
5 «за» і 5 «супраць» паездкі Лукашэнкі на ўрачыстасьці ў Польшчу
1 верасьня ў Польшчы пройдуць урачыстасьці, прысьвечаныя пачатку Другой Усясьветнай вайны.
На іх запрошаны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, які ўжо даў згоду, і ня быў запрошаны прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.
Таксама Варшава запрасіла і кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку. Аднак польскае выданьне Rzeczpospolita, спасылаючыся на добра інфармаваную крыніцу ў Менску, паведаміла, што прэзыдэнт Беларусі адмовіўся прыехаць у Польшчу, бо не запрошаны Пуцін.
Якія былі аргумэнты «за» і «супраць» таго, каб беларускі лідэр прыняў польскае запрашэньне?
Аргумэнты, пра якія ідзецца далей — гэта аргумэнты, якія значныя для самога Лукашэнкі.
За: паездка — гэта
дэманстрацыя павагі да важнага суседа, прычым з нагоды, стаўленьне да якой у Менску і Варшавы блізкія
умацаваньне канцэпту пра Беларусь — пераможцу ў Другой Сусьветнай вайне
магчымасьць асабістага кантакту зь лідэрамі заходняга сьвету
дэманстрацыя самастойнасьці зьнешняй палітыкі Беларусі
дэманстрацыя беларусам, што беларускага прэзыдэнта прымаюць у «клюбе» ўсясьветных лідэраў
Супраць: паездка — гэта
асабісты выклік лідэру саюзнай дзяржавы, прэзыдэнту Пуціну, якога не запрасілі на цырымонію
нагода для расейскай прапаганды казаць, што Беларусь здраджвае Расеі
рызыка выклікаць незадавальненьне часткі беларускага насельніцтва з жорсткімі прарасейскімі поглядамі
ускоснае прызнаньне польскай трактоўкі пакта Молатава-Рыбэнтропа
рызыка, што кіраўнік Беларусі апынецца на цырымоніі на другіх ролях у параўнаньні з лідэрамі буйных дзяржаваў
Гэткі балянс «за» і «супраць» для Лукашэнкі, і выглядае, што «супраць» пераважылі.