Чаму Беларусь стала краінай суцэльных правапарушальнікаў?
17.12.2019
Валер Карбалевіч, Радыё Свабода

Чаму Беларусь стала краінай суцэльных правапарушальнікаў?

Напярэдадні выбараў Лукашэнка імкнецца выглядаць абаронцам народу ад перасьледу праваахоўных органаў.

На 26-м годзе кіраваньня Лукашэнка раптам заклапаціўся праблемай справядлівасьці. 16 сьнежня падчас нарады аб прымяненьні захадаў адміністрацыйнай адказнасьці ён прыйшоў да высновы, што праваахоўныя органы занадта шмат караюць беларускіх грамадзянаў, што несправядліва.

Паводле кіраўніка Беларусі, за 10 гадоў колькасьць адміністрацыйных правапарушэньняў павялічылася амаль удвая. Пры гэтым толькі за няпоўныя 5 гадоў зарэгістравана 16 млн парушэньняў, за ўчыненьне якіх да адказнасьці прыцягнута каля 3,5 млн грамадзян — больш за 50% усяго працаздольнага насельніцтва. Права складаць пратаколы аб правапарушэньнях маюць супрацоўнікі больш як 70 ведамстваў.

Пра гэтую праблему шмат гадоў кажуць праваабаронцы. Беларусь — краіна з параўнальна невысокім узроўнем злачыннасьці. У 2017 годзе яна займала 16-е месца ў сьвеце ў гэтым паказьніку. Тым больш дзіўна, што па колькасьці зьняволеных на 100 тыс. насельніцтва Беларусь доўгі час знаходзілася сярод сусьветных лідэраў. Чым тлумачыцца такая супярэчнасьць?

Адказ просты. Бо Беларусь — клясычная паліцэйская дзяржава, у якой вінаватымі зьяўляюцца ўсе. Рахманыя, талерантныя, законапаслухмяныя беларусы ва ўмовах рэжыму Лукашэнкі воляй улады ледзь не пагалоўна ператварыліся ў злачынцаў і парушальнікаў. Справа не ў грамадзянах, справа ў дзяржаўнай сыстэме.

У прынцыпе, гэта прызнаў на нарадзе сам Лукашэнка. Паводле ягоных высноваў, дзейны Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях выкарыстоўвае пераважна карны спосаб вырашэньня любых канфліктных сытуацый. Да гэтага прымушае сыстэма валавых справаздачных паказчыкаў для ацэнкі выніковасьці дзейнасьці службовых асоб упаўнаважаных ведамстваў. Лукашэнка кажа: «Як мне дакладваюць, да гэтага часу ў нас не выкаранена палачна-галачная сістэма. Гэтым грашаць практычна ўсе: міліцыя, мытныя органы, падатковая інспэкцыя, пажарная служба, санстанцыя і іншыя. Даходзіць да таго, што кіраўніцтва з супрацоўнікаў прама патрабуе прынесьці ня менш трох-пяці пратаколаў аб правапарушэньнях за дзень, калі не — застануцца бяз прэміі».

Лукашэнка гэтым абураецца, кажа, што гэта недапушчальна. Але хто ж стварыў падобную сыстэму цягам чвэрці стагодзьдзя? На ўсіх нарадах ён патрабуе навесьці парадак, дысцыпліну «жэстачайшым» чынам, заклікае ўсіх жорстка караць, «адкруціць галаву», пастаянна пагражае турмой. Дарэчы, нават на гэтай нарадзе ён запатрабаваў усіх вінаватых у празьмерным адміністрацыйным перасьледзе грамадзян «саджаць у турму без суду і сьледзтва». Дык увесь апарат і стараецца.

У краіне, дзе галоўным сродкам вырашэньня ўсіх праблем зьяўляецца дзяржаўны гвалт, па-іншаму быць і ня можа. Паліцэйская дзяржава інакш не працуе. Гвалт і жорсткасьць — гэта яе родавая якасьць.

Чаму ж цяпер Лукашэнка раптам убачыў гэтую праблему і абурыўся? Ён заявіў: «Гэта фармуе ў грамадзтве думку аб празьмернай жорсткасьці і нават лютасьці органаў улады і ўлады ўвогуле, а часта і відавочнай несправядлівасьці практыкі прымяненьня адміністрацыйных санкцый... Ці ў поўнай меры ў гэтай працы забясьпечваецца справядлівасьць, пра якую мы часта гаворым і якая так запатрабавана нашым насельніцтвам?»

Адказ просты. Неўзабаве выбары. І напярэдадні іх Лукашэнка імкнецца стаць абаронцам народу ад праваахоўных органаў, якія даўно сталі карнымі. Прыём ня новы. Але іншых у кіраўніка дзяржавы, відаць, няма.

«Лишать прав пожизненно?». Как ужесточат наказание для пьяных водителей

Последнее в рубрике