Беларускі дыстант: нараджэньне ў пакутах
15.04.2020
Ганна Севярынец, Радыё Свабода

Беларускі дыстант: нараджэньне ў пакутах

Сапраўды, хочацца, як той бабе-павітусе зь беларускіх павер’яў, расплесьці касу, набраць вады ў рот, павесіць на крук ля дзьвярэй ручнік-радзільнік, паадкрываць усе куфры і скарбонкі і расшпіліць усе гузікі на Міністэрстве адукацыі, каб спрасьціць нашаму чынавенству цяжкія радзіны беларускай дыстанцыйнай адукацыі.

Дыстант, вялікі і неадменны, паўстаў перад намі не ў якасьці дэкаратыўных гульняў на мэтадычных паседжаньнях альбо настаўніцкіх курсах, а ў сваёй неабвержнай рэальнасьці.

Настаўнікі кінуліся шукаць рэсурсаў, пляцовак і магчымасьцяў. Мала хто з нас думае зараз пра што іншае, акрамя таго, як перавесьці хаця б свае родненькія клясы на дыстанцыйнае навучаньне ва ўмовах нізкай настаўніцкай кампэтэнтнасьці, пры малой тэхнічнай забясьпечанасьці і пры поўнай несуладнасьці ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

Між тым ёсьць адна невідавочная, але існая пагроза. Яе сфармуляваў Сяргей Дубавец у гутарцы са Змітром Лукашуком для чарговага эфіру «Эўрарадыё»: «Я пакуль бачу толькі, што паўсюль, дзе пераходзяць на дыстанцыйнае навучаньне, робяць гэта на расейскіх плятформах, бо там усё падрыхтавана, а свайго няма. Так зь вірусам павялічваецца абсяг русыфікацыі, прычым татальна».

Відавочна, нам, настаўнікам зараз не да гэтага. Ці будзем мы думаць, што велізарныя базы дадзеных беларускіх настаўнікаў і вучняў зараз трапяць на расейскія рэсурсы, адкуль пальецца на ўсіх нас адпаведная рэкляма, прапановы навучаньня ў Расеі, расейскі адукацыйны кантэнт? А ён пальецца.

І разам са зручнымі тэхналёгіямі, таленавітымі распрацоўкамі, магчымасьцямі сэрвэраў і досьведам перадавых настаўнікаў краіны-суседкі мы атрымаем бязьмежны чужы кантэнт, доступ да нашых адрасоў і залежнасьць ад чужых сыстэм і правіл.

А хацелася б свайго. Бо і ў нас ёсьць таленавітыя праграмісты, крэатыўныя настаўнікі, свае школьныя традыцыі і свае энтузіясты пэдагагічнай справы. І няхай мы пакуль не такія магутныя і моцныя, але ручнік-радзільнік ужо вісіць, брамы расчыненыя і гузікі расшпіленыя. Давайце ўжо нараджаць сваё.

Цяпер канкрэтыка.

На партале nastaunik.info сабраная вялікая колькасьць матэрыялаў для правядзеньня ўрокаў. Менавіта тут акумулююцца новыя напрацоўкі нашых настаўнікаў па арганізацыі першага навучальнага тыдня ва ўмовах дыстанту. У стварэньні адукацыйных ролікаў, якія можна выкарыстоўваць усім, прымаюць удзел пераможцы рэгіянальных прафэсійных конкурсаў, пэдагогі-наватары, ініцыятыўныя школьныя настаўнікі, усе — практыкі, усе — са сваімі клясамі ва ўмелых руках.

Вось тут галоўная рэдактарка пляцоўкі Тамара Мацкевіч дае самы сьвежы агляд зробленага: вельмі шмат матэрыялаў сабрана для пачатковай школы, што мае асаблівую каштоўнасьць.

Гарадзенскія настаўнікі падрыхтавалі ўсе школьныя ўрокі па ўсіх тэмах першага тыдня 4 чвэрці: Гэта невялікія, але густоўна зробленыя традыцыйныя ўрокі, скарочаныя да 5-15 хвілінаў, якімі можна скарыстацца пры фармаваньні праграм самастойнага навучаньня.

На сайце найбуйнейшага адукацыйнага выдавецтва выкладзеныя ў бясплатны доступ працоўныя сшыткі і падручнікі з матэрыяламі за 4 чвэрць: Ёсьць магчымасьць доступу праз мабільны дадатак.

Створаны адмысловы беларускі рэсурс для правядзеньня відэаканфэрэнцый, прасьцейшы ў выкарыстаньні за zoom. Плятформа шчэ адладжваецца, але менавіта мы можам дапамагчы ёй, карыстаючыся і паведамляючы ад праблемах у тэхпадтрымку. Важна, што разьмешчаная плятформа на беларускім сэрвэры, а значыць, ня будзе перагружаная ў сусьветных маштабах.

Існуе вельмі неблагая беларуская плятформа для дыстанцыйнага навучаньня Эффор.бай, дзе знаходзяцца ўжо распрацаваныя курсы і матэрыялы па большасьці вучэбных прадметаў (праўда, рэгістравацца ў ёй трэба цэнтралізавана школай, да канца 2020 года яна бясплатная).

Хочацца нагадаць і пра іншыя адукацыйныя рэсурсы, матэрыялы якіх можна з вялікім посьпехам і эфэктыўнасьцю выкарыстоўваць у навучаньні старэйшых клясаў — менавіта ў гуманітарнай сфэры. Гэта wir.by/be/ — відэа, падкасты, артыкулы па беларускай і сусьветнай культуры, створаныя маладой і крэатыўнай камандай, якая размаўляе з маладзёвай аўдыторыяй у самай прагрэсіўнай стылістыцы, гэта грунтоўныя матэрыялы, створаныя Лятучым унівэрсытэтам .

Не забываймася і пра Беларускую палічку, дзе складзеная большасьць беларускай клясыкі, і бібліятэку Камунікат.

Карацей, давайце ўжо як нараджаць — дык нараджаць сваё. Дарэмна, ці што, пакутуем?

Последнее в рубрике