5 варыянтаў, як абысьціся зь бюлетэнем, і іх наступствы
20.07.2020
Алесь Дашчынскі, фота: Удадзь Грыдзін, Радыё Свабода

5 варыянтаў, як абысьціся зь бюлетэнем, і іх наступствы

Што выбарнік можа рабіць зь бюлетэнем для галасаваньня на выбарах і якія будуць наступствы? У сеціве прапануюцца розныя варыянты пратэсту з выкарыстаньнем бюлетэняў. Свабода высьвятляла, што пра гэта думаюць ЦВК і незалежны экспэрт.

1. Сфатаграфаваць

У прававым аддзеле ЦВК карэспандэнту Свабоды паведамілі, што выбарнік можа сфатаграфаваць свой бюлетэнь у кабіне для галасаваньня:

«Калі яго апублікаваць у інтэрнэце ў дзень выбараў, то тут ёсьць элемэнт агітацыі, бо ты паказваеш свой выбар. Наступствы мне цяжка прагназаваць. Ідэнтыфікаваць такі бюлетэнь немагчыма, бо ён не пэрсанальны. Правы бок ты можаш сам вырабіць у фармаце А4 і паставіць нейкіх адзнак хоць дзьвесьце штук. Таму цяжка сказаць, для чаго гэта робіцца і хто прыдумляе такога пляну тэхналёгіі. Закон гэтых пытаньняў не рэгулюе».

Кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына сказала «Эўрарадыё», што ў Беларусі можна законна фатаграфаваць бюлетэні і рабіць сэлфі, але публікаваць іх законна толькі пасьля заканчэньня галасаваньня, то бок пасьля 20-й гадзіны 9 жніўня.

Палітоляг Юры Чавусаў кажа, што ў гэтай сытуацыі трэба адрозьніваць юрыдычныя доказы для аспрэчваньня выбараў і інфармацыйныя.

«Калі нейкі штаб кандыдата скажа, што мае 4 мільёны фатаздымкаў бюлетэняў з пэўнай адзнакай, то гэта палітычны доказ, доказ перамогі. Але юрыдычным доказам для аспрэчваньня выбараў наўрад ці можа быць. З другога боку, далучыць гэта да скаргі ў ЦВК кандыдат можа».

2. Паказаць запоўнены бюлетэнь назіральнікам, перад тым як апусьціць у скрыню

«Паказаць назіральнікам нельга. Наогул, назіральнікі глядзяць за працэдурай галасаваньня. Ён паказаў назіральнікам, і што? Назіральнікі што будуць з гэтым рабіць? Яны не фіксуюць працэдуры галасаваньня, а фіксуюць парушэньні. І вось нейкі назіральнік возьме і зафіксуе парушэньне, што чалавек абнародаваў свой выбар. Гэта не рэгулюецца законам. Але калі такія выпадкі будуць паўтарацца, то ЦВК будзе даваць тлумачэньні», — сказалі ў ЦВК.

«Гэта можа прывесьці да выдаленьня назіральнікаў з участку. Цяпер назіральніка выдаляюць за самыя розныя правіны. Сярод іншага, яму забаронена рабіць апытаньні выбарнікаў. У якасьці масавай кампаніі гэта ня пройдзе. Да таго ж разьмяшчаюць назіральнікаў так, каб шлях выбарніка ад кабіны да скрыні праходзіў на аддаленьні ад іх», — кажа Юры Чавусаў.

3. Вынесьці бюлетэнь з участку

«Такога чалавека ніхто ня будзе даганяць. Але тады пытаньне: навошта ён прыходзіў, калі ня хоча галасаваць? Калі заўважаць, то яго могуць спыніць. Спытаюць: а што вы будзеце зь ім рабіць? Але біцца зь ім і вырываць бюлетэнь з рук ніхто ня будзе. У нас нейкай адказнасьці за гэта не прадугледжана», — сказалі ў ЦВК.

