Баяліся «русского мира», а атрымалі кітайскі
09.02.2021

Баяліся «русского мира», а атрымалі кітайскі

У рэгіёне Еўразіі выбудоўваецца варонка цэнтрабежных сілаў у кірунку да розных полюсаў геастратэгічных уплываў. Да заходняга і кітайскага.

Аляксей Гайдукевіч піша на budzma.by пра тое, чаму рэпрэсіі ў Беларусі ёсць дэманстрацыяй лаяльнасці кітайскім таварышам

Гэта не цалкам варожыя цэнтры новай геапалітычнай рэальнасці. Захад і Кітай паспяхова гандлююць і супрацоўнічаюць, але гэта зусім не значыць, што не могуць узнікаць лакальныя канфлікты на перыферыі. Цяпер гэта і Данбас, і Карабах. Магчымыя і новыя канфлікты.

Расія, якая спрабуе балансаваць паміж Захадам і Кітаем, паспяхова гандлюе рэсурсамі з заходнімі краінамі. Нягледзячы на сталую крытыку і санкцыі з іх боку. Альбо камандна-адміністрацыйная група ў Беларусі, якая перманентна знаходзіцца ў канфлікце з Захадам, але, нягледзячы на ўсё большы ўплыў Кітая, кантактуе і з суседзямі з-за заходніх межаў, і з амерыканскімі ўладамі.

Усё большая залежнасць ад кітайскіх інвестыцый і перспектываў далейшага продажу тэрыторый і чалавечых рэсурсаў для забеспячэння функцыянавання транзіту тавараў з Кітая дыктуе перафарматаванне «стылю» кіраўніцтва падуладнымі народамі і землямі. Сённяшнія падзеі ў Беларусі і Расіі можна параўнаць з крывавымі кітайскімі на плошчы Цяньаньмэнь у Пекіне, дзе ў 1989 годзе было жорстка задушанае студэнцкае паўстанне. Менавіта пасля 1989-га, можна сказаць, наступіла новая рэчаіснасць у Кітаі. А кроў некалькіх тысяч ахвяраў на плошчы былі сімвалам ініцыяцыі і пераходу да новага часу.

Сістэмы ў Расіі і Беларусі падсвядома намагаюцца капіяваць кірункі падпарадкавання народаў у кітайцаў.

Каб прадэманстраваць лаяльнасць, адмежаванне ад Захаду, давесці цывілізацыйны выбар. Для элітаў у Кітаі жорсткасць і крывавая непахіснасць падчас прыняцця рашэнняў прадыктаваныя кірункамі ідэалагічнай місіі гістарычных памкненняў — пабудовы вялікай імперыі паміж Зямлёй і Небам, дзе імператар ёсць пасярэднікам паміж гэтымі стыхіямі. У адрозненне ад сваіх азіяцкіх таварышаў, камандна-адміністрацыйны апарат і ў Беларусі, і ў Расіі ўсё ж кіруецца адно прагай грошай і таннай славы без гістарычнага падмурку, насуперак волі народаў, што сягае на стагоддзі назад і ў будучыню. Гістарычны шлях Кітая, уся збудаваная сістэма, філасофія жыцця і ідэалогія прасякнутыя васальнай пабудовай грамадства. Ёсць «касты» амаль без сацыяльнай дыфузіі, якія адначасова існуюць паасобку, але рухаюць кітайскую цывілізацыю да сусветнага панавання, уніфікацыі светапоглядаў і моваў. Чалавечая адзінка нічога не вартая ў сістэме каардынатаў кітайца, яе задача — «займаць сваё месца».

Можна сказаць, што такая філасофія жыцця абумоўлівае апалітычнасць кітайскага грамадства, дзе кірункі развіцця ўзгадняюць «палітбюро» і ўсекітайскі партыйны сход зыходзячы з памкненняў тысячаў мінулых пакаленняў, а не з жаданняў натоўпу.

