Барацьба з «сэкандам»: місія невыканальная
06.01.2021
Аліна Бялова, budzma.by

Барацьба з «сэкандам»: місія невыканальная

Мне заўсёды цікава і смешна назіраць, як нашыя чыноўнікі спрабуюць урэгуляваць тое, у чым ні каліва не разумеюць. Боўтаюцца як свіння ў апельсінах, а нічога не атрымліваецца. Днямі яны забаранілі прадаваць у крамах «сэканд-хэнд» новае адзенне. Можна толькі тое, якое было ва ўжыванні. Але як гэта здзейсніць на практыцы?

Жыццё як барацьба

Барацьба з «сэканд-хэндамі» нашых чыноўнікаў доўжыцца ўжо не першае дзесяцігоддзе. Чаго толькі не прыдумлялі беларускія афіцыйныя асобы, каб ускладніць жыццё гандлярам гэтымі «другаснымі рэсурсамі»! З апошніх ініцыятыў памятаецца, напрыклад, ідэя аб забароне прадаваць праз інтэрнэт патрыманыя рэчы. Падстава фармулявалася проста: нібыта ў пакупнікоў няма магчымасці атрымаць у поўным аб’ёме інфармацыю пра стан тавару, яго недахопы, бо апісанняў і фотаздымкаў у інтэрнэце недастаткова. Даводзілася, што ў інтэрнэт-краме, як правіла, ідзе перадаплата за тавар банкаўскай карткай, і праз дыстанцыйную аплату пакупнікі пазбаўляюцца магчымасці вярнуць тавар: паводле закона, патрыманыя рэчы абмену і вяртанню не падлягаюць.

Гэтая ініцыятыва атрымала безліч адмоўных водгукаў, і яе вымушана скасавалі. Kufar.by працуе дагэтуль.

Потым узнікла новая ідэя: адсунуць крамы «сэканд-хэнду» з цэнтраў гарадоў на перыферыю. Таксама прапанова, геніяльная да ідыятызму. Хто вызначае, што ёсць «цэнтрам» горада, а што — «перыферыяй»? У чыноўнікаў на гэты конт свае меркаванні, а ў людзей — свае. Для таго, каб афіцыйна ўвесці паняцце «цэнтр горада», трэба перапісваць увесь адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Беларусі. Тая яшчэ задачка.

Дый «сэканды», насамрэч, як бюджэтныя крамы, ніколі не імкнуліся заняць «цэнтравыя» месцы ў «залатых» раёнах. Прадпрымальнікі, што гандлююць патрыманым адзеннем, выдатна разумеюць сваю мэтавую групу, а таму адкрываюць гандлёвыя кропкі бліжэй да сваёй аўдыторыі — то-бок якраз не ў цэнтрах.

Цяпер — новая забарона, якая таксама нічога не дасць.

За саломінку хапаюцца

Чаму чыноўнікі так змагаюцца з крамамі патрыманай вопраткі? На думку старшыні канцэрна «Беллегпрам» Таццяны Лугінай, «сэканды» ствараюць канкурэнцыю «Беллегпраму» і айчынным вытворцам адзення. Маўляў, у «сэкандах» прадаюць дзве траціны адзення, якое не было ва ўжытку, а акурат новае. Маўляў, завозіцца з-за мяжы не распрададзены там і істотна патаннелы (так званы стокавы) тавар нават з этыкеткамі. І таму ён павінен адмыслова размытняцца са выплатай увазных пошлін, «каб канкурэнцыя была сумленнай».

Шараговы спажывец скажа: «А што дрэннага ў тым, што людзі набываюць фактычна новыя рэчы па малой цане?» І будзе мець рацыю. Але ў чыноўнікаў, якія ўвесь час далдоняць пра «дзяржаву для народа», свая логіка. Іх інтарэсы народа хвалююць менш за ўсё. Рэч у карпарацыйным інтарэсе.

Возьмем толькі адзін з апошніх паказчыкаў працы «Беллегпрама». Узровень запасаў гатовай прадукцыі на 1 чэрвеня 2020 года (у вытворчасці тэкстыльных вырабаў, адзення, вырабаў са скуры і футра) у 4,3 разу перавышаў сярэднямесячны аб’ём вытворчасці. То-бок увесь «Беллегпрам» можна адправіць у адпачынак як мінімум на квартал — і мы б гэтага нават не заўважылі. Проста беларусы не купляюць тавары канцэрна як дарагія і не вельмі якасныя.

Якое выйсце? Рабіць тавары таннейшымі і больш якаснымі? Не, гэта не чынавенская логіка. «Дзяржаўнае» рашэнне — закрыць канкурэнтаў, каб народ ВЫМУШАНЫ быў «купляць беларускае», бо іншага няма. «У СССР гэта працавала, спрацуе і цяпер», — напэўна, думаюць чыноўнікі. Адсюль і барацьба з канкурэнтамі.

