Біў, біў ды забіў дзіця. Але хоць ня пʼе і ня курыць
28.05.2020
Наста Захарэвіч, Радыё Свабода

Біў, біў ды забіў дзіця. Але хоць ня пʼе і ня курыць

І зноў дзіця забілі ва ўласнай хаце. 22 траўня жанчына пайшла ў краму, пакінуўшы дзяцей з мужам. Калі вярнулася, зьбіты шасьцігадовы сын ляжаў непрытомны. Яна выклікала хуткую дапамогу, але рэанімацыя не дапамагла, і дзіця памерла. У злачынстве падазраюць айчыма, які, як паведамляецца, і раней біў хлопчыка і жонку.

Гэтая гісторыя і рэакцыя на яе даволі тыповыя — хатні тыран доўга зьдзекаваўся з родных, і аднойчы гэта скончылася сьмерцю аднаго зь іх. Біў, біў ды забіў. У камэнтарах на розных рэсурсах традыцыйна абвінавачваюць ва ўсім маці забітага хлопчыка, а сам злачынца паступова сыходзіць з фокусу ўвагі. Гэта традыцыйны падыход, у якім ідэальна сумяшчаюцца «ды што зь яго ўзяць» і «як яна магла!». Як ён мог зьбіваць жонку і дзяцей і навошта жыў зь людзьмі, якіх так ненавідзеў, — пытаньні быццам бы другасныя. Нашмат істотней навакольным абвінаваціць ва ўсім маці і падрабязна разабрацца ва ўсіх яе жыцьцёвых памылках.

У такіх дыскусіях не дапамагаюць ні адсылкі да тэматычных статыстык, ні камэнтары спэцыялістак, якія працуюць з пацярпелымі ад хатняга гвалту, ні інфармацыя, што жанчын хатнія тыраны часта забіваюць менавіта тады, калі разумеюць, што тыя зьбіраюцца сыходзіць. Страх аказацца аднойчы ў такой сытуацыі мацнейшы за лёгіку, і праз гэты страх людзі масава абвінавачваюць маці забітага хлопчыка. Калі б яны былі на яе месцы, яны б усё зрабілі ня так, яны б пры першых жа званочках выгналі такога мужа.

Як паказвае статыстыка, хутчэй за ўсё — не зрабілі б і ня выгналі.

Гэтая гісторыя не пра нейкіх страшных маргіналаў. Яна абсалютна тыповая — жанчына баіцца і цярпіць, дзеці баяцца і церпяць, суседзі робяць выгляд, што нічога не заўважаюць. Вось цытуюць некага з суседзяў:

«Увесь дом у шоку! Ніхто ня мог падумаць, што такое адбудзецца. Сям’я як сям’я. Яна, маці, цішэй вады, ніжэй травы​. Муж з жонкай не пілі, не курылі. Толькі адзінае, што яна пару разоў прыходзіла да брата скардзіцца, што ён яе б’е».

І гэтыя суседзі — ня нейкія дзікія зьвяры, адрозныя ад «цывілізаванага грамадзтва». Яны самыя звычайныя. Ды паўсюль такія суседзі! Б’е муж жонку ці ня б’е — гэта справа сямейная. Вось калі б яны п’яныя дэбошы ўчынялі або курылі на лесьвічнай клетцы, вось гэта была б праблема, зь якой трэба было б нешта рабіць.

І як у любой іншай гісторыі, была і тут неабыякавая суседка, якая чула раней крыкі з той кватэры і выклікала міліцыю. Разьвіцьцё сюжэту зь міліцыяй таксама было абсалютна тыповае — прыехалі, склалі пратакол, зрабілі папярэджаньне, зьехалі.

Гэтая трагедыя — не выпадковасьць, а лягічнае завяршэньне сытуацыі хатняга гвалту ва ўмовах беларускай сыстэмы. Гаворка і пра дзяржаўную, і пра сацыяльную сыстэму.

Калі для суседзяў істотней, што сусед ня курыць, чым тое, што ён б’е жонку і дзяцей, — гэта ненармальная сытуацыя. Той факт, што біць родных можна фактычна беспакарана — таксама ня норма. А перакідаць адказнасьць за злачынства на жанчыну, якая таксама доўга цярпела біцьцё ад гэтага ж мужчыны — жорстка і бесчалавечна. Але ўсё гэта вельмі звыкла і тыпова для Беларусі.

Калі кіраўнік дзяржавы заклікае біць дзяцей і адным выступам перакрэсьлівае шматгадовую працу па распрацоўцы закону супраць хатняга гвалту, інакш быць і ня можа.

Стрижак: «То, что сейчас происходит в Беларуси, говорит о большом озлоблении людей»

Последнее в рубрике