Кітайскі прымус не спрацуе ў Беларусі

Дэпалітызацыя грамадства — галоўная задача разгрому палітычных рухаў і партыяў, нават дваровых ініцыятываў у Расіі і Беларусі. Кожны павінен быць на сваім месцы і не імкнуцца ўплываць на вярхоўку адміністрацыйнай структуры. Сённяшнія падзеі — спроба перанесці кітайскую рэчаіснасць на нашы рэаліі. Свядома ці падсвядома — гэта не змяняе ходу падзеяў.

Але ва ўсёй гэтай, здаецца, маналітнай і жорсткай сістэме з кітаізаванай свядомасцю ёсць галоўная хіба. А менавіта адарванасць ад каранёў у спробе змяніць за пару дзясяткаў гадоў ментальнасць, якая выбудоўвалася ў народаў стагоддзямі. Усе мы ведаем з урокаў гісторыі і пра веча, і пра цэхавыя аб’яднанні рамеснікаў у гарадах. Беларусы заўжды імкнуліся супольна будаваць сваю будучыню, браць адказнасць і працаваць грамадою.

Намаганне трымаць сялянаў у статусе разумных жывёлаў насуперак развіццю гаспадаркі і прагрэсу прывяло да крывавых рэвалюцыяў у пачатку мінулага стагоддзя. Сёння грамадства і навакольныя краіны змяняюцца не менш кардынальна, чым 100 гадоў таму. Таму спробы накінуць кальку палітбюро кітайскай кампартыі на расійскае і беларускае палітычнае жыццё ў выглядзе дзяржрады і «народнага сходу» цалкам не адпавядаюць рэаліям. І могуць прывесці да трагедыяў у грамадствах, склад якіх з часоў СССР змяніўся.

Бо нягледзячы на тое, што нам намагаюцца давесці наконт захавання савецкага ўзроўню індустрыялізацыі, у Беларусі структура насельніцтва кардынальна змянілася. Паводле некаторых звестак, да 60% занятыя ў сферы паслуг. А гэта відавочная прыкмета постіндустрыяльнага грамадства. Добра гэта ці кепска — цалкам іншая гаворка. Але зразумела, што ў такіх супольнасцях, з адрознымі ад кітайскіх традыцыямі і менталітэтам, метады прымусу з мінулага стагоддзя не працуюць.

Спробы давесці лаяльнасць і прадэманстраваць кітайцам змену цывілізацыйнага выбару на ўсходні таксама выглядаюць марнымі.

Бо Кітай добра разумее штучнасць такіх памкненняў і фальш. А гістарычны досвед і ментальнасць вымушаюць кітайцаў ставіцца да варвараў, якімі ў іх вачах мы з’яўляемся, выключна меркантыльна. Калі трэба — выкарыстоўваць як разменную манету, насаджаць карупцыю, не задумвацца пра наступствы гаспадарчай дзейнасці на чужой зямлі, выціскаць рэсурс да апошняга.

Пакуль што камандна-адміністрацыйны апарат і ў Расіі, і ў Беларусі ставіцца да грамадзянаў і тэрыторый падобна. Не зважаючы на неабходнасць больш эфектыўнага выкарыстання дэмаграфічных і прыродных магчымасцяў.

Грамадзяне — гэта інструмент развіцця інавацыйнай эканомікі, заснаванай на сучасных тэхналогіях з вялікімі мэтамі і памкненнямі, а не толькі генератар грошай ад падаткаў і акцызаў на спіртавую і тытунёвую прадукцыю. Кожны год кансервацыі грамадства толькі ў якасці «працоўнай арміі» для забеспячэння працы іржавай нафтавай трубы аддаляе Беларусь ад мараў пра будучыню з фантастычных раманаў. І усё больш набліжае да статусу «малодшага брата» на перыферыі новай кітайскай імперыі і шэрай зоны кантрабанды і экалагічных катастрофаў.

Последнее в рубрике