Але ж мы даўно ўжо не ў СССР.

Місія невыканальная

Чарговая забарона для «сэкандаў» таксама вырачаная на правал. Проста таму, што трэба ведаць прынцып іх працы. Прыкладна ён выглядае так.

«Сэканд» фасуецца ў Еўропе і прыязджае на нашыя аптовыя склады ў вялізных цюках па некалькі дзясяткаў кілаграмаў. Выбіраць рэчы з цюкоў нельга — браць трэба толькі цалкам, а потым ужо фасаваць (ці не фасаваць) перад продажам. Толькі змесціва мяхоў падзяляецца на катэгорыі: гэта можа быць нейкая адна пазіцыя (напрыклад, джынсы ці дзіцячыя чаравікі) або мікс рэчаў па прыкмеце «цана-якасць». Можа быць вопратка з невялікім адсоткам зношанасці або прыдатная толькі на анучы, фірмовая патрыманая і стокавая. Стан патрыманых рэчаў можа быць які заўгодна.

То-бок па факце гэта латарэя. Можна ўзяць цюк адзення — і дзве траціны з яго выкінуць. А можа здарыцца так, што ў цюку трапіцца працэнтаў 30 стокавых рэчаў.

Каб прымусіць «сэканд-хэнды» прадаваць толькі патрыманае, трэба даць загад еўрапейцам, каб яны іх фасавалі ў асобныя цюкі патрыманае, а асобна «сток», і рабілі выключна так. Але дацягнуцца да Еўропы ў нашага ўрада рукі кароткія — тым не загадаеш.

«Сэкандам» жа абысці новае патрабаванне ўладаў даволі проста: падчас сартавання рэчаў на продаж банальна зразаць цэтлікі, калі такія будуць заўважаныя. І «лёгкім рухам нажніцаў» стокавае адзенне ператвараецца ў патрыманае.

Вядома, пастанова ўрада прадугледжвае, што патрыманыя рэчы — гэта рэчы «з бачнымі прыкметамі нашэння, мыцця, эксплуатацыі». Але ізноў жа, як высветліць «бачныя прыкметы нашэння»? Дзірка на калене ў джынсах — гэта «прыкмета нашэння»? Альбо модны трэнд, які трымаецца ўжо не адзін сезон? Папулярныя ў 90-х «вараныя» джынсы — гэта «прыкмета мыцця і эксплуатацыі» альбо неймавернай па тых часах крутасці?

Што выкіне мода наступным разам? Ніхто не ведае. Таксама як ніхто не ведае, як адрозніць «прыкмету эксплуатацыі» ад моднага трэнду.

Атрымліваецца, што новыя абмежавальныя захады супраць крамаў «сэканд-хэнду» ні да чаго не прывядуць. Гэтая пастанова ўрада — чарговая бессэнсоўная папера, якая будзе згубленая пад стосам такіх жа бессэнсоўных і невыканальных іншых папераў, — кшталту забяспечыць «усім па пяцьсот даляраў заробку».

Як урэшце перамагчы?

Улада можа паспрабаваць перамагчы крамы «сэканд-хэнду» толькі двума спосабамі.

Першы: плаціць людзям такі заробак, каб яны маглі набываць новыя стылёвыя і прыгожыя рэчы ў фірмовых крамах.

Другі: прымусіць «Беллегпрам» ствараць модную, стылёвую, якасную і прыгожую прадукцыю, цэны на якую былі б меншыя за замежныя аналагі, а ў ідэале — супастаўныя з тымі ж «сэкандамі». Каб людзі аддавалі перавагу не патрыманым рэчам, а новым і пры гэтым беларускім.

Можа быць, гэта яшчэ больш невыканальная місія? Насамрэч symbal.by, HONAR, LSTR, Рагна (не забудземся і пра Будзьма-краму) і безліч іншых нармальных вытворцаў з канкурэнтамі ў любым іх выглядзе — ад «сэкандаў» да таго ж «Беллегпрама» — не змагаюцца. Яны проста робяць стылёвыя і якасныя рэчы — і выдатна адчуваюць сябе на рынку. Так што не трэба наракаць: усё магчыма. Трэба проста займацца сваёй справай, а не «рэгуляваць» канкурэнтаў.

І нават калі ўлада пойдзе гэтымі двума шляхамі — «сэканды» зусім не знікнуць. Таму што ёсць яшчэ і экалагісты, якія лічаць, што выкідаць на сметнік прыдатныя для ўжывання рэчы — глупства і шкода прыродзе. Яны і надалей будуць апранацца ў «сэкандах» і нагадваць вам, што для вытворчасці бавоўны толькі на адны джынсы трэба 7000 (сем тысяч!) літраў прэснай вады, якая робіцца ўсё большай каштоўнасцю ва ўсім свеце.

А калі ёсць попыт — будзе і прапанова, праўда?

Последнее в рубрике