Баюся, што вынік перапісу будзе шокавым
11.10.2019
Ганна Севярынец, Радыё Свабода

Баюся, што вынік перапісу будзе шокавым

Назіраючы за тым, як ідзе перапіс, за тым, як перапісваюцца мае калегі па рабоце, бацькі маіх вучняў, што пішуць перапісанты ў сацыяльных сетках, якія скрыншоты посьцяць, слухаючы расповеды валянтэраў-перапісчыкаў – я баюся.

«Мы не заўсёды разумеем, што такое для нас беларуская мова»

Баюся, калі мы даведаемся статыстычныя вынікі па моўным пытаньні, мы здрыганёмся. Нягледзячы на беспрэцэдэнтную падтрымку беларускай мовы ў сацсетках, нягледзячы на высілкі арганізатараў грамадзкіх кампаній і акцый. Баюся, што вынік будзе шокавым.

Бо ня менш моцна гучаць галасы: «не прымушайце нас ілгаць падчас перапісу». Пры гэтым людзі спакойна і без праблемаў хлусяць у перапісных лістах, не паказваючы нелегальнай працы ці неафіцыйных заробкаў (нават пытаньня не ўстае – тут трэба хлусіць, канешне ж!). Шмат хто, баючыся мітычных падаткаў на дрэвы і ягаднікі, спакойна і без праблем зьмяншае ў адказах колькасьць яблынь і парэчак, каб раптам чаго ня выйшла – хлусяць і нават не задумваюцца. Бо гэта сваё, крэўнае, а за крэўнае можна і пакруціць з адказамі.

Бо валянтэры аўтаматам націскаюць «расейская», «расейская», нават не перапытваючы падпісанта, каб хутчэй скончыць гэтую вар’яцкую справу (у Смалявічах, прыкладам, на аднаго валянтэра прыходзіцца 600 адрасоў домагаспадарак, якія яны павінны абысьці!) І гэта яшчэ што. Некаторыя перапісчыкі чамусьці хлусяць беларускамоўным падпісантам, што моўных пытаньняў у перапісу наогул няма, і робяць выбар за чалавека – бачыла допісы і пра такія выпадкі.

Бо нават той, хто сьвядома перапісваецца дзеля таго, каб пазначыць беларускую роднай мовай і мовай хатняга ўжытку, часьцяком чамусьці абірае на сайце перапісны ліст па-расейску. Хутчэй за ўсё, проста не задумваецца. Бо мы, у рэшце, не заўсёды разумеем, што такое для нас беларуская мова.

Раней, калі мы былі школьнікамі, нам казалі: «Ну як вы ня хочаце вучыць беларускай мовы? Гэта ж ваша матчына мова! Яна трэцяя па мілагучнасьці ў Эўропе! На ёй пісалі Купала і Колас!» Усё гэта гучала няўцямна і не матывавала ані на грам.

Але сёньня такія часы, што наша мова мае пры сабе адзіны, затое неадменны аргумэнт, навошта яна нам патрэбная. Патрэбная любой: у перапісе і па-за перапісам, у думках і на языку, у плянах і на яве, для дарослых і для дзяцей, учора і заўтра, у царкве і краме. Бо мова сёньня – наш адзіны аргумэнт і наш адзіны гарант.

«Мы маем права проста не разумець загадаў, аддадзеных на чужой мове»

Прэзыдэнты і міністры, што абяцаюць нам незалежнасьць і сувэрэнітэт, могуць падмануць, саслабець ці апынуцца ахвярай абставін. Мова – ніколі. Калі ў нас свая мова – на якіх падставах тут будуць гаспадарыць і каго будуць тут абараняць чужыя ветлівыя людзі?

Чыноўнікі, што так-сяк, але ж будуюць нашу эканамічную незалежнасьць, у любы момант прададуць вашы бізнэс-магчымасьці чужынцам, калі тыя дадуць вялікія грошы ці прыставяць нож да горла. Мова – ніколі. Немагчыма падпарадкаваць бізнэс, што вядзецца на мове, якой чужынец не разумее.

Людзі, што ўчора прысягалі межам сваёй краіны, заўтра будуць пасылаць нашых сыноў у чужыя гарачыя кропкі. Мова – ніколі. Мы маем права проста не разумець загадаў, аддадзеных на чужой мове.

Няма ў нас сёньня іншай магчымасьці даказаць, што мы – гэта мы, што мы гатовыя будаваць сваю дзяржаву і жыць сваімі законамі, якімі б яны не былі. Мы слабыя эканамічна, мы шчэ ня ведаем усіх сваіх рэсурсаў і магчымасьцяў, мы ня ўмеем іх выкарыстоўваць, мы маем крызісную адукацыю і страшэнныя памеры інтэлектуальнай эміграцыі, так, мы сёньня нічога ня можам паказаць іншым, каб адстаяць сваё права на свой шлях, свае памылкі, сваё імкненьне і свой тэмп разьвіцьця, якім бы ён не быў, але каб быў свой. У нас сёньня няма нічога дасканалага і выразна беларускага, акрамя аднаго. Акрамя мовы.

Гэта добра разумеюць тыя, хто яе вынішчае. О, яны праз стагодзьдзі пранесьлі гэтае разуменьне: няма мовы – няма аб чым зь імі гаварыць. Адбяры сваю мову – аддадуць сваё ўсё. Свае спрацаваныя, звыклыя да работы рукі, свае невялікія патрэбы, сваю ахайнасьць у банкаўскіх плацяжах, сваіх цягавітых і паслухмяных сыноў і дачок.

Беларусы – файны народ. Працуюць, маўчаць, многа не просяць, шчэ і парадак падтрымліваюць. Смаката. Найлепшай пракладкі паміж імпэрыяй і іншасьветам няможна і прыдумаць. Трэба толькі ўпэўніць іх, што яны – меншыя браты. Крый божа, не роўныя. На ўсіх роўных рэсурсаў не хопіць. От каб шчэ не выпендрываліся і не пісалі на нармальных «магазинах» нейкае глупства кшталту «крама», или как это у них там называется.

Няма чаго нам супрацьпаставіць ім, акрамя аднаго бясспрэчнага доказу: мы – ня вы, пакуль у нас ёсьць свая мова. Мова-мара, мова-абавязак, мова-бізнэс-плян, мова – жаданьне. Галоўны настаўнік сёньня ў нас – настаўнік беларускай мовы і літаратуры, бо гэта адзіны настаўнік, які расказвае нам пра нас, а не пра іх. Галоўнае вучэньне наша на сёньня – вучэньне свайму і дзеля свайго, бо чужое мы так-сяк ведаем, а сваё – вось-вось зьнікне.

І перапіс насамрэч – толькі маленькі крок на вялікім шляху да той дзяржавы, у якой мы ўсе марым жыць і марым гадаваць дзяцей. Адкройце беларускі перапісны ліст. Націсьніце ў адказах двойчы на беларускую. Успомніце, як называюцца мовай нашай зямлі ўсе нашы пладовыя дрэвы і ягадныя кусты. Пачніце вітацца дома па-свойму. Зараз такі час, калі кожны ваш маленькі ўчынак прарасьце і дасьць нечуваны плён.

Так, вынікі перапісу могуць быць небясьпечнымі. Тым больш моцнымі і ўпартымі павінны мы быць.

Почему белорусы не хотят пускать в дом переписчиков?

Последнее в рубрике