Беларусы ацэньваюць высілкі ўладаў па барацьбе з пандэміяй горш, чым у 56 з 57 іншых краін — міжнароднае апытаньне
23.04.2020
Юры Дракахруст, Радыё Свабода

Беларусы ацэньваюць высілкі ўладаў па барацьбе з пандэміяй горш, чым у 56 з 57 іншых краін — міжнароднае апытаньне

Гэта — адзін з вынікаў дасьледаваньня, якое правяла міжнародная група навукоўцаў з 12 вядучых унівэрсытэтаў сьвету, у тым ліку Гарварду і Кэмбрыджу, у 58 краінах, сярод якіх была і Беларусь.

Мэтай дасьледаваньня было высьветліць, як жыхары розных краін рэагуюць на эпідэмію каранавірусу. У пэрыяд з 20 сакавіка па 6 красавіка на пытаньні анкеты адказалі 110 968 чалавек (3300 — з Беларусі). Гэта найбуйнейшае міжнароднае сацыялягічнае дасьледаваньне па тэматыцы каранавірусу. У Беларусі афіцыйным партнэрам дасьледаваньня была Беларуская аналітычная майстэрня, кіраваная Андрэем Вардамацкім.

Прапануем вам некаторыя дадзеныя дасьледаваньня па 10 краінах сьвету, у тым ліку па Беларусі і 4 яе суседзях (у Літве дасьледаваньне не праводзілася).

Доля рэспандэнтаў, якія лічаць, што рэакцыя ўладаў іх краіны на пандэмію была недастатковай, у %

1

З усіх 58 краінаў, дзе рабілася дасьледаваньне, толькі ў Турэччыне доля тых, хто лічыць, што рэакцыя ўладаў іх краіны на пандэмію была недастатковай, вышэйшая, чым у Беларусі. У Турэччыне — 91%, у Беларусі — 86%. Даволі блізкія да беларускага паказніку — у Інданэзіі (83%), у Расеі (85%) і ў ЗША (85%). Наступнае пытаньне тычылася таго, наколькі праўдзівымі былі ўлады, інфармуючы насельніцтва пра хаду пандэміі

Доля рэспандэнтаў, якія лічаць, што ўлады былі непраўдзівымі, у %

1

У цэлым сярод 58 краінаў Беларусь аказалася на 8 месцы паводле недаверу да афіцыйнай інфармацыі адносна хады эпідэміі. Больш, чым у Беларусі, лічылі непраўдзівай афіцыйную інфармацыю, у прыватнасьці, у Вэнэсуэле (88%), у ЗША (75%) і ў Расеі (83%).

А вось у адказах на пытаньне пра адэкватнасьць грамадзкай рэакцыі на каранавірус, Беларусь аказалася ў сярэдзіне сьпісу.

Доля рэспандэнтаў, якія лічаць, што рэакцыя грамадзтва ў іх краіне на пандэмію была недастатковай, у %

1

Сярод суседзяў Беларусі ацэнкі рэакцыі грамадзтва сваёй краіны на пандэмію былі лепшымі за беларускія толькі ў Латвіі. У Польшчы — дакладна такімі ж, як у Беларусі. Ва Ўкраіне і Расеі — горшымі, чым Беларусі.

У дасьледаваньні задаваўся шэраг пытаньняў пра тое, якія засьцерагальныя крокі супраць пандэміі робяць самі рэспандэнты. У адказах на пытаньне «Ці заставаліся Вы дома на працягу мінулага тыдня?» Беларусь была «рэкардсмэнам» — станоўча адказалі на гэтае пытаньне толькі крыху больш за 50% сярод беларускіх рэспандэнтаў. Ва ўсіх астатніх 57-мі краінах доля тых, хто адказаў, што на мінулым тыдні заставаўся дома, была вышэйшай: ад Расеі, дзе такіх было больш за 60%, да Аргентыны, дзе дома заставаліся больш за 90%.

На пытаньне «Ці ўстрымліваліся Вы ад наведваньня масавых мерапрыемстваў на працягу мінулага тыдня?» станоўча адказалі прыкладна 75% беларускіх рэспандэнтаў. Толькі ў дзьвюх краінах гэтая доля аказалася меншай — у Дамініканскай Рэспубліцы (крыху больш за 50%) і ў Сынгапуры (крыху больш за 70%). Ва ўсіх астатніх 55 краінах, дзе праводзілася апытаньне, была большай, чым у Беларусі, доля тых, хто ўстрымліваўся ад наведваньня масавых мерапрыемстваў. Самай высокай доля такіх апытаных аказалася на Філіпінах — амаль 100%.

Прыкладна палова апытаных беларусаў станоўча адказалі на пытаньне, што на мінулым тыдні датрымлівалі дыстанцыю ад іншых людзей як мінімум на два мэтры. Меншай доля станоўчых адказаў была толькі ў Японіі і Чылі. У астатніх 55 краінах большы адсотак апытаных датрымліваў належную дыстанцыю ад іншых людзей.

Падводзячы вынікі, трэба сказаць, што беларускія рэспандэнты ў адказах прадэманстравалі адну з самых нізкіх у сьвеце ступеняў практыкаваньня рознага кшталту сацыяльных засьцярогаў ад каранавірусу. Пры гэтым сярод іх аказалася рэкордна высокая доля тых, хто палічыў недастатковымі дзеяньні сваіх уладаў у барацьбе з каранавірусам. Таксама даволі высокім аказаўся ў Беларусі адсотак тых, хто ацаніў афіцыйную інфармацыю пра пандэмію як непраўдзівую.

Как COVID-19 изменил медиа привычки разных поколений

Последнее в рубрике