
Чалы: Пастаўкі нафты з ЗША магчымыя. Пытанне — ці выгадна гэта
Незалежны аналітык Сяргей Чалы сумняваецца, што Беларусь зможа наладзіць выгадныя пастаўкі нафты з ЗША. Прычына ў лагістычнай складанасці падобнага праекта.
Аналітык успамінае, што дзесяць гадоў таму, калі Беларусь пачынала пастаўкі нафты з Венесуэлы, быў рэалізаваны варыянт з «замяшчэннем». Венесуэльская нафта пастаўлялася ў ЗША, а наўзамен Беларусь атрымлівала той жа аб'ём азербайджанскай нафты — праз порт Паўднёвы пад Адэсай.
— Тады мы так і не здолелі прагарантаваць патрэбныя аб'ёмы. У выніку Украіна адмовілася ад гэтага праекта, — дадае Чалы.
У выпадку калі кантракт з ЗША будзе дастаткова буйны, гэты варыянт можа быць рэалізаваны.
«Паўночны» шлях таксама мае абмежаванні — у першую чаргу па памерах танкераў, якія могуць уваходзіць у Балтыйскае мора.
— Там вузкія і глыбакаводныя пралівы Даніі. Праходзяць такія, як мы купілі ў Нарвегіі. 80 з капейкамі тысяч [тон]. І ўсё, — каментуе Чалы. — І плюс, зноў жа, пастаўка працуе толькі чыгуначным транспартам, таму што труба [на поўначы Беларусі] цяпер нефункцыянальная, там нават тэхнічнай нафты цяпер няма.
Падчас візіту ў Мінск дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа заявіў, што амерыканскія вытворцы гатовыя забяспечыць Беларусь нафтай на 100 працэнтаў па канкурэнтных цэнах.
Скептыкі адразу ж успомнілі, што ЗША самі імпартуюць нафту. Аднак, па словах Чалага, Злучаныя Штаты таксама з'яўляюцца і экспарцёрам, і маюць патрэбныя аб'ёмы нафты.
Для поўнай загрузкі абодвух беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў трэба 24 млн тон нафты ў год.
Экономист: Тех доходов от НПЗ, которые были, для Беларуси уже не будет