Чаму незалежнікам падабаецца Бабарыка
14.05.2020
Юры Дракахруст, Радыё Свабода

Чаму незалежнікам падабаецца Бабарыка

Далёка ня ўсім незалежнікам Віктар Бабарыка падабаецца, але многім, настолькі многім, што варта прааналізаваць матывы такіх даволі шырокіх сымпатый да гэтага кандыдата ў прэзыдэнты. І гэта ня толькі і ня столькі пра яго, колькі пра беларускае грамадзтва.

Падставы зьдзіўляцца, безумоўна, ёсьць. Высьвятленьне, хто працуе на Маскву, — адна зь любімых забаваў беларускай прагрэсіўнай публікі, аргумэнты — сумнеўныя кантакты, цьмяныя сувязі, двухсэнсоўнасьці ў заявах.

«Стаўшы часткай Расеі, большасьць беларусаў скажа радасна «нарэшце»!

Зь Віктарам Бабарыкам у складаных доказах нібыта і няма патрэбы. Да нядаўняга часу ён узначальваў «Белгазпрамбанк». «Газпром» — гэта квінтэсэнцыя «русского мира», прынамсі ў эканоміцы, дый ня толькі ў ёй. Што яшчэ трэба, каб не было сумневаў у расейскіх сувязях спадара Бабарыкі?

Сёе-тое, дарэчы, ёсьць і яшчэ. У сэрыі інтэрвію, якія ён даў у апошнія месяцы і якія, як можна здагадацца, былі падрыхтоўкай да яго прэзыдэнцкай кампаніі, банкір выказаў шмат цікавага адносна пэрспэктывы беларуска-расейскіх адносін — і пра тое, што, «стаўшы часткай Расеі, большасьць беларусаў скажа радасна «нарэшце!», і пра тое, што «31-ю «дарожную мапу» інтэграцыі падпісвае само жыцьцё».

Варта сказаць, што Бабарыка ў сваіх інтэрвію ніякай радасьці не выказваў ні наконт гэтай меркаванай думкі большасьці беларусаў, ні наконт пэрспэктывы падпісаньня «мапы» аб палітычнай інтэграцыі. Хутчэй сум — маўляў, не атрымалася ў нас паўнавартасная дзяржава, і вось жорсткі прысуд гісторыі.

Але самі па сабе гэтыя тэзы даволі сумнеўныя, і гэта менавіта тыя тэзы, якія б выказваў сапраўдны стаўленік, крэатура Масквы.

Дык чаму ж нямала людзей, якія летась так непакоіліся за незалежнасьць Беларусі і гатовыя былі яе адстойваць, сёньня пляскаюць у ладкі кандыдату ў прэзыдэнты з такім паслужным сьпісам і з такімі думкамі?

Культурніцкая індульгенцыя

Тлумачэньняў некалькі. Адно тычыцца ягонай дабрачыннай дзейнасьці, шчодрай падтрымкі беларускай культуры, якую ён на пасадзе кіраўніка банку аказваў. Кіраўнікі іншых, негазпромаўскіх банкаў гэтага не рабілі, а ён рабіў. Значыць, шчыры беларус. Аргумэнт, на мой погляд, ня вельмі моцны. Беларуская рэдакцыя «Спутника» таксама аддае вялікую ўвагу беларускай культуры, паўнавартасную беларускамоўную старонку мае. Але з гэтай прычыны «Спутник» не перастае быць інструмэнтам расейскай прапаганды.

А Бабарыку адпаведныя культурніцкія захады даюць індульгенцыю?

У дыскусіях, якія ўзьніклі наконт яго вылучэньня, выказвалася і вельмі банальнае тлумачэньне — грошы. Бабарыка — і сам чалавек багаты, а за ім стаяць грошы яшчэ большыя. А вялікія грошы маюць пэўнае абаяньне. Але і гэта наўрад ці вычарпальнае тлумачэньне. Далёка ня ўсе, хто выказваў і выказвае радасьць наконт ягонай ініцыятывы, спадзяюцца атрымаць грошы ад Бабарыкі і нават тэарэтычна маюць такую магчымасьць. Энтузіязм многіх абсалютна шчыры.

«Нехай гірше, аби інше»

Напэўна, бліжэйшы, «цяплейшы» — матыў, які трапна фармулюецца ўкраінскай прымаўкай: «нехай гірше, аби інше». Ну надта ўжо многім устыў нязьменны «абаронца сувэрэнітэту». А тут зьяўляецца чалавек, які можа памяняць гэты абрыдлы парадак. Прынамсі, чалавек таго тыпу, кшталту, які можа гэта зрабіць.

У шанцы гэта зрабіць такіх людзей, як Павал Севярынец ці Мікола Статкевіч, пры ўсёй да іх павазе, вераць насамрэч нямногія. А ў такіх, як Бабарыка, шанец ёсьць, хай вельмі няпэўны і тэарэтычны. Але ёсьць ён толькі ў такіх, як ён. Так думае немалая частка беларускага Фэйсбуку, ня кажучы ўжо пра тую частку простага люду, якому «хрустальны сасуд» Лукашэнкі таксама ўстыў да чорцікаў.

Прызнавацца ў матыве «хай горш, абы інакш», ня вельмі ёмка, але ён жа і сапраўды прысутнічае. Аднак і ён, так выглядае, ня самы глыбінны, не апошні.

Беларускі пароль — надурыць Расею

А апошні, напэўна, зьвязаны з вопытам таго, каго Бабарыка зьбіраецца замяніць — Аляксандра Лукашэнкі. Хіба ня ён у 1994 годзе казаў, што гатовы «паўзьці на каленях у Расею», хіба не казаў пазьней, што гатовы інтэгравацца з Расеяй настолькі глыбока, наколькі яна гатовая і хоча? І хіба ня ён быў архітэктарам усёй сыстэмы інстытуцыйных дамоваў з Расеяй? І на зьяўленьне той жа 31-й «дарожнай мапы» інтэграцыі хіба не Лукашэнка даваў згоду?

Ну, ён. Але ў выніку надурыў расейцаў. Ну, не ва ўсім, але шмат у чым надурыў, зрабіў зусім ня тое, пра што з жарсьцю і імпэтам гаварыў. Дык і Бабарыка надурыць, калі сядзе ў прэзыдэнцкі фатэль. Вось гэта і ёсьць самая глыбінная матывацыя.

І тут рэч нават ня ў тым, што Лукашэнка ці Бабарыка надураць расейцаў, а ў тым, што Беларусь, беларуская дзяржава надурыць Расею, расейскую дзяржаву.

Гэта такая беларуская амбівалентнасьць. Каб атрымаць уладу ў Беларусі, трэба рабіць рэвэрансы на адрас Расеі. Не, можна не рабіць, можна нават праклінаць. Але тады шанцаў няма нават тэарэтычных. А каб былі, трэба рабіць.

Ну, а потым, атрымаўшы ўладу, зразумела ж, Расею надурыць. А як інакш? Noblesse oblige. Дзьве душы, як пісаў клясык.

Наколькі гэтая вера абгрунтаваная — і наагул, і адносна канкрэтна спадара Бабарыкі — сказаць цяжка. Але інакш немагчыма патлумачыць сапраўды дзіўнае становішча, калі людзі, якія летась горача пракліналі Расею, цяпер гэтак жа горача вітаюць прэзыдэнцкія амбіцыі чалавека, надзвычай шчыльна з Расеяй зьвязанага.

Шрайбман: Выдвижение Бабарико и Цепкало — это симптом брожения в элитах

Последнее в рубрике