім быў і народны вэрдыкт, і рашэньне ўлады, якая да месца і не да месца прыгадвала і прыгадвае зло нацызму. Цалкам натуральным было нежаданьне сьвяткаваць падзею, калі Беларусь як частка СССР з гэтым злом супрацоўнічала і зло чыніла.

Сьвяткаваньне 17 верасьня — спроба насаліць палякам

А цяпер улада нібыта прачнулася, прыгадала нарэшце, што было ж 17 верасьня.

Ды не, зразумела. Ідэя сьвяткаваць гэтую дату — даволі цынічны крок у супрацьстаяньні з Захадам, якое ўзьнікла пасьля леташніх выбараў, масавых пратэстаў, брутальнага іх здушэньня і рэакцыі Захаду на тыя зьверствы.

Ну і рэакцыя на рэакцыю — дык і мы можам «па-плахому», можам плюнуць у польскую душу. Ну і больш стратэгічны разьлік — прадэманстраваць Расеі, што выбар зроблены на карысьць яе, што ваганьняў у заходні бок афіцыйны Менск не зьбіраецца больш рабіць нават у аддаленай пэрспэктыве.

Прычым з падступным разьлікам на тое, што калі расклад раптам зьменіцца, дык палякі неяк ператопчуцца, а сьвята можа будзе акуратна і прыбраць.

Як цяпер афіцыйныя прапагандысты равуць за 17 верасьня, гэтак жа дружненька пры зьмене раскладу будуць прыгадваць блізкасьць з палякамі.

Падчас абмеркаваньня новай Канстытуцыі гучалі прапановы наўпрост замацаваць у ёй нязьменнасьць геапалітычнага выбару на карысьць Расеі.

Ідэя сьвяткаваць падзеі 1939 году — гэта сымбалічнае афармленьне такога самавызначэньня, спосаб спаліць мост, сьвядома насаліўшы палякам.

Пра тое, што мэта менавіта такая, сьведчаць некаторыя гістарычныя абставіны.

Калі была замацаваная сучасная заходняя мяжа Беларусі?

Калі так ужо карцела адзначыць далучэньне Заходняй Беларусі, то ёсьць дата значна больш прыстойная і легітымная. Гэта 16 жніўня. У гэты дзень у 1945 годзе СССР падпісаў з пракамуністычным урадам Польшчы дамову аб мяжы. І грунтавалася гэтая мяжа на дамоўленасьцях, дасягнутых на Ялцінскай канфэрэнцыі паміж Сталіным, Рузвэльтам і Чэрчылем.

Мяжа гэтая адрозьнівалася ад усталяванай у 1939 годзе, грунтаванай у міжнародным аспэкце на дамове «аб сяброўстве і мяжы» ад 28 верасьня 1939 году з нацысцкай Нямеччынай. Тую дамову з Гітлерам СССР, дарэчы, сам скасаваў пагадненьнем Майскага-Сікорскага з польскім эміграцыйным урадам. Гэтае пагадненьне было заключанае ў ліпені 1941 году пасьля нападу Нямеччыны на Савецкі Саюз.

Іронія гісторыі, але рашэньне Вярхоўнага Савету БССР ад 14 лістапада 1939 году было прынятае на просьбу народнага сходу жыхароў Заходняй Беларусі, які прайшоў у Беластоку.

Дык Беласток паводле дамовы ад 16 жніўня 1945 году адышоў Польшчы. І мяжа з Польшчай , якую мае сучасная Беларусь — гэтая мяжа збольшага была вызначаная менавіта ў 1945 годзе (была потым невялічкая карэкціроўка ў 1946 годзе дамовай паміж СССР і ПНР). І прынятае рашэньне ад 16 жніўня 1945 году было зь якім-ніякім, але польскім урадам, і грунтавалася на дамоўленасьцях з лідэрамі антыгітлераўскай кааліцыі. А не на ўгодзе з Гітлерам.

Так што паўтаруся — калі так карцела зрабіць сьвятам гадавіну ўзьяднаньня, пры гэтым ня крыўдзячы суседа, дык аптымальнай датай было 16 жніўня.

Але карцела, відаць, менавіта пакрыўдзіць. Кшталту таго, як летась падчас палітычнага крызісу БТ раптам пачало называць Польшчу, Літву і Ўкраіну былымі ПНР, ЛССР і ЎССР.

Ці прывядзе 17 верасьня да народнага адзінства?

Найперш гэта неразумна. Прычым ня толькі з гледзішча міжнароднага права, а і з гледзішча беларускага дзяржаўніцкага.

Палітыка — рэч зьменлівая. Цяпер у афіцыйнага Менску з Крамлём — чарговы мядовы месяц. У мінулым ня раз такія пэрыяды мяняліся на пэрыяды гучных сварак і скандалаў. Ні з чаго не вынікае, што сваркі і скандалы засталіся ў мінулым. Абвяшчаць 17 верасьня сьвятам — гэта абмяжоўваць сабе магчымасьці геапалітычнага манэўру нават у аддаленай будучыні. Польшча — не апошняя краіна ў Эўразьвязе.

Для беларускай улады выбар на карысьць 17 верасьня — трук, ход, прыём у бягучай палітыцы. Для Польшчы, для палякаў гэта ня так. Гэта гістарычная траўма, якую ня вылечыш чарговым паваротам геапалітычнай гульні.

Да таго ж «нацыянальных дэманаў» наагул лепш не будзіць. У цяперашняй Польшчы пра вяртаньне «Крэсаў Усходніх» ніхто ня марыць, акрамя купкі маргіналаў. Гучнае сьвяткаваньне ў Беларусі гадавіны 17 верасьня можа гэтую сытуацыю зьмяніць.

Ну і недарэчнай выглядае прапанова сьвяткаваць у гэты дзень менавіта народнае адзінства. Ніякага масавага народнага энтузіязму гэтая дата дзесяцігодзьдзямі не выклікала. З чаго выкліча цяпер?

Калі казаць пра дату, якая сапраўды зьяўляецца для пераважнай большасьці беларусаў бясспрэчнай каштоўнасьцю, дык гэта, безумоўна, 9 траўня. Але гэты дзень ужо сьвяточны.

Але і ён наўрад ці можа абʼяднаць беларусаў, падзеленых цяперашнім палітычным крызісам. Аднак сьвяткаваньне 17 верасьня як спосаб «насыпаць солі на хвост» палякам абʼяднаць беларусаў няздольнае і пагатоў.

Последнее в рубрике