Белстат: Чакаем, што беларускамоўных па выніку перапісу будзе больш, чым у 2009 годзе
21.02.2020
Радыё «Свабода», iлюстрацыйнае фота

Белстат: Чакаем, што беларускамоўных па выніку перапісу будзе больш, чым у 2009 годзе

Паводле папярэдніх дадзеных, 95% жыхароў Беларусі паўдзельнічалі ў леташнім перапісе насельніцтва Беларусі. Пра гэта паведаміла на прэс-канфэрэнцыі ў Менску старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэту Іна Мядзьведзева.

Перапіс насельніцтва праходзіў у Беларусі з 4 па 30 кастрычніка 2019 году.

Па дадзеных на 4 кастрычніка 2019, у Беларусі пражывае 9 413 446 чалавек. Зь іх 46,2% мужчыны і 53,8% жанчыны.

Паводле Мядзьведзевай, у параўнаньні зь бягучым улікам насельніцтва Беларусі скарацілася на 0,4%, і гэта зьвязана з працоўнай міграцыяй.

Паводле кіраўніцы Белстату, у Беларусі «натуральнае зьмяншэньне насельніцтва, яно старэе».

95% удзельнічалі ў перапісе. Зь іх 22% праз інтэрнэт, 28% — на стацыянарных участках, 48% былі апытаныя дома. 2% адмовіліся ад удзелу ў перапісе.

У перапісе ўзялі ўдзел 20 тысяч іншаземцаў.

Менск упершыню дасягнуў адзнакі 2 мільёны чалавек. Усяго ў гарадах Беларусі жыве 77,5% (7,2 мільёна) насельніцтва. У вёсцы — 22%, ці 2,1 мільёна. Пры гэтым у раёнах, блізкіх да Менску, назіраецца прырост сельскага насельніцтва. Найбольш насельніцтва вырасла ў Менскім раёне.

Як паведаміла старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі, падлік вынікаў перапісу будзе працягвацца да ліпеня. Канчатковыя вынікі агучаць увосень.

Белстат: Чакаем, што беларускамоўных па выніку перапісу будзе больш, чым у 2009 годзе

Карэспандэнтка Радыё Свабода спытала, ці магло паўплываць на вынікі перапісу тое, што перапісчыкі часам не адказвалі па-беларуску, ня ведалі, дзе ў пляншэтах беларуская мова, не задавалі пытаньняў пра мову.

Іна Мядзьведзева адказала, што «навучыць усіх перапісчыкаў беларускай мове хутка і на добрым узроўні цяжка».

Яна прызнала, што былі выпадкі, калі людзі адмовіліся перапісвацца, бо перапісчык не валодаў беларускай мовай. Але, на думку кіраўніцы Белстату, «паўплываць на вынікі перапісу» гэта не магло.

Па яе словах, колькасьць беларускамоўных па выніках перапісу-2019 можа быць большай, чым пасьля перапісу 2009 году. Канкрэтныя ж лічбы Белстат зможа агучыць увосень.

Последнее в рубрике