Апазыцыя будзе выключана зь любога транзыту ўлады ў Беларусі пад кантролем Масквы, — расейскі палітоляг
30.07.2021
Віталь Цыганкоў, Радыё Свабода

Апазыцыя будзе выключана зь любога транзыту ўлады ў Беларусі пад кантролем Масквы, — расейскі палітоляг

Максім Самарукаў, намесьнік галоўнага рэдактара Carnegie.ru, адказвае на пытаньне, што зьмяніла сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай і Джо Байдэна.

— Як бы вы ацанілі палітычны, ідэалягічны, мэдыйны эфэкт сустрэчы Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам? І якая можа быць рэакцыя на сустрэчу з боку Крамля?

— Я думаю, гэтая сустрэча заканчвае размовы, нібыта ў беларускага крызісу няма геапалітычнага вымярэньня. Беларуская апазыцыя выступала зь лёзунгам, што ў нас няма ніякага геапалітычнага парадку дня, што ў нас прэтэнзіі толькі да Лукашэнкі. Гэтыя размовы гучалі чым далей, тым меней пераканаўча — ня толькі з прычыны дзеяньняў беларускай апазыцыі, але і з прычыны дзеяньняў і Крамля, і самога Лукашэнкі.

І сустрэча Ціханоўскай з Байдэнам — гэта такая завяршальная кропка, пасьля якой ужо нельга гаварыць, што беларускі крызіс — гэта ўнутраная справа краіны, што ў яго няма геапалітычнага аспэкту. Відавочна, што ўсе вызначыліся са сваім выбарам, хто з кім.

Я ня думаю, што будзе нейкая рэакцыя Крамля, бо гэтую сустрэчу Крэмль успрымае як канчатковае пацьверджаньне таго, што Крэмль і так заўсёды думаў. Крэмль заўсёды ўспрымаў беларускую апазыцыю як празаходнюю, і вось нарэшце — «яны скінулі апошнія маскі і паказалі, хто на самой справе іхнія гаспадары». Так што гэтая сустрэчы ніяк ня зьменіць стаўленьня Крамля да беларускага крызісу.

— Але тут варта ўдакладніць... Ціханоўская і яе прадстаўнікі заўсёды заяўлялі, што шукаюць кантакты з Крамлём. Думаю, яна не была б супраць сустрэцца з Пуціным. Вазьмі сустрэнься зь Ціханоўскай і пераканайся, што яна зусім не такая празаходняя...

— Навошта Пуціну сустракацца зь Ціханоўскай? Ён адпачатку лічыў яе празаходняй. Яго ўспрыняцьце беларускага крызісу ідзе ў агульнай парадыгме ўспрыняцьця ўсіх постсавецкіх крызісаў. І Пуцін лічыць, што ён ужо дастаткова апякаўся на ўсіх гэтых нібыта ня надта празаходніх апазыцыянэрах, якім ён калісьці даваў шанец — як Міхэілу Саакашвілі, які прыйшоў да ўлады не без дапамогі Расеі.

Ён ужо дастаткова пабачыў апазыцыянэраў, якія кажуць, што яны ня супраць Расеі, а проста за дэмакратыю. Таму Пуцін упэўнены, што ведае, чым гэта скончыцца. І чарговы раз хадзіць гэтай сьцежкай ня хоча. Таму для Пуціна гэта чарговы прэцэдэнт, які ўпісваецца ў крамлёўскую схему ўспрыняцьця.

— То бок усе постсавецкія палітыкі, якія нічога не гавораць супраць Расеі, але выступаюць за дэмакратыю, ужо аўтаматычна становяцца ворагамі Крамля?

— Так аўтаматычна нельга лічыць. Армянскі прыклад паказвае, што Расея можа ўспрымаць і дэмакратычнага кандыдата. Проста калі ў краіне няма такой жалезабэтоннай прывязкі да Расеі (як у Армэніі), то давяраць апазыцыі, якая выступае за дэмакратызацыю, нельга. Бо так ці іначай краіна, якая знаходзіцца на лініі геапалітычнага разлому, будзе зацягнутая ў заходні лягер.

