Чаму пра бюджэт на наступны год нічога не чуваць?

Чаму пра бюджэт на наступны год нічога не чуваць?

Летась праект бюджэту на гэты год быў прыняты ў першым чытаньні яшчэ ў лістападзе. У 2018 годзе бюджэт прынялі ў пачатку сьнежня. Сёлета на 14 сьнежня праект бюджэту нават не паступаў у Палату прадстаўнікоў.

За 17 дзён да новага году аб праекце бюджэту на наступны год нічога не чуваць. Летась і пазалетась у такі час бюджэт ужо абмяркоўвалі, праект быў апублікаваны.

У Міністэрстве фінансаў «інфармацыі, калі праект будзе апублікаваны і паступіць у Палату прадстаўнікоў, няма». Разьбіраемся, чаму сёлета працэс так зацягнуўся.

«Закрыта бюджэт абмяркоўваюць»

Бюджэт разглядаюць нашмат менш публічна, чым гэта было раней. Гэта заўважае дырэктар дасьледчага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык.

— Калі ўкладаецца бюджэт, то трэба разумець, што будзе з эканомікай, які будзе рост. Заўсёды ёсьць розьніца паміж пажаданым ростам і аб’ектыўным. Міністэрства фінансаў заўсёды зыходзіла з найгоршага сцэнара. Калі раней можна было разважаць, дзе і што можна пазычыць, то цяпер развагі ідуць зусім па іншым сцэнары. Перад урадам і Мінфінам стаіць пытаньне, што закладаць у бюджэт, — кажа Аляксандар Чубрык.

Эканаміст зьвяртае ўвагу, што цяпер і перад бізнэсам, і перад чыноўнікамі паўстала няпэўнасьць, у якой галоўную ролю адыгрывае бягучы ўнутрыпалітычны крызіс.

«Такой няпэўнай сытуацыі яшчэ не было»

Урад пакуль сам ня ведае, што закладаць у бюджэт, мяркуе кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

— Урад сам ня ведае, што будзе ў 2021 годзе, якія парамэтры закладаць: рост ВУП на 3,5% ці падзеньне, ці наагул будзе бюджэт зацягваньня паясоў. Такога ўзроўню няпэўнасьці яшчэ не было ў нашай гісторыі. Ад Расеі таксама няма чаго спадзявацца. Супрацу зь міжнароднымі арганізацыямі ўлада сама сабе абрэзала. Улада абнуліла давер сэктару ІТ, улада ня хоча ўводзіць палёгкі для кавярняў і рэстаранаў. Горшы варыянт — паглыбленьне рэцэсіі, — гаворыць Яраслаў Раманчук.

Ён кажа, што нейкі дакумэнт прымуць, але «ужо налета пачнуць яго карэктаваць».

Бюджэт на сёлетні год прынялі з дэфіцытам у 1 мільярд рублёў: выдаткі бюджэту перавышалі даходы на гэтую суму.

Последнее в рубрике