Чаму Фінляндыя пакуль не будуе АЭС з рэактарам, як у Беларусі, — расказвае фінскі прафэсар
29.11.2019
Аляксей Знаткевіч, Радыё Свабода

Чаму Фінляндыя пакуль не будуе АЭС з рэактарам, як у Беларусі, — расказвае фінскі прафэсар

У Фінляндыі цяпер працуюць дзьве АЭС, адна зь іх — з савецкімі рэактарамі.

Літва адмовілася ад прапановы Фінляндыі, якая цяпер старшынюе ў Радзе Эўразьвязу, паўдзельнічаць у трохбаковых кансультацыях зь Беларусьсю наконт пэрспэктываў Астравецкай атамнай электрастанцыі.

У Вільні настойваюць на шырэйшым удзеле краін ЭЗ, бо, паводле літоўскага боку, БелАЭС гэта «праблема Эўразьвязу», а не двухбаковая справа Літвы і Беларусі ці Фінляндыі і Беларусі.

Прапанову правесьці трохбаковыя кансультацыі агучыў 25 лістапада ў Менску міністар замежных справаў Фінляндыі Пэка Хаавіста пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

У Фінляндыі ухвалены праект АЭС з рэактарам расейскай вытворчасьці

У самой Фінляндыі цяпер працуюць дзьве АЭС. Адна зь іх, на высьпе Хястхолмэн, пабудаваная ў 1977 годзе з савецкімі рэактарамі, але заходнімі сыстэмамі бясьпекі кантролю. Другая АЭС, на высьпе Олкілуота, была пабудаваная швэдзкім канцэрнам ABB. Чакаецца, што ў 2020 годзе там пачне працу трэці рэактар, над якім працуе француска-нямецкі кансорцыюм. Першапачаткова плянавалася, што гэты рэактар запрацуе яшчэ ў 2009 годзе, але яго запуск шмат разоў адкладаўся.

Аднак ухвалены праект яшчэ адной атамнай электрастанцыі, на якой мае стаяць такі самы рэактар расейскай вытворчасьці, як на Беларускай АЭС. Пра сытуацыю з гэтым праектам Радыё Свабода расказаў Тапіё Літманэн, прафэсар сацыялёгіі фінскага ўнівэрсытэту Ювяскюля, які дасьледуе рэгуляваньне ядзернай энэргетыкі.

«На пачатку дзесяцігодздзя ішлі дыскусіі пра тое, хто атрымае заказ на будаўніцтва АЭС у Фінляндыі. Была абраная кампанія Fennovoima, у якой частка акцый належала нямецкай кампаніі. Але там былі праблемы з уласнасьцю і нямецкі кансорцыюм адмовіўся ад падтрымкі праекту. І тады новым партнэрам зрабіўся расейскі «Росатом». Для фінскіх палітыкаў гэта была вельмі складаная сытуацыя. Вялося шмат дыскусій пра тое, наколькі з геапалітычнага гледзішча разумна ладзіць праект з кампаніяй, у якой траціна акцый належыць расейцам».

Прафэсар Літманэн тлумачыць, што хоць праект даўно ухвалены, але кампанія Fennovoima, якой часткова валодае «Росатом», дагэтуль не атрымала ліцэнзіі на будаўніцтва.

«Яны пакуль што ня здолелі падрыхтаваць дастаткова якасных дакумэнтаў, якія б задаволілі фінскі Цэнтар радыяцыйнай бясьпекі. Але яны ўжо пачалі рыхтаваць пляцоўку пад будаўніцтва ў фінскай мясцовасьці Пюхяёкі. Калі абапірацца на міжнародны досьвед, дык звычайна такія праекты зацягваюцца на 5-10 гадоў. Пасьля аварыі на АЭС у Фукусіме ў Японіі, правілы бясьпекі, асабліва для новых праектаў, зрабіліся яшчэ больш жорсткімі.

У нас агульны рынак электрычнасьці разам са Швэцыяй і Нарвэгіяй, і мы імпартуем электраэнэргію з гэтых краін. Але адначасова мы купляем электрычнасьць у Расеі. І калі першапачаткова ішла гаворка пра новую АЭС, адзін з аргумэнтаў «за» быў у тым, што Фінляндыя так зробіцца менш залежнай ад расейскага імпарту. Але цяпер некаторыя людзі кажуць, што гэты аргумэнт згубіў моц, бо „Росатом“ і ўрад Расеі сталі часткай праекту».

Фінаў турбуе не беларуская, а расейская АЭС

Паводле Тапіё Літманэна, ні ўвод у эксплюатацыю Астравецкай АЭС, ні рашэньне Літвы пасьля гэтага заблякаваць пастаўкі беларускай электраэнэргіі не адаб’юцца на фінскім рынку электраэнэргіі.

«У фінскіх СМІ і сярод фінскіх палітыкаў асабліва не абмяркоўваюць Беларускую АЭС. Фінаў больш турбуе расейская АЭС непадалёк ад мяжы з Фінляндыяй. Вядома ж, тое, што знаходзіцца па суседзтву, хвалюе больш. Наколькі я ведаю, пляны Літвы практычна не паўплываюць на Фінляндыю».

Эксперт: Каждый белорус уже должен за БелАЭС по тысяче долларов

Последнее в рубрике