Вось пакуль у Беларусі ёсьць Аляксандар Рыгоравіч, ніхто Беларусь у заходні лягер не зацягне. А калі прыйдзе нехта іншы — гэтае пытаньне будзе для Захаду значна прасьцей вырашыць. Нават тыя апазыцыянэры, якія, магчыма, шчыра зараз кажуць, што нічога ня маюць супраць Расеі, — але рэальныя абставіны пасьля прыходу да ўлады будуць штурхаць іх да збліжэньня з Захадам.

Бо Расея так ці іначай не разьлічвае на тое, каб выйграваць свабодную канкурэнцыю з Захадам. Масква цудоўна разумее, што прывабнасьць Расеі ніжэйшая, чым Захаду. Таму яны ня хочуць даводзіць да свабоднай канкурэнцыі, яны імкнуцца стварыць такія прывязкі, калі свабодная канкурэнцыя з Захадам будзе немагчымая.

— Ці не разбурыла сустрэча Ціханоўскай з Байдэнам тыя кансьпіралягічныя тэорыі, што падчас сустрэчы прэзыдэнтаў ЗША і Расеі ў Жэнэве былі заключаныя пэўныя дамоўленасьці, паводле якіх ЗША ня будуць актыўна ўмешвацца ў беларускае пытаньне? Ці можна сказаць, што цяпер гэтая тэорыя адмірае і ЗША нічым не зьвязаныя перад Крамлём у беларускім пытаньні?

— У Крамлі гэта адназначна ўспрымаюць як некаторае парушэньне. Ня веру, што там былі нейкія канкрэтныя і дакладныя дамоўленасьці наконт гэтага, нейкія «сфэры ўплыву» і да таго падобнае. Але было адчуваньне, што ня трэба абвастраць нейкія балючыя пункты ў дачыненьнях. І сустрэча Ціханоўскай і Байдэна яўна ў гэтае разуменьне ня ўпісваецца.

І гэтая сустрэча — не адзіны такі чыньнік. Мы ўжо чулі, што ў Крамлі былі некалькі «расчараваныя», што яны чакалі больш дакладнага выкананьня таго, што было дасягнута ў Жэнэве.

Але ж у рэальнасьці гэта мала што зьменіць. І я ня думаю, што нейкая ўмоўная «разрадка» паміж ЗША і Расеяй заканчваецца і зноў будзе эскаляцыя. Не, але гэта пацьверджаньне таго, што паміж ЗША і Расеяй вельмі шмат супярэчнасьцяў.

— Але калі адказваць сымбалізмам на сымбалізм — нейкі адказ Крамля на сустрэчу Ціханоўскай і Байдэна можа быць?

— Я ня думаю, што Крэмль будзе шукаць нейкія сымэтрычныя ці асымэтрычныя спробы адказу. Пакуль мы маем толькі жарты прэс-сакратаркі МЗС Расеі Марыі Захаравай, якія ляжаць у рэчышчы «мы і так усё ведалі, і вось яны паказалі свой сапраўдны твар». Так што наўрад ці што зьменіцца ў прынцыповых паводзінах Крамля.

— Як вы заявілі на пачатку інтэрвію, беларускі крызіс усё больш становіцца прадметам міжнароднай палітыкі. І калі з пазыцыяй Крамля ўсё больш-менш зразумела, то што новага можа прадпрыняць Захад?

— Я думаю, што сама па сабе сустрэча не прывядзе да ўзмацненьня санкцыяў з боку Захаду. З пункту гледжаньня Белага дому, сама сустрэча ёсьць адной з формаў ціску на Менск і дэманструе ўдзел ЗША ў гэтым крызісе.

Можна канстатаваць, што гэтая частка беларускай апазыцыі будзе выключана зь любога варыянту транзыту ўлады ў Беларусі. Бо гэты транзыт будзе праходзіць пад кантролем Масквы, і Расея нікуды не адпусьціць Беларусь у гэтым сэнсе. Такія сустрэчы з Байдэнам канчаткова выключаюць магчымасьць гэтай часткі беларускай апазыцыі ўдзельнічаць у транзыце ўлады — Масква гэтага не дапусьціць.

Што да санкцыяў, то яны могуць быць уведзеныя, але ня ў выніку сустрэчы з Байдэнам, а хутчэй у адказ на нейкія чарговыя дзеяньні Лукашэнкі. Літоўскі мігранцкі крызіс, а не актыўнасьць беларускай апазыцыі на Захадзе, можа стаць чарговай нагодай для ўвядзеньня новых санкцыяў.

Последнее в рубрике