«Вынас бюлетэня выбарчыя камісіі пачалі трактаваць як парушэньне выбарчага заканадаўства. Прымусіць выбарніка кінуць бюлетэнь у скрыню нельга, але можна пакараць. Але я не кажу, што гэта гарантаваная практыка. Юрыдычнага сэнсу ў вынасе няма ніякага. Вынесены бюлетэнь азначае, што выбарнік не прагаласаваў, гэта тое самае, што байкот. Колькасьць тых, хто прыняў удзел у галасаваньні, вызначаецца па колькасьці бюлетэняў, знойдзеных у скрыні», — кажа Юры Чавусаў.

«Вынікі галасаваньня вызначаюцца па тых бюлетэнях, якія знаходзяцца ў скрыні для галасаваньня. То бок можа быць выдадзена больш, а ў скрыні будзе меней. Такое бывае часта. Тут няма нічога новага. Галасы вызначаюцца не па выдадзеных бюлетэнях, а па тых, дзе выказана волевыяўленьне», — сказалі ў ЦВК.

4. Зрабіць бюлетэнь несапраўдным

«Несапраўдным лічыцца бюлетэнь, дзе няма адзнакі, дзе немагчыма вызначыць волю выбарніка. Альбо калі ёсьць нейкія іншыя сумневы, то тады камісія галасуе падчас падліку бюлетэняў. Калі, напрыклад, там будзе нейкае староньняе слова ці дапісанае імя Дональда Трампа, то камісія прагаласуе і вырашыць, ці палічыць гэта адзнакай. Тут фантазія бязьмежная. Несапраўдныя бюлетэні ўлічваюцца пры вызначэньні колькасьці выбарнікаў, якія прынялі ўдзел у галасаваньні».

Уладзімер Някляеў на выбарах 2010 году перад журналістамі выкрасьліў на бюлетэні імя Аляксандра Лукашэнкі і напісаў «Новыя выбары без Лукашэнкі». Свайго бюлетэня ён ня ўкінуў у скрыню.

У 2015 годзе ЦВК патлумачыла, якія бюлетэні прызнаюцца несапраўднымі:

калі знак пастаўлены больш чым у адным квадраце;

калі знак не пастаўлены ў ніводным з квадратаў;

калі бюлетэнь мае неўстаноўлены ўзор (адрозьніваецца памерам, колерам, якасьцю паперы, друкарскім шрыфтам);

калі на адваротным баку адсутнічаюць подпісы сяброў участковай камісіі (ня менш за два подпісы).

«Несапраўдны бюлетэнь — гэта той, які знойдзены ў скрыні пры падліку галасоў і з прычынаў, вызначаных у кодэксе, ня можа лічыцца за таго ці іншага кандыдата ці за кандыдата „супраць усіх“. Звычайна такіх бюлетэняў бывае даволі шмат. Да канстатацыі юрыдычнай несапраўднасьці выбараў гэта ніколі не прыводзіла», — кажа Юры Чавусаў.

5. Прагаласаваць супраць усіх

«У адрозьненьне ад заклікаў да байкоту, заклікаў псаваць бюлетэні ці іншых, агітацыя за галасаваньне супраць усіх законная. Зрабіць сход выбарцаў ці мітынг на вызначаных пляцоўках за байкот — нельга, гэта забаронена. А вось зрабіць мітынг і агітаваць супраць усіх — абсалютна законна», — сказаў Юры Чавусаў.

Такія бюлетэні таксама ўлічваюцца пры падліку яўкі выбарнікаў. Колькасьць тых, хто прагаласаваў супраць усіх, уплывае на вынікі выбараў.

«Пераможца на выбарах павінен набраць больш за 50% галасоў выбарнікаў, якія прынялі ўдзел у выбарах. Калі 50% прагаласавала супраць усіх, то ясна, што пераможцы тады ня будзе. Але тады можа быць прызначаны другі тур, і калі там ужо „супраць усіх“ будзе пераможцам, то прызначаюцца паўторныя выбары».

Последнее в рубрике