
«Беларускі Кувэйт»: што трэба ведаць пра здабычу нафты на Палесьсі
Беларусь здабывае ўласную нафту ўжо амаль 60 год.
Свабода сабрала некаторыя факты пра гісторыю і значэньне здабычы «чорнага золата» для Беларусі.
Калі навукоўцы ўпершыню заявілі пра беларускую нафту
Упершыню навукоўцы агучылі думку, што ў Беларусі могуць быць залежы нафты, у 1933 годзе.
Першым у навуковым сьвеце пра гэта заявіў геоляг Аляксандар Розін. Падставай для пошукаў нафты сталі дасьледаваньні акадэміка Герасіма Багамолава, які патлумачыў купалападобныя структуры ў паўднёвай частцы краіны наяўнасьцю нафты. А ўжо ў 1957 годзе ўпершыню было сказана пра нафтаносны раён — беларускае Палесьсе.
Дзе адкрылі першую сьвідравіну
У 1964 годзе ў Беларусі адкрылі першае прамысловае радовішча нафты — яно атрымала назву Рэчыцкае. Першую прамысловую нафту здабылі ўжо праз год брыгады майстроў Валянціна Зайцава і Ўладзімера Галкі. Першапачаткова беларускія нафтавікі здабывалі з дзьвюх сьвідравінаў за суткі 726 тонаў «чорнага золата».
Рэпрэсіі за адмову здабываць нафту
Узьнімаць нафтавую «цаліну» ў Беларусі прысылалі людзей з розных куткоў СССР. За адмову ехаць на Палесьсе пагражала нават выключэньне з партыі. Пра гэта сьведчаць успаміны нафтавікоў. Па тых часах выключэньне з партыі было вельмі суровым пакараньнем.
Калі здабылі першы мільён
Першы мільён «чорнага золата» і 2 млн кубамэтраў спадарожнага газу беларускія нафтавікі атрымалі праз 3 гады пасьля пачатку прамысловай здабычы — у 1967 годзе.
Якая здабыча была рэкорднай
У 1975 годзе была зафіксаваная максымальная здабыча за ўсе гады эксплёатацыі беларускіх радовішчаў — 8 млн.
Дарэчы, у Кувэйце за суткі здабываюць 410 тысяч тонаў. То бок беларускую гадавую норму яны атрымліваюць за 4 дні.
Якое самае глыбокае радовішча
У чэрвені 2015 году было завершана сьвідраваньне самага глыбокага радовішча Беларусі. Яго глыбіня — 6 755 мэтраў. Радовішча называецца Перадрэчыцкае.
Агульны эксплёатацыйны фонд у Беларусі складае 809 сьвідравін.
Колькі беларускай нафты здабылі да гэтага часу
Ад пачатку здабычы да нашых дзён у Беларусі здабылі 135 млн тонаў уласнай нафты.
На колькі «палескае чорнае золата» забясьпечвае краіну нафтай
Беларусь купляе ад Расеі 22,5 мільёны, а сама здабывае 1,6 млн. Уласная здабыча — гэта 7% ад таго, што Беларусь купляе ва ўсходняй суседкі.
Здабыча ўласнай нафты расьце ці падае
У 2020 годзе «Беларусьнафта» плянуе здабыць 1, 7 мільёна тонаў нафты. У апошнія два гады здабыча сярэднім прырастае на 20 тысяч тонаў у год.